Дзённік настаўніцы. 23-24 кастрычніка

Ганна Севярынец
24.10.2023

Неяк так падгадаў мой братка, каб ягоная віншавальная паштоўка, "што сястры на волю піша брат", прыйшла акурат у дзень народзінаў.

Там верш.

Сястры Ганне

Ён не сказаў, што будзе лёгка,

Ён абяцаўся быць з табой,

І Ён заўсёды недалёка:

Захочаш – і ўбачыць вока,

Паверыш – і кранеш рукой.

Ён не сказаў: "Папросіш цуду –

Зраблю табе, як фокус, цуд".

Я проста буду. Побач буду.

Забудзеш ты – я не забуду.

Ты ў брудзе – я з табой у бруд.

Ты плачаш? Ён з табою плача.

Смяешся? – Смешна і Яму.

Ён не дае табе задачаў,

Не прымушае жыць іначай,

Што хоча Ён? Цябе саму.

Схаваўся ў віне ды хлебе,

Ў тваёй душы – і угары.

З табою – у любой  патрэбе:

Ты хочаш вечна жыць на небе?

Я заплаціў. Тваё. Бяры.

Калі адчыненая дзверца –

Ён прывядзе ў твой пакой

Анёлаў і адзінаверцаў,

Як толькі адгукнецца сэрца

На ціхі шэпт: "Ідзі за мной".

 

12.10.23

Гародня

Твой брат

 

Муж і дзеці падарылі мне сёння кедр. Сажанец сібірскага кедра пяцігадовага ўзросту. Арэшкі на ім з'явяцца праз 80 гадоў,  а свайго максімальнага памеру ён дасягне гадоў праз дзвесце. Разважаючы над тым, куды яго пасадзіць, я ў тым ліку спрабавала ўлічыць магчымыя будоўлі побач, электрычныя  правады і астатнія акалічнасці, але адкуль нам ведаць, ці будуць увогуле праз дзвесце год дахі і правадная электрычнасць.

Калі вы не ведаеце, як пашырыць межы свайго паўсядзённага планавання, набывайце кедр)

Здаецца, у мяне з'явілася побач істота, якая дакладна дажыве да лепшых часоў.