Сцэнар да ДНЯ МАЦІ

Складзены Вайтовіч Аленай 
Мэта: выхаваць у навучэнцаў светлае пачуццё любові і павагі да жанчыны, маці, удасканальваць маральна-этычную культуру дзяцей, развіваць творчасць і ініцыятыву вучняў, садзейнічаць праяўленню індывідуальнасці кожнага дзіцяці.  
Гукавыя файлы можна выкарыстоўваць і для караоке – плэера 
Спампаваць гукавы файл 'Маці'

Спампаваць гукавы файл 'Матуліны рукі'

Ход імпрэзы

1 вяд.
Мама, мамачка, матуля…- наймілагучнейшыя, найдаражэйшыя словы на свеце. Што можа быць больш святым, чым імя маці? Для любога з нас: дзіцяці, падлетка, юнака, пасівелага дарослага – маці – самы родны, самы дарагі чалавек на зямлі, які даў нам жыццё.

2 вяд.
Таму вельмі правільна і справядліва, што ў Беларусі, як і ў шмат якіх іншых краінах свету, з 1996 году дзень 14 кастрычніка зацверджаны як Дзень маці.

1 вяд.
Дзень маці супадае з вялікім народным і царкоўным святам Пакроваў. Як тлумачыць праваслаўная царква, Пакровы – пакрывала Божай маці, якая абараніла людзей ад бяды…

2вяд.
І нашыя маці гатовыя на самыя неверагодныя ахвяры дзеля шчасця сваіх дзяцей. Маці не проста любіць сваё дзіця, слабое і дужае, прыгожае і не прыгожае, спакойнае і крыклівае, маці разумее яго ў шчасці і ў горы, ў смутку і радасці, калі жыццё жорстка абыходзіцца з ім. А зараз паслухайце верш “Мамачка”

Мамачка, матулечка
Так радасна з табой!
Самая ласкавая,
Люблю я голас твой.
Сонейка маё.
Зорачка мая!
Песеньку табе
Праспяваю я.
Мамачка, матулечка,
Так весела з табой!
Свята мне прыносіш ты 
Усмешкай маладой.
Сонейка маё,
Зорачка мая!
Кветачку табе
Намалюю я.

1 вяд.
Маці – працаўніца, маці – карміліца. Маці – заступніца. У цяжкія хвіліны сагравае промнямі сваёй любові, свеціць, калі цёмна, грэе, калі холадна, аддае апошні кавалак, калі голадна, закрывае грудзьмі, калі насцігае смяротная небяспека. Гучыць песня “Маці” .

2 вяд.
Ад растання сум, ад растання баліць сэрца маці. У народзе гавораць: “Што больш мяккае, чым пух?- сэрца маці, што больш цвёрдае чым камень?- сэрца маці” а таксама ў маці самыя ласкавыя рукі, якія ўмеюць усё.
Гучыць песня “Матуліны рукі”
Гучыць верш “Свята мам”
Сёння свята нашых мам.
Прыйдуць мамы ў госці к нам
Мы ўсім класам іх чакалі,
Падарункі рыхтавалі.
Хто карціну маляваў,
Хто хусціну вышываў,
Кожнай маме – падарунак,
Кожнай маме – пацалунак.
Павіншуем жа сваіх Мам любімых дарагіх.
Дружна песню заспяваем,
Дружна шчасця пажадаем.

Конкурс з шарыкамі
Хлопчыкам раздаюцца надзьмутыя шарыкі, на якіх яны павінны намаляваць прыгожы твар дзяўчынкі, у каго як атрымаецца, і завязаць на яго хустачку. У каго хутчэй атрымаецца, той і пераможца конкурсу.

Конкурс “Прыбяры хутчэй сяброўку”
На сцэну запрашаюцца пары, хлопчыкі з дзяўчатамі. Хлопцам даецца розная жаночая вопратка і яны павінны адзець кожны сваю дзяўчыну. Хто хутчэй і прыгажэй апрране, тая пара і перамагае.