Internet у дапамогу настаўніку: www.postcrossing.com

Ідэя праекта даволі простая: зарэгістраваны карыстальнік праз сайт атрымоўвае выпадковы паштовы адрас і дасылае на яго паштоўку са сваёй краіны. Калі Вы даслалі паштоўку, тады праз нейкі час абавязкова атрымаеце паштоўку ад іншага ўдзельніка. Абіранне адрасоў адбываецца выпадковым шляхам, таму вы ніколі не можаце прадказаць, каму і ў якую краіну Вы будзеце дасылаць паштоўку, і ад каго і з якой краіны атрымаеце.

Калі Вы і Вашыя вучні зацікавіліся гэтай ідэяй, тады ў першую чаргу вам неабходна зарэгістравацца. Вы можаце зарэгістраваць увесь клас пад адным карыстальнікам, разбіць клас на групы ці даць магчымасць вучням зарэгістравацца асабіста.
Пасля рэгістрацыі запоўніце інфармацыю пра сябе “About me”. Калі ад імя дадзенага карыстальніка будзе пісаць увесь клас, тады варта ў гэтым месцы пазначыць што вы з’яўляецеся групай, расказаць пра сябе, напісаць пра вашы інтарэсы, што б вы хацелі даведацца пра іншыя краіны ці чалавека, які яе даслаў. Гэты радок дапаможа іншым карыстальнікам, якім выпадзе Ваш адрас, напісаць паштоўку больш змястоўна і прыемна для вас. Вы можаце пастаянна дапаўняць і змяняць інфармацыю пра сябе. Калі ў вучняў ёсць жаданне завесці сяброў па перапісцы, напішыце пра гэта ў раздзеле “About me”. Карыстальнікамі postcrossing з’яўляюцца людзі розных узроставых групаў і нацыянальнасцей, таму цалкам верагодна, што ў хуткім часе знойдуцца аднагодкі, якія захочуць наладзіць сяброўства па перапісцы.

Настаўнік можа быць куратарам гэтай перапіскі і кіраваць профілем класа. На яго хатні адрас ці на адрас школы можна дасылаць лісты. А ў класе можна аформіць сценку атрыманых паштовак.

Спачатку дазваляецца даслаць 5 паштовак. Калі вашыя паштоўкі дайшлі і вы атрымалі 5 паштовак ад невядомых адрасатаў, тады адкрываюцца наступныя новыя адрасы для новых паштовак. Чым больш паштовак Вы дасылаеце, тым болей з’яўляецца адрасоў для новых паштовак.

Профіль карыстальніка адлюстроўвае ўсе дасланыя і атрыманыя паштоўкі. Вы можаце адсочваць, калі была дасланая паштоўка, у якую краіну і колькі яна ішла. А калі паштоўка прыйшла, яе неабходна зарэгістраваць на сайце, пры гэтым ёсць магчымасць пакінуць прыватнае паведамленне адрасанту. Пры жаданні можна выкладаць электронны варыянт адасланых і атрыманых паштовак (сфатаграфаваць ці адсканаваць).

Мова праекта – англійская.

Выдаткі ідуць толькі на набыццё паштовак, марак і Інтэрнэт.

Гэтая ідэя дапаможа не толькі павысіць матывацыю вывучэння замежнай мовы, засваення навыкаў пісьмовага маўлення ў рэальнай сітуацыі, але і зрабіць навучальны працэс захапляльным і карысным.



Падрыхтавала Ганна Краснова