Мовай тваёй жыву!

Міхась Булавацкі

23 школьнікі розных класаў з розных гарадоў і вёсак сядзяць ва ўніверсітэцкай аўдыторыі, думаюць і нешта пішуць. Што адбываецца? – Ідзе працэс «беларусізацыі».
Гэтыя школьнікі сабраліся на «Беларускае пяціборства». Яны маюць высокія адзнакі па беларускай мове і звыклі лічыць, што гэтай мовай больш-менш прыстойна валодаюць. Ім прапануецца развязаць нескладаную матэматычную задачу і адказаць на пытанні з фізікі. І раптам (!) яны ўсведамляюць, што для выказвання сваіх думак у іх не хапае слоў. Яны проста не ведаюць, як назваць сваёй мовай той ці іншы панятак з матэматыкі-фізікі. Не ведаюць таму, што ім пра гэта настаўнікі не казалі.
Школьнікі не вінны ў сваім няведанні. Тады хто?