Транзіт Венеры па дыску Сонца

Ігар Сасімовіч, Глыбокае

Раніцай 6 чэрвеня 2012 г. пры ўмове яснага неба адразу пасля ўсходу Сонца на яго дыску можна будзе заўважыць маленькую чорную плямку. Гэта будзе павернутая да нас цёмным бокам планета Венера. Яна на працягу амаль 8-мі гадзін будзе перасякаць дыск Сонца. У Беларусі можна будзе бачыць толькі другую палову гэтай рэдкай з’явы: ад узыходу Сонца (каля 5 гадзін раніцы) і да сыходу Венеры з дыска Сонца (каля 8 гадзін раніцы). Мінулы раз такое адбывалася 8 год назад (чэрвень 2004 года). А наступнага транзіта давядзецца чакаць ажно 105 з паловай гадоў – ён адбудзецца толькі ў 2117 годзе.