У сеціве з’явіўся ў добрай якасці фільм «У тумане», зняты рэжысёрам Сяргеем Лазніцам паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава. Стужка ўдзельнічала ў асноўнай конкурснай праграме 65-га Канскага кінафестывалю, дзе была ганаравана спецыяльным прызам.
Беларусь. 1942. Разгар фашысцкай акупацыі і партызанскай вайны. Недалёка ад хутара, дзе жыве чыгуначны абходчык Сушчэня, узарваны цягнік. Невінаватага Сушчэню арыштоўваюць разам з групай дыверсантаў, але не караюць смерцю, а адпускаюць на волю. Разносіцца чутка, што Сушчэня – калабарацыяніст, і партызаны Бураў і Войцік прыязджаюць забіць здрадніка...