Фрагмент урока геаграфіі ў 9 класе
Тэма: Эканамічная сістэма дзяржавы.
Рыначная і дзяржаўная сістэмы ўласнасці.
Аўтар распрацоўкі – Галіна Дрокіна, настаўніца геаграфіі гімназіі №1 Маладзечна.
Падрыхтоўка да ўрока. Для правядзення ўрока патрабуецца вялікі аркуш паперы фармату А1, набор дробных прадметаў. Правядзенне. У цэнтры пакоя ставіцца стол, на які кладзецца вялікі аркуш паперы. “Уявіце сабе, што гэта акіян”, – кажа настаўнік. Запрашаюцца 4 добраахвотнікі, якія выступаюць у ролі рыбакоў.
На стол кладуцца розныя дробныя прадметы, напрыклад гузікі, цукеркі, сашчэпкі, шышкі – гэта рыбы розных відаў, што жывуць у акіяне. Па камандзе настаўніка пачынаецца рыбалка. Звычайна, рыбакі вылоўліваюць з акіяну амаль усю рыбу. Настаўнік просіць кожнага растлумачыць свае дзеянні. Напрыклад, першы ўдзельнік лавіў рыбу дзеля цікавасці, другі – дзеля колькасці, трэці – любіць есці рыбу, чацвёрты – падабаецца працэс лоўлі. Пасля тлумачэнняў рыбу выпускаюць назад у акіян. Настаўнік не дае ніякіх каментарыяў.
Ён дзеліць тэрыторыю акіяна з дапамогай маркера на 4 роўныя часткі і абвяшчае, што кожны гулец мае зараз прыватную ўласнасць. Па камандзе зноў пачынаецца рыбалка. У гэты раз сітуацыя змяняецца: хтосьці хутка ловіць рыбу на сваёй тэрыторыі, потым пачынае частку адпускаць. Хтосьці пачынае лавіць у суседзяў. Праз некаторы час удзельнікі разгубіліся і не ведалі, што рабіць далей. Яны пачалі вяртаць рыбу назад. У выніку кожны вылавіў усяго па некалькі рыбак са свайго басейна. Настаўнік папрасіў удзельнікаў растлумачыць іх дзеянні.
Першы ўдзельнік сказаў, што вылавіў некалькі рыбак для селекцыі, другі – не лавіў, пакінуў на развод, трэці – вылавіў найменшых на продаж, а чацвёрты – вылавіў некалькі рыбак для ежы. Каментар настаўніка: такім чынам, мы бачым, як змяняюцца адносіны людзей да ўласнасці, калі яна не агульная, а прыватная. Адсюль вынікаюць тэзісы, якія ляжаць у аснове рыначнай эканомікі:
- Кожны выбар мае цану.
- Вынікі нашага выбару знаходзяцца ў будучыні.
- Усе людзі эканомяць.
- Добраахвотны абмен садзейнічае ўзбагачэнню абодвух бакоў.
- Эканамічная сістэма ўплывае на выбар.
Настаўнік прапануе пракаментаваць гэтыя тэзісы. Настаўнік просіць параўнаць дзве эканамічныя сістэмы – рыначную эканоміку і дзяржаўную. Гульня дапамагае дзецям зрабіць высновы, прааналізаваць эканамічныя сістэмы, убачыць іх перавагі і недахопы.