Сёлета я выпусціў 11 клас – развітаўся як настаўнік з дзецьмі, з якімі 7 год быў разам як класны кіраўнік. Здаецца, толькі нядаўна пераступіў парогі гімназіі як малады спецыяліст, атрымаў класнае кіраўніцтва ў 5 “Б” класе, спазнаў першую радасць зносін з дзецьмі і сутыкнуўся з першымі цяжкасцямі, а вось ужо мінуліся апошні званок і выпускны вечар, вось ужо мы разам сустрэлі світанне і - развіталіся… З кімсьці, магчыма, назаўджы…
Як дні складваюцца ў месяцы, а месяцы ў гады, так і я рос разам з дзецьмі: пачаў зусім нявопытным маладым настаўнікам разам з пяцікласнікамі, а скончыў, даруйце мне маю нясціпласць, пераможцам абласнога этапа конкурса “Настаўнік года”. І як прыемна адзначыць, што разам са мной раслі мае вучні: і раслі не толькі фізіялагічна, але перадусім сталелі псіхалагічна, фарміраваліся як асобы, як грамадзяне, як патрыёты сваёй Бацькаўшчыны.
Я з гонарам магу згадаць дасягненні маіх вучняў, у якіх ёсць і мой унёсак: гэта і перамогі на гарадскіх і абласных алімпіядах, у конкурсах даследчых работ і конкурсе школьных каманд “Што я ведаю пра Еўропу?”, і перамога ў рэспубліканскім конкурсе дзіцячых СМІ “Свежы вецер-2013”…
Нельга не згадаць і шматлікія школьныя святы і мерыпремствы, падчас якіх мы працавалі як адно цэлае, што дазволіла нам урэшце стаць адной вялікай сям’ёй. Гэта і Калядкі, і навагоднія ранішнікі, і лінейка, і, нарэшце, апошні званок…
А колькі мы аб’ездзілі разам! Гэта і Берасце, і Гародня, і Жлобін з Рагачовам, і Пецярбург з Кракавам, і Кіеў са Львовам…
Цяпер усё гэта ў мінулым, але ж памяць пра гэтыя гады жыве ў нашых душах, у нашых сэрцах. Жыве памяць, а разам з ёй – любоў і павага да роднай мовы і літаратуры, да здаровага ладу жыцця, захапленне вандроўкамі і патрыятызм: “Patria nostrаm amare et defendere debemus” – чыталі мы разам з вучнямі ў апавяданні Янкі Брыля “Настаўнік чарчэння” – “Радзіму сваю любім і абараняць павінны”.
Я веру, што ўрокі беларускай мовы і літаратуры, шматлікія пазакласныя мерапрыемствы дапамогуць маім вучням стаць сапраўднымі грамадзянамі і патрыётамі нашай краіны, стануць урокамі жыцця, якія дапамогуць юнакам і дзяўчатам, як пісаў паэт, “Дрэннаму – не пакарыцца, Добрае – не празяваць, З дробнай хлуснёй не мірыцца, З буйнай хлуснёй ваяваць”. Няхай Вам шчасціць у жыцці, мае выпускнікі!!!