Чаму наша дзяржава баіцца адукацыі?

Тамара Мацкевіч
06.09.2018
1 верасня павінен быў адбыцца адукацыйны пікнік у цэнтры Мінска - такое сямейнае свята з нагоды пачатку навучальнага года: з конкурсамі, гульнямі, прызамі і размовамі пра адукацыю. Аднак яго забаранілі. Не пікет, а пікнік! Яўгенія Пастэрнак апублікавала свой выдатны тэкст пра праблемы падлеткаў, які яна рыхтавала для пікніка. Я вырашыла далучацца да яе і друкую свае думкі пра альтэрнатыўную адукацыю ў Беларусі. Такую, якая дазволіць  пакаленню Z пабудаваць краіну без забаронаў, дзяржаву, якая не баіцца адукацыі
 
Адукацыйны пікнік. Спроба № 2
 
Крызіс адукацыі і страшны сон чыноўнікаў
 
Мой пляменнік сур’ёзна збіраўся сыходзіць з 3-га курса БДУ. Казаў, што ўніверсітэцкія заняткі адымаюць шмат часу. Ён чакаў канікул, каб засяродзіцца на… вучобе: глядзеў відэалекцыі, браў курсы амерыканскіх універсітэтаў на Coursera, сядзеў у прафесійных чатах…
Ірына Дубянецкая кажа, што не толькі наша, але і ўся адукацыя ў свеце перажывае крызіс, звязаны з шалёным развіццём інфармацыйных тэхналогій. Новы свет патрабуе новай адукацыі. І пакуль ніхто не ведае, якой яна будзе. Адназначна не такой, як цяпер. І выйграе той, хто цяпер эксперыментуе, а не кансервуе: шукае альтэрнатывы ў змесце, методыках, узаемаадносінах.
Але беларуская ўлада баіцца зменаў, а яшчэ больш баіцца адукаваных людзей, разумнага маладога пакалення, моцных абітурыентаў у педагагічных ВНУ. Чыноўнікі з апошніх сіл трымаюць нас у савецкай каляіне. Мы - апошняя краіна сярод суседзяў, якая не зрабіла рэформы адукацыі. З кожным годам адчуваем, як ўсе змены "зверху" толькі пагаршаюць сітуацыю. Чаму такое адбываецца? Каму гэта выгадна? Ці маем мы альтэрнатыву? 
 
Альтэрнатыўнай адукацыі ў Беларусі няма.
 
Ну ці амаль няма.
Калі праводзіць аналогіі з альтэрнатыўнай службай у арміі (гэта такая служба, калі ты не падпарадкоўваешся вайсковым статутам, не страляеш, не маршыруеш).
Альтэрнатыўная – гэта адукацыя паводле альтэрнатыўных праграм, з альтэрнатыўнымі мэтамі.
Прыватныя школы, рэпетытары, нават хатняе навучанне – усё гэта падпарадкоўваецца састарэлым праграмам, патрабаванням ЦТ. Такая адукацыя – аднабокая. Яна не выпраўляе хібы, а дзейнічае ў зададзеным дзяржавай трэндзе. Нават выпускнікі Коласаўскага ліцэю здаюць экстэрнат. Гэта не альтэрнатыўная адукацыя. Якасць яе нізкая, і ўсіх першакурснікаў Беларусі чакае шок. У гэтым нельга абвінавачваць рэпетытараў. Гэта замова бацькоў і вучняў: яны хочуць здаць ЦТ - нават не атрымаць веды і ўменні для далейшай вучобы ў ВНУ. 
 
Альтэрнатыўная адукацыя павінна выпраўляць сістэму. Даваць дзецям хаця б базавыя кампетэнцыі, у тым ліку – актыўную каштоўнасную пазіцыю (attitudes) – гэта тое, што адрознівае цяперашнюю беларускую адукацыю ад сучаснай.
Іншыя асяродкі, якія называюць сябе адукацыйнымі, разглядаюць адукацыю як хобі або як бізнес. Яны не могуць справакаваць якасныя змены ў адукацыйным полі праз  самацэнзуру, нямасавасць  і іншыя прычыны.
Адукацыя – гэта не сфера паслуг, а сродак развіцця асобы, пабудовы грамадзянскай супольнасці, умацавання эканомікі і незалежнасці краіны. Але любая арганізацыя ці ініцыятыва, якая разглядае адукацыю такім чынам, адразу сустракае сур’ёзны супраціў.
 
Гарызанталь працуе лепш за вертыкаль
 
Цэнтралізацыя ўлады, імкненне дзяржавы манапалізаваць адукацыю, пазбаўленне бацькоў і грамадства кантролю над ёй дае свае сумныя вынікі. Усё жывое, што робіцца, – робіцца грамадствам насуперак адукацыйнай вертыкалі, дакладна – перпендыкулярна ёй. Гарызанталь працуе на ўсіх узроўнях, і змены ў адукацыі ўсё ж адбываюцца.
Прыкладам, настаўнікі шмат год самастойна асвойваюць новыя методыкі, якія, у адрозненні ад традыцыйных, дазваляюць развіваць у вучняў навыкі ХХІ стагоддзя. Настаўнікі ўзаемна навучаюць адзін аднаго, вядуць курсы, робяць пляцоўкі для МООС – масавага онлайн-навучання. Іх да гэтага ніхто не прымушае, іх праца не аплочваецца, але сетка гэтых педагогаў-энтузіястаў расце. Іх матывацыя – прафесійная самарэалізацыя. Іх за гэта паважаюць калегі, таму і далучаюцца да агульнай справы. Мне здаецца, што больш шукае альтэрнатывы фармальная адукацыя, чым нефармальная. І гэта дае надзею.
Альтэрнатыва афіцыйнай сістэме адукацыі – гэта самаадукацыя, паралельная школа, сеткавыя структуры, грамадскія аб'яднанні, школы, садкі, створаныя групамі бацькоў. Гэтыя кірункі будуць расці, аднак ці будуць дастатковымі – невядома.
Людзі не спадзяюцца на школу як крыніцу ведаў, але пакуль масава не забіраюць адтуль дзяцей. Мой пляменнік не пакінуў універсітэт з-за чароўнага слова «армія».
У бліжэйшы час дзяржава працягне забяспечваць масавасць сваіх адукацыйных устаноў прымусовага ўтрымання з дапамогай трох інструментаў: усенавуч, войска і Дэкрэт № 18.
 
Грамадства рэзка паразумнее, і альтэрнатыва з’явіцца
 
Цікава назіраць за працэсамі, якія адбываюцца ў адукацыі і каля яе. Інфантыльнасць нашага грамадства сыходзіць вельмі хутка. Людзі як сляпыя кацяняты адкрываюць вочы і бачаць рэчы такімі, як яны ёсць, бо ў інфармацыйным свеце схавацца цяжка. (Як кажуць амерыканцы, добра, што ў Трампа ёсць твітэр). Таму хутка спыняцца адукацыйныя канцэрты: «чосы» дзядуляў Аманашвілі ды Дзімаў Зіцэраў і іншых "місіянераў" з усходу – гэта не адукацыя, а паразітаванне на закрытасці нашай краіны, недаступнасці сапраўды вартых крыніц з-за моўнага бар’еру. Магчыма, пад выглядам экспертаў пачнуць ездзіць заходнія тусоўшчыкі, але і гэта ненадоўга.
 
Я падпісалася на твітэр Хутарскога, набыла яго кнігі. Менавіта яго ідэі імкнецца ўкласці цяпер наш НІА ў разуменне кампетэнцый. Але хто пачытаў хоць адзін сучасны дакумент пра кампетэнтнасны падыход, зразумее, што сваіх ідэй у Хутарскога мала. Тое што ён напрыдумляў, – бессэнсоўнае жангліраванне тэміналогіяй, характэрнае для шматлікіх расійскіх псеўданавукоўцаў. І наогул, артыкулы і пасты ў сацыяльных сетках гэтага педагога выглядаюць дзіўна. Прыкладам, ён склаў спіс знакамітых педагогаў Расійскай імперыі, СССР і сучаснай Расіі. Там сярод 150 чалавек не знайшлося месца Выгоцкаму, Зінчанку, Эльконіну, Давыдаву. Затое ёсць Крупская, Пётр І, Шчадравіцкі і, вядома ж, сам сціплы складальнік рэйтынгу. Інфармацыйнае грамадства хутка дазваляе пабачыць, што «кароль голы», выяўляе «мыльныя бурбалкі» сярод былых аўтарытэтаў. І хто здолее ўключыць крытычнае мысленне і не патануць у моры інфармацыі, знойдзе альтэрнатыву.
 
Інфармацыйнае грамадства разбурае табу
 
Раней было прынята маўчаць пра ідэалогію рускага міру – імкненне зноў загнаць у імперыю ўцеклых рабоў. Цяпер пра панаванне гэтай ідэалогіі ў школах не гаворыць хіба што лянівы, яе «скрэпы» тырчаць з піянерскіх-камсамольскіх арганізацый, «інавацыйных» пляцовак па духоўнасці і патрыятызму, пропаведзяў РПЦ-шных папоў і псеўдаакадэмікаў базарных, канферэнцый і конкурсаў пад эгідай "Россотрудничества" і трыбун для педагогаў, якія даюць прапагандысцкія "спутнікі". Беларускія падручнікі наогул змяшчаюць адкрытую прапаганду і фэйкі з мэтай закласці «правільную карціну свету» ў дзіцячыя галовы.
Усё, што трэба ведаць пра Радзіму, асабліва пра ХХ стагоддзе. Старонкі з падручніка "Мая Радзіма - Беларусь", 4 кл., 2018 г. выдання.
 
 

Фота з сацыяльных сетак. Бацькі дзеляцца сваімі шокавымі ўражаннямі ад зместу падручнікаў. 

Гэта пачалі заўважаць бацькі, настаўнікі, пра гэта цяпер пішуць СМІ. Інтэрнэт адкрыў нам свет, і аказалася, што жаданне вучыць сусветную літаратуру ў школе, а не толькі рускую, - гэта не праява агалцелага беларускага нацыяналізму. Пра гэта цяпер заяўляюць самі настаўнікі-русісты.
І наогул, стала магчыма абмяркоўваць нацыянальныя, рэлігійныя пытанні не толькі на кухнях. І гэта добра. Міжкультурная камунікацыя ў глабальным свеце будуецца праз дыялог, а не спадцішка. Варожасць і міжнацыянальныя канфлікты ўзнікаюць там, дзе няма свабоды, роўнасці, дзе дзяржава праводзіць палітыку дыскрымінацыі.
 
We will fight, for the right
 
Альтэрнатыва немагчымая без дэцэнтралізацыі сістэмы адукацыі – вызвалення яе з-пад дзяржаўнага дыктату. Альтэрнатыва – гэта свабода настаўнікаў у выбары падручнікаў, методык выкладання, зместу і месцаў для павышэння кваліфікацыі; свабода вучняў, студэнтаў у вызначэнні прадметаў, курсаў адпаведна сваім здольнасцям і жаданню; свабода для бацькоў у выбары школы, мовы навучання; для дзяржавы ўсе школы - прыватныя, дзяржаўныя, грамадскія - павінны быць роўнымі. А грошы з бюджэту ісці за вучнем..
 
Вядома, свабоду ніхто не дае, яе бяруць самі. Вось як толькі гэта зразумеем, будзем мець альтэрнатыву і перспектыву пабудаваць сваю адукацыйную сістэму, якая не будзе пладзіць невукаў, бо выбраная народам дзяржаўная ўлада не баіцца адукаваных людзей. 
 
06.09.2018