Як дапамагчы адукацыі або ці атрымае настаўніца грант ад Google?

Тамара Мацкевіч
24.10.2019

Па ўсіх сацсетках пракацілася навіна: настаўніца з Негарэлага выйграла грант Google! Маўляў, ведай нашых. І зусім мала хто звярнуў увагу на адну фразу ў тым артыкуле : «Со слов директора школы, 3,5 тысячи евро уже зачислили на счет школы, только воспользоваться ими пока не удалось: деньги проходят регистрацию в департаменте”.

Мала хто ведае, што беларусы могуць выйграць любыя адукацыйныя гранты, але гэта не азначае, што родная дзяржава дазволіць іх атрымаць. Любая капейка з-за мяжы, якая паступае ў школу, іншую арганізацыю ці проста да чалавека – напрыклад, таленавітага настаўніка ці навукоўца, які выйграў грант, павінна атрымаць дазвол у Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі Прэзідэнта РБ.

Толькі ўявіце. Дзяржава фінансуе з нашых падаткаў цэлы дэпартамент, дзе сядзіць процьма чыноўнікаў і бы тая сарока-варона варожаць:  гэтаму дала – гэтаму не дала.

Калі арганізацыя недзяржаўная, або, не дай бог, яшчэ і адукацыйная, дазволу вам не відаць, як уласных вушэй.

Такога няма нават у Таджыкістане! Там заканадаўства абавязвае пра грант толькі паведаміць, але дазвол на права распараджацца сваімі ўласнымі грашыма не патрэбны. Бо калі грошы на добрую справу прыходзяць у краіну – хіба гэта кепска?

У беларускага ж чыноўніка ёсць інструкцыя ў выглядзе Дэкрэта №5 – з пералікам мэтаў, на якія можна атрымаць замежную дапамогу. Тут цытата на мове арыгінала: “для развития физической культуры и спорта“, “для укрепления материально-технической базы государственных учреждений” і нават “для обеспечения исполнения наказаний, профилактики правонарушений и пропаганды законопослушного образа жизни”. Дзеля справядлівасці, ёсць у адным пункце слова пра адукацю: “для обучения“.

Аднак не радуйцеся. У Дэкрэце №5 прапісаны правілы рэгістрацыі гэтай дапамогі: спіс з 8 дакументаў, некаторыя з якіх у двух экзэмплярах (IT-краіна!). Уяўляеце, народ радуецца перамозе настаўніцы, а ў яе школе бушуе бюракратычнае пекла, каб атрымаць тыя няшчасныя 3,5 тысячы еўра. А потым школа будзе пісаць справаздачы і даказваць дэпартаменту (а не грантадаўцу – з Гуглам прасцей!), што ўсе грошы выкарыстала мэтава – г.зн. на забеспячэнне выканання пакаранняў і ўзмацненне патэнцыялу.

І калі якая паперка дэпартаменту не спадабаецца – школе і настаўніцы пагражае адміністрацыйная, а то і крымінальная адказнасць.

Ну, добра. Можа гэта толькі з замежнай дапамогай такая валакіта? Лепш школе пашукаць якога мясцовага бізнэсоўца ці прадпрымальніка, які хоча частку свайго прыбытку ахвяраваць на адукацыю? Але тут ёсць Указ прэзідэнта № 300, у якім наогул у пераліку мэтаў, на якія дазволена спонсарская дапамога, адукацыі няма! Так што ведайце – калі ваш сусед-прадпрымальнік дасць грошы алкашу Васю на бутэльку – ён мецэнат. А калі школе на правядзенне навучання для настаўнікаў – крымінальнік.

Шаноўныя настаўнікі. Гэты допіс – не крык адчаю. Гэта – кавалачак грамадзянскай і медыяадукацыі. Чытайце ўважліва!