Як судзілі былых настаўнікаў у былым ліцэі

Тамара Мацкевіч
31.12.2019

Пад самы Новы 2020 год дзяржава запусціла судовы канвеер. У судах Мінска на 30 снежня прызначаны шэраг працэсаў над актывістамі, што прынялі ўдзел у мірных акцыях пратэсту супраць “паглыбленай інтэграцыі” з Расіяй. Усіх іх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, якія адбыліся 7 і 8 снежня. У былым Беларускім гуманітарным ліцэі, які дзяржава закрыла ў 2003 годзе, каб аддаць будынак суду, судзяць настаўнікаў, якія выказаліся за незалежнасць сваёй краіны, дарэчы, прапісанай у Канстытуцыі. Салідарнасць з імі прыйшлі праявіць іх былыя калегі па ліцэю - Лявон Баршчэўскі, Анатоль Сідарэвіч, Вінцук Вячорка. Прыйшла і я, бо некалі выкладала ў сценах суда Цэнтральнага раёна дзецям фізіку.  

sadouski_petr.jpg
Пётра Садоўскі ў залі суда

У былым кабінеце матэматыкі судзілі былога выкладчыка нямецкай мовы ліцэю, а таксама дэпутата Незалежнасці (гэта ганаровае званне маюць дэпутаты Парламенту 12-га склікання, які прыняў Дэкларацыю аб незалежнасці і абвесціў пра існаванне Рэспублікі Беларусь). Супраць Садоўскага сведчылі міліцыянеры Андрэй Штоп і Раман Герасімовіч

Настаўнік, чым бы ён не займаўся, застаецца настаўнікам нават на пенсіі. Таму 80-гадовы Пётра Садоўскі прыйшоў распавесці суддзям і сведкам, што "Жыве Беларусь" - гэта словы з верша Купалы 1905 г., а не "атиправительственный лозунг", што даваць непраўдзівыя сведчанні для міліцыянтаў - маладых людзей, якім іх настаўнікі і бацькі не растлумачылі, што спісваць, лгаць, красці - гэта непрыгожа, што ён прыйшоў на плошчу па пакліканні, я не за плату, як сцвярджае Лукашэнка, каб дапамагчы адстаяць нашу незалежнасць у цяжкіх перамовах з Расіяй, якая імкнецца да агрэсіўнай эканамічнай экспансіі, а зусім не да цывілізаванай інтэграцыі, як, напрыклад, гэта робіцца ў Еўразвязе. І што гаварыў ён як філолаг і кандыдат навук (у пратаколе, дарэчы, указана, што Садоўскі мае сярэднюю адукацыю) пра небяспеку распальвання варожасці ў дзяржаве па моўнай прыкмеце --  а гэта робяць яе самыя высокія начальнікі. І што не размахваў рукамі і не выкрыкваў, як напісана ў пратаколе, а спяваў песню пра тры дарожанькі на словы таго ж Купалы. І мог бы заспяваць яе высокаму суду, каб гэта дапамагло ім прыняць справядлівае рашэнне. 

У былой актавай залі ліцэю судзілі былога настаўніка гісторыі з Вілейкі Аляксея Сюдака. Гісторыку, які ведае да чаго прыводзіць імперская палітыка нашай суседкі, не выступіць за незалежнасць немагчыма. Сам Аляксей на суд не з'явіўся. Але прадстаўнікі праваабаронцаў і ТБШ праслухалі працэс. Сведкам выступіў супрацоўнік міліцыі Аляксандр Ганчаронак, 1986 г.н. з Асіповічаў, другі сведка-міліцыянт Міцін на паседжанне не з'явіўся. Было дзіўна, што сведчанні сведкаў, таксама міліцыянтаў, слова ў слова супадалі з тымі, што напісаны ў пратаколах Садоўскага. Значыць гэтыя "сведчанні" усім шасці сведкам нехта  дыктаваў? Ці яны іх спісалі па школьнай звычцы? І несапраўдныя фатаздымкі ў справы падсудных нехта падшываў? І такі суд ад імя дзяржавы вызначае лёсы людзей?! 

sadouski_petr_sud2.jpg
Суддзя Іван Касцян разглядае справу П. Садоўскага. 

Самае цяжкае для любога настаўніка бачыць крах сістэмы адукацыі. Суддзі Іван Касцян і Юлія Густыр -  ветлівыя  маладыя людзі, якім не сорамна весці судовы працэс "на халяву", яўна не атрымалі якаснай адукацыі, у якую абавязковым складнікам уваходзяць і каштоўнаснае стаўленне, адказнасць. Інакш бы яны рыхтаваліся да судовых працэсаў, не прымалі б да ведама непраўдзівыя сведчанні людзей пад ціскам (міліцыянтаў), не паказвалі б без сораму ў якасці доказаў віны выпадковыя фота, нібыта гэта "аператыўныя здымкі", на якіх не пазначаны ні час, ні дата, ды і людзі пераблытаныя, бо "падсуднага" там дакладна няма.  

А ведаеце, чаму такі крызіс у адукацыі? Таму што тыя настаўнікі, якіх судзяць у былым ліцэі - таксама былыя. Людзей з сумленнем, грамадзянскай і прафесійнай пазіцыяй і ведамі амаль не засталося ў сістэме адукацыі. Іх "аптымізавалі", як "аптымізавалі" гуманітарны ліцэй і зрабілі на яго месцы "самы справядлівы суд у свеце". Сапраўдных настаўнікаў выцясняюць і замяняюць тымі, хто выхоўвае ілжэсведкаў, ілжэсуддзяў і ілжэграмадзян.  Калі вы пазналі ў сведках і суддзях сваіх вучняў - хай вам будзе сорамна. 
UPD. Колькі каштуе выказацца за незалежнасць у назележнай дзяржаве "Рэспубліка Беларусь"?
Пётра Садоўск атрымаў 1620 рублёў штрафу. 
Лявон Баршчэўскі - 810 руб.
Аляксей Сюдак - 810 руб.
Уладзімір Арлоў - 540 руб.