Ці заменяць астраномію праваслаўнай этыкай?

Тамара Мацкевіч
08.03.2021

Чарговы раз наша Міністэрства адукацыі вырашыла згуляць у дэмакратыю і запытацца ў людзей пра тое, ці прыбіраць з школьных праграмаў астраномію і чарчэнне, і ці не дадаць замест іх "Асновы праваслаўнай культуры".  Праўда, пасля і бурнай рэакцыі на гэту навіну ў сацыяльных сетках у апытанцы міністэрства пра праваслаўную культуру ў школах не ўзгадваецца, замест яе пытаюцца пра факультатыў «Этыка і псіхалогія сямейнага жыцця». Уяўляеце, міністэрства, якое не давярае бацькам вырашыць, у што апрануць уласнае дзіця, запытваецца пра змест праграмы! Хто паверыць, што да таго апытання прыслухаюцца? 
Але тут пытанне не ў гульні ў дэмакрытю і не ў спробе адцягнуць увагу грамадства ад больш важных праблем, а ў дэманстрацыі агульнага ўзроўню культуры спецыялістаў таго ведамства, якое кіруе адукацыяй Беларусі. 

Каб у Міністэрстве адукацыі кіраваліся навуковым падыходам, яны б ведалі, што такое апытанне ўжо зроблена. Толькі што апублікавалі новыя вынікі апытання The World Values Survey Association (WVSA) and the European Values Study (EVS) з адказамі беларусаў у тым ліку і на гэтыя пытанні. 

Вось якія якасці беларусы лічаць важнымі для выхавання ў маладога пакалення. 

Сярод 11-ці прапанаваных на выбар каштоўнасцяў, якія б беларусы хацелі бачыць у дзяцей, першыя месцы займаюць працавітасць (81,2%) і адказнасць (71%) , апошняе месца - рэлігійнасць (9,3%) , якая ўдвая саступае нават здольнасці абстрактнага ўяўлення (фантазіі) (18,2%). 

Важныя якасці і каштоўнасці маглі б скласці так званую сацыяльную замову грамадства да сістэмы адукацыі. Зноў жа - калі б Міністэрства прыслухоўвалася да навукі і да людзей, а не тыкала пальцам у неба. 

Бачым, паводле лічбаў давер да рэлігіі ў беларусаў зніжаецца з году ў год пасля невялікага ўсплёску ў 90-х гадах. Тым больш дзіўнымі выглядаюць настойлівыя прапановы навязаць школам праваслаўе замест крытычнага мыслення і навуковай карціны свету, якія павінна фармаваць школа, у тым ліку і праз вывучэнне астраноміі. 

 

Навукоўцы кажуць, што свецкасць і нерэлігійнасць грамадства - гэта вельмі добра для перспектывы пабудовы дэмакратыі і заможнай краіны. Людзі не спадзяюцца на вышэйшыя сілы, а бяруць адказнасць за свае дзеянні і за сваё сумленне на сябе. 

І тое, што для 90% беларусаў рэлігійныя погляды і вера маладога пакалення не з'яўляюцца прыярытэтнымі каштоўнасцямі, як і для большасці еўрапейцаў, дае нам надзею на добрую перспектыву.  

 

Што ж з астатнімі якасцямі моладзі? Як іх фармаваць? 
Тут можна толькі памарыць. Напрыклад, каб сфармаваць уменне самастойна працаваць, браць адказнасць за сваё навучанне, за свае поспехі і няўдачы, а потым у дарослым жыцці за сваю сям'ю, супольнасць, за свой выбар, міністэрству  трэба б было кінуць апытанкі і тэрмінова ўводзіць у школах новыя тэхналогіі навучання. Найперш - актыўную ацэнку. Менавіта гэта тэхналогія паводле навукі і фармуе тыя якасці, якія цэняць беларусы.

Убачыўшы, што для грамадства важна, каб новае пакаленне было беражлівым, умела лічыць грошы, берагчы прыроду, то гаворка б ішла хутчэй пра факультатывы па фінансавай, экалагічнай пісьменнасці, чым пра этыку і псіхалогію сямейнага жыцця. Добрыя і моцныя сем'і ствараюцца толькі адказнымі людзьмі з паважлівымі адносінамі да іншых. І ніякі факультатыў без сістэмных зменаў у састарэлай сістэме адукацыі не створыць умовы выхавання каштоўнасцяў, і тых важных якасцяў, якія па-навуковаму называюцца - трансверсальнымі (скразнымі). Гэта значыць яны фармуюцца на ўсіх прадметах праз дэмакратычныя адносіны і давер, праз самакіраванне і павагу, праз добразычлівае стаўленне і атмасферу ўзаемадапамогі. Пра гэта кажа педагагічная навука. Гэтага патрабуе беларускае грамадства. Але ў міністэрстве адукацыі пра гэта, відаць, не ведаюць.  І робяць апытанкі, ствараючы ілюзію сваёй дзейнасці. 

Табліцы: дадзеныя сайта http://www.worldvaluessurvey.org/WVSOnline.jsp