Дзённік настаўніцы. 8 лістапада - 15 снежня

Ганна Севярынец
08.11.2021

Запусці ў хату беларускіх паэтаў, называецца:) Містычная гісторыя:)

Прыдумала я на Дзяды павесіць у сябе ў рабочым кабінеціку партрэты паэтаў, па якіх я рабіла кніжкі ці па якіх цяпер раблю. Я такія "іканастасы" наогул паважаю, у калідоры ў мяне цэлая галерэя партрэтаў сваякоў, у кухні  дзяцей, дык у кабінеце сама просяцца беларускія паэты. Раней у мяне на стале стаяў адзін Дудар калісьці брала ягоны партрэт у рамку для мерапрыемства ў гімназіі, дык паставіла.

Выбрала прыгожыя фоты  Дубоўка, Купала, Чарот, зноў жа Дудар, ужо іншы, татаву фотку ўзяла, паехала ў Менск раздрукавала, у шкло пад рамачкі, усё прыгожанька.

Учора павесіла.

Пачалі яны падаць. То Чарот упадзе. То тата. То Дубоўка. Увесь вечар, як тыя старушкі з верша Данііла Хармса. Падаюць і падаюць. Я павешу  яны падаюць па адным. Павесіла зноў, насварылася на іх, легла спаць. Раніцай устаю  усе на падлозе, як адзін. Толькі Дудар стаіць на сваім месцы, пасміхаецца.

Ладна, думаю. Паляжыце пакуль на кніжных паліцах усёй камандай, дамоўцеся паміж сабой, што вам ня так і як будзем жыць далей.

І пайшла сабе на кухню па справах.

І тут як грымне, як зазвініць, як завішчыць нешта! Прыбягаю. Усё на падлозе, рамкі разляцеліся на кавалкі, шкло па ўсёй хаце, здымкі парэпаныя, на тварах шнары і пісагі, госпадзе ты божа мой!

Пакуль прыбіралася, паабразала сабе рукі, але злавацца не магу, адно смяюся. Ніяк не памірацца паміж сабой беларускія паэты:) Такі гвалт паднялі ў хаце, шкла набілі, дрэва  ашчапалі, цвікі са сценаў павыдзіралі, ух:) Літпрацэс:)

Усё, паразумеліся) Не падаюць, размясціліся па рамках, хто курыць сабе, хто чытае, хто глядзіць у задуменні) Не хапае Купалы і Глебкі, але гэтыя якраз мірныя людзі, то далучацца пазней у агульную згоду. Паэты, па якіх я зрабіла альбо раблю кніжкі, пільнуюць, каб не спынялася)

 

15 снежня

Як сабе хочуць нашыя бээсэсэраўскія хлопцы, але і ў іх хутка Каляды)