Як дзеці з настаўнікамі адкапалі стары горад.
Некалькі гадоў таму жыхар Светлагорска Васіль Коваль, які вядомы ў горадзе як мастак-аматар, паказаў мясцовым краязнаўцам з грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ) зямляныя валы на ўскраіне Якімаўскай Слабады. Маючы ў гэтай вёсцы дачу, спадар Коваль даведаўся пра іх ад мясцовых жыхароў. Ніхто з вяскоўцаў не мог сказаць, калі былі насыпаныя гэтыя валы. Такі факт указваў на даўняе паходжанне зямляных умацаванняў.
Светлагорская арганізацыя ТБМ паведаміла пра іх ў Інстытут гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. У 2005 г. гэтае месца абследавалі навукоўцы з Інстытуту гісторыі. Аднак выснова аб паходжанні валоў тады зробленая не была, і пытанне засталося адкрытым.
І толькі пазней, калі настаўнікі ды вучні Светлагоршчыны прыцягнулі да раскопак доктара гістарычных навук Сяргея Рассадзіна, яны здолелі адкапаць былы горад Казімір. Гэты горад існаваў у 1643 – 1655 гг. на беразе Бярэзіны.
Цяпер штогод у Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці праводзіцца археалагічная экспедыцыя з удзелам навучэнцаў. Глядзіце фотаэкспразіцыю з сёлетнега археалагічнага летніка, які традыцыйна праходзіць па ініцыятыве настаўнікаў і вучняў – сябраў ТБМ г. Светлагорска.