24.03.2008
«Нашым дзеткам» – 2 гады!
Парталу «Нашыя дзеткі" споўнілася 2 гады. Віншуем, дарагія калегі! Ваш партал створаны для першых і самых галоўных настаўнікаў – бацькоў. Зычым вам плёну і натхнення! Няхай больш у нашай краіне расце беларусаў.Шчыра ваш,
https://nastaunik.eu/
Навіны «Нашых дзетак» ( http://dzietki.org)
За такі кароткі тэрмін партал стаўся адным з самых папулярных у байнэце рэсурсаў сямейнай тэматыкі, і гэта пры тым, што праект развіваецца як аматарскі і некамерцыйны, без гучных рэкламных кампаніяў ці стварэння інтэрнэт-крамаў. Значыць слоган “Расцем беларусамі!” – актуальны ці прынамсі цікавы для ўсё большага кола інтэрнэт-наведвальнікаў.
За два гады перад нашымі вычыма прайшло шмат сямейных гісторыяў, якія пачыналіся з паведамлення “Здаецца, я цяжарная” і працягваюцца пастамі пра пошук беларускамоўнай няні ці садочку, альбо стартавалі стварэннем тэмы “Як даведацца памер пальца дзяўчыны?” і працягваюцца аповедамі пра шлюб і пошукі недарагой кватэры.
На форуме дзейнічаюць віртуальныя бацькоўскія камітэты беларускіх садкоў. Штодзённыя клопаты абмяркоўваюць сем’і з Мiнску і Горадні, Маладэчна і Магілёва, Прагі і Таронта, Варшавы і Нью-Ёрку. Нехта паспеў нарадзіць другое, трэцяе ці нават чацвёртае дзіцё, чыесьці дзеткі пайшлі ў школу і хутка пачнуць чытаць думкі сваіх бацькоў у інтэрнэце, камусьці патрэбна дапамога ў пошуку працы… Форум “Нашых дзетак” – люстэрка нашага жыцця. Ягоныя ўдзельнікі перажываюць, раюцца, сварацца і мірацца, шукаюць аптымальнае рашэнне складаных жыццёвых праблемаў і гадуюць сваіх маленькіх беларусаў, уладкоўваючы сваю Вялікую Беларусь.
У падарунак актыўным карыстальнікам сямейны партал стварыў сістэму сямейных дзённікаў! Па адрасе http://dzietki.org/forum/weblogs.php вы можаце запачаткаваць уласную старонку і запісваць у яе ўсе значныя падзеці Вашай сям’і, Вашай малечы, дзяліцца думкамі і фотаздымкамі. Можна запрашаць адзін аднаго ў госці, выплёскваць ўражанні, падтрымліваць у сумную хіліну ці з радаснай нагоды.
Актыўна развіваецца наш “Кніжны куток” http://dzietki.org/article/index.php?cid=14 . Калыханкі, загадкі-рыфмаванкі, забаўлянкі, заклічкі і прыгаворы, лічылкі, Абэцэда, ілюстраваныя Лясныя гісторыі, вершы, казкі, песні, аўтарскія творы дзеткаўскіх бацькоў і беларуская класіка, а таксама пераклады сусветных скарбаў дзіцячай літаратуры.
Рэгулярна папаўняецца аўдыё-бібліятэка http://dzietki.org/article/index.php?cid=15&sort_method=time, дзякуючы прыпавесцям, апавяданням і казкам, якія чытае Міхал Залескі з дзеткамі. З’явіўся раздзел “Дыяфільмы” http://dzietki.org/article/index.php?cid=45&sort_method=time : “Пра дзяўчынку, якая дрэнна ела”, “Адкуль я ўзяўся?”, “Прыгоды Піфа”, “Мышаня і аловак”, “Кот у ботах”, “Мыйдадзір” даступныя для сямейнага прагляду па-беларуску. Самай папулярнай застаецца старонка з Беларускім іменнікам. У топ-10 таксама ўваходзіць флэш-мульт “Курачка Рабка”, “Адукацыйныя гульні”, “Флэш-размалёўкі”, артыкулы пра гісторыю і сучаснасць беларускай мовы, а таксама пра білінгвізм у дзетак.
Па адрасе http://dzietki.org/dict працуе “Жывы слоўнік” (руска-беларускі і беларуска-рускі), які папаўняецца жывой беларускай лексікай, дзякуючы намаганням дзеткаўцаў.
Унікальная “фішка” – “Мапа сямейнага адпачынку” http://dzietki.org/forum/map/. Куды пайсці з дзіцём? Абірайце: музеі, тэатры, кавярні, заапарк, гарадскія скверы… Не знайшлі свайго ўлюбёнага куточка? Дадайце ягонае апісанне на мапу!
Афіша “Нашых дзетак” http://dzietki.org/article/afisza.php штодня прапануе не менш за 10 спосабаў сямейнага адпычынку.
Знайсці нас лёгка – “Нашыя дзеткі” з гэтай вясны жывуць яшчэ і ў зоне BY. Такім чынам, запрашаем Вас на dzietki.org ці на dzietki.by!
Расцем беларусамі!
З павагай, каманда “Нашых дзетак”
Крысціна Вітушка (n.dzietki@yahoo.com, 8029 632 27 43)
Юля Малахоўская (dzietki@gmail.com)