«Офіс за дэмакратычную Беларусь” (Бельгія) у партнерстве з Фондам развіцця прававых тэхналогій (Україна), Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (Літва) пры патрымцы Шведскага агенцтва па міжнародным супрацоўніцтве і развіцці ладзіць 23–26 лістапада адукацыйны візіт у Брусель па тэме “Палітыка Еўрасаюзу ў галіне навукі і адукацыі”.
Мэта візіту – стварэнне больш эфектыўных камунікацыйных каналаў з інстытутамі Еўрапейскага Саюзу, а таксама паляпшэнне разумення механізмаў функцыянавання Еўрапейскай камісіі, Рады ЕС і Еўрапарламента прадстаўнікамі дзяржаўных
устаноў, незалежных і камерцыйных арганізацый Беларусі. Акрамя агульнага азнаямлення са структурамі ЕС, адукацыйная праграма таксама адкрые перспектывы больш глыбокага вывучэння магчымасцяў супрацоўніцтва паміж Бруселем і Беларуссю ва ўзгаданай сферы.
Арганізатары зацікаўленыя ва ўдзеле прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі РБ, навукоўцаў і даследчыкаў, парламентарыяў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый краіны.
Усе выдаткі па паездцы арганізатары праграмы бяруць на сябе.
Па выніках конкурсу да ўдзелу ў паездцы будуць запрошаныя 5 беларускіх спецыялістаў.
Конкурс складаецца з двух этапаў: адбор анкет і інтэрв'ю з кандыдатамі. Прыярытэт падчас адбору будзе надавацца наяўнасці досведу працы ў галіне навукі і адукацыі з улікам матывацыі да ўдзелу ў праекце.
Анкету неабходна запоўніць і адаслаць па адрасе minsk.brussels@gmail.com.
Апошні тэрмін падачы анкет – 20 кастрычніка.
Па ўсіх пытаннях звяртацца да Змітра Дабравольскага, адміністратара праграмы ў Беларусі па тэлефоне ў Мінску: +375 44 510 62 81.
Паводле Кронікі грамадзкага жыцьця Гарадзеншчыны
Адукацыйны візыт у Брусель
01.10.2009