Сенат ЕГУ патрабуе вызвалення затрыманых студэнтаў і выкладчыкаў

21.12.2010

Сенат Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта патрабуе неадкладнага вызвалення студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта, затрыманых праваахоўнымі органамі ў Мінску 19–20 снежня.

«Члены сената мяркуюць, што грамадзяне маюць поўнае права выказваць сваё стаўленне да правядзення выбарчай кампаніі ў форме сходаў і шэсцяў. Члены сената патрабуюць неадкладнага вызвалення ўсіх неправамерна затрыманых грамадзян, уключаючы студэнтаў і выкладчыкаў ЕГУ», — гаворыцца ў заяве, размешчанай на сайце ВНУ.

Як паведаміла БелаПАН каардынатар студэнцкай службы ЕГУ Таццяна Бабіч, паводле папярэдніх звестак, затрыманы навучэнцы ЕГУ Яўген Гладкі (атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту), Эміль Ярмохін (15 сутак), Кацярына Клімко (10 сутак) і Глеб Хамутоў (15 сутак); магчыма, затрыманы студэнты Анастасія Палажанка і Сяргей Смаляк.

Затрыманы таксама выкладчык ЕГУ Аляксандр Фядута — давераная асоба экс-кандыдата ў прэзідэнта Уладзіміра Някляева.

euroradio.by