Што рабіць, калі ўзьнікаюць праблемы «з-за Плошчы»

03.01.2011


Вязьні Жодзіна: малюнак зь дзёньніку юзэра navicki, які адседзеў 10 сутак за ўдзел у мітынгу 19 сьнежня

Афіцыйна ніводзін з 90 затрыманых на Плошчы студэнтаў ня быў пакуль адлічаны з унівэрсытэту. Хаця хмары магчымага выключэньня ўжо павісьлі мінімум над трыма дзесяткамі студэнтаў. Ва ўнівэрсытэтах пачаўся збор подпісаў у падтрымку аднакурсьнікаў-вязьняў, а студэнцкія рухі спрабуюць папярэдзіць магчымыя адлічэньні. Практычныя парады пра тое, да каго варта зьвяртацца, каб атрымаць дапамогу і абарону сваіх, у тым ліку студэнцкіх правоў.

ЖЖ-юзэр snorken расьпавядае характэрную гісторыю пра спробу даведацца акадэмічны лёс студэнтаў Інстытуту журналістыкі БДУ, якія былі затрыманыя ў час разгону мітынгу 19 сьнежня. Для гэтага журналістка патэлефанавала дырэктару Інстытуту Дубовіку і атрымала ад яго арыгінальны адказ:

«Я з вамі, ідыётам, размаўляць ня буду», — пачула журналістка ў слухаўцы.
Ёмістая фраза, якая дэманструе стан спраў у беларускім грамадзтве. Праўда, іншыя супрацоўнікі журфаку адказваюць на гэтае ж пытаньне больш дыпляматычна, хаця і ня менш размыта:

«Па палітычных матывах зь беларускіх ВНУ не адлічваюць», — заявіў БелаПАН дарадца міністра адукацыі па сувязях са СМІ і грамадзкасьцю Віктар Іўчанкаў, які сярод іншага выкладае ў Інстытуце журналістыцы рыторыку.
Праваабарончая ініцыятыва «Студэнцкая Рада» высьветліла і апублікавала інфармацыю пра 40 студэнтаў, затрыманых пасьля 19 сьнежня (гэта інфармацыя яшчэ няпоўная, бо паводле МУС сярод затрыманых каля 90 студэнтаў). Праваабаронцы загадзя, памятаючы вопыт мінулых гадоў, калі сотні студэнтаў з розных нагодаў былі адлічаныя зь беларускіх унівэрсытэтаў, пачалі кампанію па абароне студэнцкіх правоў.

БДУ ЗНОЎ У ЛІДЭРАХ 

Пакуль самай «непаслухмянай» ВНУ аказаўся Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Паводле дадзеных «Студэнцкай рады», сярод чатырох дзесяткаў затрыманых студэнтаў 15 вучацца ў БДУ. А 26 зь іх ужо, магчыма, адлічылі. Хаця, ці падпісаны адпаведны загад, пакуль невядома.

У прэс-службе БДУ кажуць, што затрыманых студэнтаў, якія ўжо выйшлі на свабоду, прымусілі напісаць кіраўніцтву ўнівэрсытэту тлумачальныя запіскі адносна свайго ўдзелу ў акцыі. Пакуль лёс іх невядомы, але ў прэс-службе таксама адзначылі, што многія людзі былі затрыманыя выпадкова.

АДЛІЧАЮЦЬ? ІНСТРУКЦЫЯ, ШТО З ГЭТЫМ РАБІЦЬ І КУДЫ ІСЬЦІ

Усе студэнты, над якімі павісла верагоднасьць адлічэньня, могуць зьвяртацца па юрыдычную і мэдычную падтрымку да ГА «Рух за свабоду» і ў камітэт «Салідарнасьць»: (8–017) 280 88 63, (8–029) 917 96 26, (8–029) 875 15 42

Таксама калі ты быў арыштаваны, да цябе прымяняліся рэпрэсіі ў сувязі з падзеямі 19.12.2010, ты можаш зьвярнуцца па дапамогу па наступных пытаньнях: 

- Грашовая кампэнсацыя аплаты сутак (за ўтрыманьне ў турме), адрасная грашовая дапамога ў сувязі са звальненьнем, цяжкім становішчам, іншае:
Дапамога вязьням на Управе БНФ. г. Менск, пр. Машэрава (былая вул. Варвашэні) д.8, тэл. (8–017) 284 50 12 (8–029)685 52 39 з 10 да 20. Пры сабе трэба мець копію пастановы суда аб адміністрацыйным парушэньні, квітанцыю на аплату ўтрыманьня.

- Юрыдычная дапамога, аплата штрафаў, дапамога ў сувязі з крымінальным перасьледам:
Праваабарончы цэнтар «Вясна» (8–017) 331 08 44, (8–029) 687 51 29

Болей інфармацыі

ЭЎРОПА НАМ ДАПАМОЖА?

Паводле словаў Іны Кулей, кіраўніцы камітэту «Салідарнасьць», праваабаронцы назіраюць за лёсам студэнтаў, што могуць быць адлічаныя. Камітэт «Салідарнасьць» быў створаны пасьля падзей 2006 году ў тым ліку для адстойваньня правоў адлічэнцаў. Падаецца, вопыт «Салідарнасьці» можа зноў спатрэбіцца.

У інтэрвію Эўрарадыё Кулей кажа, што спачатку будуць зробленыя высілкі па абароне студэнтаў. Калі яны будуць безвыніковыя, адлічаных студэнтаў уладкуюць у эўрапейскія ВНУ. Дапамогуць і тым, хто ня можа зь ідэалягічных матываў абараніцца ў асьпірантуры ў Беларусі — зрабіць тое асьпіранты змогуць у Польшчы. Таксама «Салідарнасьць» спрабуе аднавіць колішнюю праграму дапамогі тым, хто страціў працу ў Беларусі за сваю палітычную дзейнасьць.

Як і ў 2006, Польшча першая адгукнулася на падзеі ў Беларусі і заявіла аб гатоўнасьці прыняць на навучаньне сотні беларускіх студэнтаў. Выбар у адлічэнцаў будзе вялікі: больш за 50 польскіх унівэрсытэтаў згадзіліся ўдзельнічаць у адпаведнай праграме.

Хаця адлічыць могуць зусім і не за «палітычны» тэрмін, а з-за «выпадкова» ня здадзенага іспыту. У гэткім выпадку адрозьніць «двоечніка» ад «палітычнага» будзе складаней. Бо кожны двоечнік можа прыйсьці да праваабаронцаў і заявіць аб сваім актыўным удзеле ў Плошчы.

Уладзімір Дунаеў, былы прарэктар ЭГУ, адзначае, што пытаньне затрыманых студэнтаў можа стаць лякмусавай паперай для новага міністра адукацыі Сяргея Маскевіча. Зрэшты, у Маскевіча, былога рэктара Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, па словах студэнтаў, ужо ёсьць вопыт «перасьледу і адлічэньняў з унівэрсытэту сябраў недзяржаўных арганізацыяў».

«НЕБЫВАЛАЯ САЛІДАРНАСЬЦЬ»

На хвалю рэпрэсій беларускае грамадзтва адказала яшчэ большай хваляй салідарнасьці. Літаральна за некалькі дзён паўстаў валянтэрскі сайт «Ангел-хранитель», дзе кожны можа знайсьці інфармацыю і даць ведаць іншым, якім чынам найбольш эфэктыўна можна дапамагчы зьняволеным і рэпрэсаваным. Цяпер у сьпісах сайту 858 чалавек.

Пра тое, што дзеля падтрымкі арыштаваных і затрыманых агулам ужо сабралі суму дапамогі, эквівалентную 100 тысячам даляраў, паведаміла «Наша Ніва». Газэта назвала гэту сытуацыю «небывалай салідарнасьцю».

ІНСТУКЦЫЯ ПА ЗБОРЫ ПОДПІСАЎ У АБАРОНУ СТУДЭНТАЎ АД АДЛІЧЭНЬНЯ:

1. Знайдзіце і зьвяжыцеся са старастай. Папрасіце старасту дамовіцца з выкладчыкамі наконт залікаў ці іспытаў, якія чалавек прапусьціў (каб здаць пазьней). Даведайцеся, ці пытаўся стараста пра чалавека у дэкана (можна замест старасты папрасіць блізкага сябра гэтага чалавека);

2. Даведайцеся, чым гэты чалавек вылучаўся, (узнагароды, сярэдні бал, актыўнасьць у жыцьці ўнівэрсытэту і г.д.) па магчымасьці вазьміце дакумэнты, якія гэта пацьвярджаюць...



Салідарнасьць зь беларусамі выказалі і эўрапейскія студэнцкія арганізацыі, якія вельмі хутка пачалі кампанію па падтрымцы беларускіх студэнтаў. Менш заўважныя, але бясспрэчна больш дзейсныя кампаніі праходзяць і ў Беларусі. У некаторых ВНУ ужо пачалі зьбіраць подпісы супраць адлічэньня «сеўшых» студэнтаў.


    «Збор подпісаў — гэта не на сто адсоткаў эфэктыўны спосаб, але ён дзейнічае. Толькі паспрабаваўшы, Вы даведаецеся, ці дапамагае ён», — адзначае «Студэнцкая Рада» і прапануе дэталёвую інструкцыю аб тым, як «правільна» зьбіраць подпісы ў падтрымку студэнтаў.

    Андрэй Сьмятаньнікаў, generation.by