Конкурсныя Гісторыі павінны быць размешчаны да пачатку лета
У межах агульнаеўрапейскай кампаніі «Жывая Вясна» грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» запрашае Вас прыняць удзел у конкурсе Гісторый Жывой Вясны. У ім могуць удзельнічаць як дарослыя, так і дзеці. 
Здымак вясковай ластаўкі Сяргея Саковіча
Як удзельнічаць?
1. Вы назіраеце за прылётам птушак-пасланак вясны (нагадваем іх: белы бусел, вясковая ластаўка, звычайная зязюля, чорны свіргуль і шчурка-пчалаедка).
2. Вы рэгіструеце сваё першае сёлетняе назіранне пералічаных вышэй відаў на сайце Жывой Вясны www.springalive.net (абавязкова пішыце свае імя і прозвішча).
3. Пасля рэгістрацыі на сайце www.birdwatch.by змяшчаеце ў раздзеле «Нашы назіранні» свае фота ды відэа пералічаных вышэй відаў птушак і цікавыя гісторыі, звязаныя з назіраннямі за імі (напрыклад, з кім і дзе вы назіралі за птушкамі, як гэта было, нейкія яскравыя ўражанні і моманты, якія вам хацелася б паказаць і расказаць іншым аматарам прыроды).
Увага! Не дапускаюцца да конкурсу фота і відэа кладак і птушанят. Паважайце птушак і не турбуйце іх!
Найлепш заліваць відэа працягласцю да 5 хвілін на агульнадаступныя сэрвісы (напрыклад, youtube) і капіяваць EMBED-code старага тыпу. Найлепшы памер фотаў для Гісторый – 650 пікселяў па доўгім/шырокім баку.
Колькасць Гісторый ад аднаго ўдзельніка неабмежаваная, аднак конкурсныя Гісторыі павінны быць размешчаны на сайце да пачатку лета.
З пытаннямі па размяшчэнні ці рэгістрацыі звяртайцеся на tyteishi@gmail.com .
Важна! Для зручнасці падвядзення вынікаў вашае імя на springalive.net і birdwatch.by павінна быць аднолькавым.
Да ліпеня будуць падведзены вынікі і абвешчаны пераможцы, прычым гісторыі дарослых і дзетак будуць ацэньвацца асобна. Аўтары найлепшых гісторый, здымкаў, відэа атрымаюць прызы (фотатавары на вызначаную суму ў адной з інтернэт-крамаў).
Далучайцеся да вясны разам з птушкамі!
Паводле birdwatch.by
Конкурс Гісторый Жывой Вясны
05.04.2012



