Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь апублікаваў «Статыстычны агляд да Міжнароднага дня роднай мовы». Што характэрна, па руску.
У аглядзе пададзены лічбы гэтага навучальнага года, датычныя беларускамоўных выхаванцаў і навучэнцаў ва ўстановах адукацыі Беларусі.
Такім чынам, у 2012/2013 навучальным годзе беларускамоўныя садкі наведваюць каля 45 тысяч дзяцей (11,4%), садкі з рускай і беларускай мовамі – каля 15 тысяч дзяцей (3,8%).
Беларускамоўных школьнікаў сёлета – 151 тысяча (16,4%).
Ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі 1400 навучэнцаў (0,9%) вучацца па-беларуску, каля 22 тысяч (14,6%) – на дзвюх мовах.
Нарэшце, у цяперашніх ВНУ па-беларуску навучаюцца каля 700 чалавек (0,2%), па-беларуску і па-руску – каля 160 тысяч студэнтаў (37,4%).
Агульная колькасць беларускамоўных навучэнцаў у садках, школах, ПТВ, ВНУ – каля 200 тысяч чалавек.
Нагадаем, што на пачатку гэтага навучальнага года «Таварыства беларускай школы» спрабавала дамагчыся ад чыноўнікаў канкрэтных лічбаў, датычных мовы навучання ва ўстановах адукацыі краіны.
Уцямнага адказу тады не змаглі даць ні Міністэрства адукацыі, ні Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама.
Каментуючы «моўнае пытанне», чыноўнікі звыкла засланяюцца афіцыйнымі 51% беларускамоўных школаў. Напярэдадні Дня роднай мовы стала ясна, якая рэальнасць схаваная за гэтымі 51%...
Белстат: Па-беларуску навучаюцца 11% дашкольнікаў, 16% школьнікаў і 0,2% студэнтаў
17.02.2013