РГА «Таварыства беларускай школы» даслала ліст Старшыню Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Генадзю Пальчыку з прапановай паўдзельнічаць у пашыраных пасяджэннях і парламенцкіх слуханнях, прысвечаных маніторынгу правапрымяняльнай практыкі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.
Нагадаем, што ў лютым было абвешчана, што дэпутаты – члены камісіі будуць праводзіць маніторынг прымянення Кодэкса ў адукацыйным працэсе ўсёй нацыянальнай сістэмы. «Гэта тычыцца і дашкольнага ўзроўню, і агульнай сярэдняй, і вышэйшай, і паслядыпломнай адукацыі», – удакладніў Г. Пальчык.
20 сакавіка ў БДПУ прайшло першае пашыранае паседжанне, прысвечанае арганізацыі дашкольнай адукацыі. У якасці мэты была заяўлена распрацоўка прапановы па карэктаванні адпаведнага раздзела Кодэкса аб адукацыі.
*****
Генадзю У. Пальчыку
Старшыню Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў
па адукацыі, культуры і навуцы
Шаноўны Генадзь Уладзіміравіч,
Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Таварыства беларускай школы» (ТБШ) з цікавасцю і ўхваленнем паставілася да абвешчанай Вамі задумы правесці пашыраныя пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, а потым і парламенцкія слуханні, прысвечаныя маніторынгу правапрымяняльнай практыкі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.
ТБШ зацікаўленае ва ўдзеле ў гэтых паседжаннях і слуханнях у любым зручным фармаце.
Для даведкі: РГА «Таварыства беларускай школы» (ТБШ) зарэгістраванае Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь у 1996 г. ТБШ «аб’ядноўвае грамадзян з мэтай садзейнічання фарміраванню нацыянальнай адукацыйнай сістэмы ўсіх узроўняў (ад дашкольных да вышэйшых навучальных i выхаваўчых устаноў), захаванню i развіццю беларускай культуры, традыцый і духоўнасці» (п. 1.1 Статута). Асноўнаю мэтаю ТБШ з’яўляецца «садзейнічанне стварэнню сучаснай сістэмы нацыянальнай асветы i адукацыі, спрыянне развіццю адукацыі на беларускай мове, культурна-асветная праца сярод дзяцей, моладзі i дарослых дзеля фарміравання ў ix нацыянальнай свядомасці i засваення iмi агульначалавечых каштоўнасцей» (п. 2.1. Статута). Таварыства аб’ядноўвае бацькоў навучэнцаў і выхаванцаў, педагогаў, у тым ліку з кіраўнічым досведам, навукоўцаў.
Адпаведна нашым статутным мэтам мы вядзем свой маніторынг практыкі выкарыстання Кодэкса аб адукацыі, падзаконных актаў і ведамасных інструкцыяў у частцы, якая датычыць забеспячэння права на выхаванне і навучанне па-беларуску на ўсіх ступенях сістэмы адукацыі, стварэння адпаведнай метадычнай і дыдактычнай базы і асяроддзя. Бачым пэўныя заканадаўчыя лакуны і маем прапановы наконт іх запаўнення, а таксама наконт карэкцыі наяўнай праваўжывальнай практыкі. Мы ахвотна падзяліліся б нашымі прапановамі з Вамі ды ўсімі зацікаўленымі ўдзельнікамі тэматычных пасяджэнняў і слуханняў.
З павагай,
Алесь Лозка,
Старшыня РГА «Таварыства беларускай школы»
Ці запросяць ТБШ на абмеркаванне Кодэкса аб адукацыі? (тэкст ліста)
21.03.2013