«Генеральнае консульства Рэспублікі Польшча ў Брэсце ласкава інфармуе, што з 1 мая 2014 года заявы наконт выдачы віз для ўдзельнікаў групавых паездак — вучняў (да 18 гадоў) пачатковых і сярэдніх школ брэсцкай консульскай акругі і выхавальнікаў (кіраўнікоў груп) — будуць прымацца без рэгістрацыі ў сістэме e-konsulat», — паведамляецца на афіцыйным сайце генконсульства.
Атрымаць візу, не плацячы 60 еўра консульскага збору, могуць і настаўнікі, якія суправаджаюць групу. Але генеральнае консульства ў Брэсце строга абмежавала колькасць дарослых — не больш за аднаго выхавальніка на пяць непаўналетніх школьнікаў, піша onliner.by.
Пры гэтым школьнікі могуць афармляць візавыя дакументы і самастойна, і з дапамогай турфірмаў . Рашэнне прымае дырэктар школы. Ён жа складае заяву аб вызваленні ад консульскага збору.
«Адпаведна, зніжкамі на аплату консульскага збору могуць скарыстацца выключна вучні і працаўнікі школ, якія выязджаюць у якасці выхавальнікаў, у суадносінах 1 дарослы на 5 непаўналетніх дзяцей (не датычыць паездак дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі). У выпадку, калі колькасць выхавальнікаў — супрацоўнікаў школы — перавышае вышэйпазначаныя прапорцыі, арганізатары абавязаны пазначыць людзей, візавыя заявы якіх павінны быць разгледжаны на ільготных умовах. Заявы астатніх удзельнікаў паездкі, а таксама грамадзян, якія не маюць дачынення да школы, будуць разглядацца на агульных падставах», — сказана на сайце генконсульства.
Консульства гатова прымаць не больш за 100 заяў ад школьных груп на дзень. Пры гэтым вучням будуць выдаваць гадавыя польскія візы. А тым шчасліўчыкам, школы якіх заключылі дамову аб супрацы з польскімі навучальнымі ўстановамі, візу і ўвогуле будуць даваць адразу на тры гады.


 
  
 
