7 кастрычніка – моўная сустрэча з Пётрам Садоўскім

02.10.2015

Моўная сустрэча 7 кастрычніка:
Зязюльчыны яйкі ад “Рускага міру” ў мове
вучыць распазнаваць Пётра Садоўскі
Шаноўныя сябры,

Мовазнаўцы Пётра Садоўскі й Вінцук Вячорка запрашаюць на 31-шы сэзон Моўных сустрэчаў (пад эгідай Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў).

Серада, 7 кастрычніка, 18.30, Арт Сядзіба

Пётра Садоўскі
лінгвіст, кандыдат філялягічных навук, Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар

ЗЯЗЮЛЬЧЫНЫ ЯЙКІ АД “РУСКАГА МІРУ”. Як "высакародная кароста" яны ўліпаюць у нашу мову – у падтэкстах, асацыяцыях, намёках, жыўцом у цытатах “для ўзвышэньня стылю”...

Мілая беларускамоўная журналістка разьвітваецца зь сяброўкай перад Новым годам: “Стэлефануемся пасьля боя курантаў!”  
Вядомы літаратар разважае пра маральны выбар пісьменьніка: “Як сказана ў Эвангельлі...” І далей... пераходзіць на расейскую мову для цытаты.
Спартыўны журналіст хваліць маладога шахматыста: “Магчыма, гэта наш будучы Анатоль Карпаў”.    
Загаловак у недзяржаўнай газэце: Вы запытайце ў цішыні...
Подпіс пад фотаздымкам у той жа газэце: “Дзяўчаткі стаяць у баку...”

АЛЕ. Няма ў Беларусі вядомага вежавага гадзіньніка з боем. Мы маем некалькі перакладаў Эвангельля на нашу мову. Чаму б не ўзгадаць нашага гросмайстра Віктара Купрэйчыка? Ён лепшы, чым Карпаў, узор для маладых. У тым ліку і з маральна-этычных меркаваньняў. Хто адгадае радок зь песьні “Хотят ли русские войны?”. Да таго ж сёньня гэта гучыць фальшыва. Подпіс пад фатаздымкам – таксама радок з расейскай песьні: девчонки стоят в сторонке ...

Вядома, з эпідэміяй каросты трэба змагацца, як з сухотамі, на дзяржаўным узроўні. А пакуль што якое, трэба кожнаму ставіць сабе на ўваходзе і на выхадзе свой самаробны фільтар.

Пачатак а 18.30. Уваход вольны.

Арт Сядзіба, пр. Незалежнасьці, 58, гандлёвы цэнтар "Маскоўска-Венскі" (наступны за ЦУМам). 4 паверх (у правым пад'езьдзе ёсьць ліфт). Пакой 430.