«ЛіМ» абвяшчае конкурс метадычных распрацовак на лепшы ўрок

01.07.2017
Выдавецкі дом "Звязда" і рэдакцыя газеты "Літаратура і мастацтва" абвяшчаюць конкурс пазакласнага чытання па сучаснай беларускай літаратуры "Урокі сучаснасці". Удзельнічаць у ім могуць аўтары з Беларусі.
 
На суд журы будуць прадстаўлены метадычныя распрацоўкі ўрокаў пазакласнага чытання па сучаснай беларускай літаратуры. Гэта творы беларускіх аўтараў, напісаныя пачынаючы з 1990 года. Работы неабходна даслаць з 1 ліпеня па 31 снежня 2017 года ўключна на электронны адрас lim_new@mail.ru
 
Тэкст метадычнай распрацоўкі павінен змяшчаць у сабе назву і тэму занятка, абгрунтаванне актуальнасці тэмы, пералік твораў да занятку, арыгінальнасць правядзення ўрока, удзел вучняў і падведзеныя вынікі.
 
Матэрыялы будуць разглядацца ў рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”, лепшыя работы ўбачаць свет на яе старонках.
 
Аўтары трох лепшых распрацовак атрымаюць грашовыя ўзнагароды ў памеры 10, 7 і 5 базавых велічынь адпаведна занятаму месцу.
 
Палажэнне аб конкурсе глядзіце тут.
Паводле газеты "Звязда"