Анлайн-канферэнцыі даюць больш магчымасцяў для беларусаў. Яраслаў Якубоўскі cтаў прызёрам міжнароднай навуковай канферэнцыі па фізіцы

29.05.2020

Сёлета пандэмія змяніла не толькі фармат навучання, але і форму правядзення міжнародных навуковых мерапрыемстваў. Анлайн-фармат запатрабаваў абсалютна новых навыкаў ад нашых вучняў. І прыемна, што беларусы тут паказалі высокі ўзровень сфармаванасці кампетэнцый 21-га стагоддзя: валоданне медыя-інфармацыйнымі навыкамі, творчы падыход да выбару аб'ектаў даследаванняў, уменне прэзентаваць вынікі, камунікаваць з навуковай супольнасцю на роўных.

Выпускнік з Жодзіна Яраслаў Якубоўскі дакладна ведае формулу поспеху. Яраслаў сёлета стаў прызёрам міжнароднай навуковай канферэнцыі па фізіцы. Яе праводзілі ў Санкт-Пецярбургу ў анлайн-фармаце. Школьнік некалькі гадоў вывучае ўздзеянне моцных электраразрадаў на паверхню вадкасці. Прычым гэта не толькі навуковы інтарэс. Праект у будучыні можа быць вельмі запатрабаваны ў розных сферах.  Пра гэта Яраслаў распавядае першаму каналу БТ тут. 

Яраслаў і Эла Якубоўскія

У шматлікіх аўтараў сайта Nastaunik.info ёсць яшчэ адна нагода павіншаваць Яраслава: на працягу 11 год Ярык быў аб'ектам шматлікіх настаўніцкіх эксперыментаў. Яго бацькі - настаўнікі-метадысты Эла і Аляксандр Якубоўскія не толькі апрабоўвалі найноўшыя методыкі на ўласных дзецях, а яшчэ заўсёды, калі была магчымасць, бралі Ярыка на ўсе настаўніцкія семінары, метадычныя летнікі, дзе ён быў паўнавартасным удзельнікам і экспертам, які рэпрэзентуе мэтавую групу настаўніцкіх намаганняў. 
Віншуем цябе, Ярык!