Беларуская навучэнка перамагла ў «Дэбатах»
Марыяна Мірчук разам са сваёй камандай заняла ІІІ месца на міжнародным турніры па інтэлектуальнай гульні “Дэбаты”, які прайшоў у Чарнагорыі. У турніры ўдзельнічалі нацыянальныя зборныя каманды з 8 краін, а таксама з міжнароднага каледжа, дзе навучаецца Марыяна. А далучылася дзяўчына да “Дэбатаў” у Светлагорску (Гомельская вобласць).
Як распавяла Марыяна, “Дэбаты” – гэта гульня, дзе спаборнічаюць два бакі, якія адстойваюць розныя погляды на адну і тую ж праблему. У многіх краінах “Дэбаты” папулярныя сярод старшакласнікаў і студэнтаў. У кожнай камандзе – па 3 ўдзельнікі. Зараз Марыяна навучаецца ў Каледжы міжнароднай супольнасці ў г. Мостар (Боснія і Герцагавіна). Разам з беларускай у яе камандзе выступілі навучэнцы Клэр Чан-Кэй Ман з Кітаю і Себасцьян Дэбрувэр з Бельгіі.
На турніры ўдзельнікі адстойвалі альбо абвяргалі сцвярджэнні “Рэлігійныя святы не мусяць прызнавацца дзяржавай”, “Глабалізацыя стварае галечу” і “Элітарны турызм прыносіць больш карысці, чым масавы”. Па словах Марыяны, ніхто не чакаў, што яе каманда, якая прыехала на турнір “паглядзець і навучыцца”, пройдзе ў фінал і апярэдзіць многія нацыянальныя зборныя, якія маюць вялікі досвед удзелу ў “Дэбатах”.
“Дэбаты” маюць сваёй мэтай навучаць культуры дыскусіі, што асабліва карысна для грамадска-актыўнай моладзі. У Светлагорску М. Мірчук удзельнічала у маладзёвай суполцы Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. 2 гады таму дзяўчына ўпершыню выступіла ў “Дэбатах”, якія ў светлагорскім цэнтры пазашкольнай працы праводзяць студэнты са Славакіі.
Беларуская навучэнка перамагла ў «Дэбатах»
19.12.2008