Уладзіслаў Лупакоў, настаўнік хіміі
СШ № 10 г. Берасця
Кіслотамі ў хіміі называюцца рэчывы, у якіх атамы вадароду звязаны з так званымі кіслотнымі астаткамі. Атрымалі назву за кіслы смак. Некаторыя аўтары ў дачыненні кіслот выкарыстоўваюць састарэлае слова “квасы”, але ў навуковай і вучэбнай літаратуры яно распаўсюджання не мае. А як утвораны назвы некаторых кіслот?
Адыпінавая < грэц. “адыпіс” – тлушч.
Азелаінавая – ад назвы азотнай кіслаты + грэц. “алеум” – алей (бо атрымліваецца дзеяннем азотнай кіслаты на касторавы алей).
Аканітавая – ад назвы расліны аканіту, сям’я казяльцовых (люцікавых).
Акрылавая < лац. “акрыс” – едкі, востры.
Алеінавая < грэц. “алеум” – алей.
Ангелікавая < лац. “ангеліка” – дзягіль, расліна сям’і парасонавых.Анісавая – вылучана з анісавага алею.
Антранілавая < грэц. “антракс” – вугаль + санскр. “нілі” – сіні.
Альгінавыя < лац. “альга” – водарасць.
Арахінавая – ад назвы арахісу, або землянога арэху, расліны сям’і бабовых.
Аскарбінавая < лац. “а” – не + “скорбус” – хвароба цынга. Дадзеная кіслата (вітамін С) папярэджвае захворванне на цынгу.
Бегенавая – ад назвы расліны бегены, сям’я марангавых.
Бензойная < араб. “бензоа” – ладан.
Брасілавая, брасідынавая < лац. “брасіка” – капуста.
Бурштынавая (янтарная) – утрымліваецца ў бурштыне.
Валяр’янавая – утрымліваецца ў каранях валяр’яны, расліны сям’і парасонавых.
Вінаградная – упершыню была выдзелена з вінаграднага соку.
Вінная – атрымліваецца з віннага каменю (апошні выпадае ў ападак пры апрацоўцы віна або спіртавым браджэнні вінаграднага сусла).
Воцатная < лац. “ацід” – кіслата.
Гілавая < лац. “гіла” – чарнільны арэшак.
Галактаравая, галактонавая < грэц. “гала” – малочны напой.
Гліколевая < лац. “глікіс” – салодкі.
Глутаконавая, глутаравая < лац. “глютэн” – клей (утрымліваюцца ў клейкавіне пшаніцы).
Жоўчныя – утрымліваюцца ў жоўці.
Капронавая, капрылавая, капрынавая < лац. “капер” – казёл (утрымліваюцца ў малочным тлушчы, прычым не толькі ў казіным, але і ў каровіным і іншых).
Карболавая, карбонавая < лац. “карбон” – вугаль.
Камфарная – утрымліваецца ў камфары, г.зн. эфірным алеі камфарнага лаўра і іншых раслін.
Коркавая – утрымліваецца ў кары коркавага дуба, сям’я букавых.
Корычная – упершыню знойдзена ў карыцы, сям’я лаўравых.
Кратонавая – ад назвы расліны кратон, сям’я малачайных.
Лігнацэрынавая < лац. “лігнум” – дрэва + “цэра” – воск.
Лімонная – упершыню была знойдзена ў пладах лімонаў.
Ліналенавая, лінолевая < лац. “лінум” – лён + “алеум” – алей.
Малонавая < лац. “малум” – яблык.
Малочная – упершыню была адкрыта як прадукт малочнакіслага браджэння (пры скісанні малака, квашэнні капусты, саленні гародніны, сіласаванні кармоў).
Мантанавая < лац. “мантана” – гара (знойдзена ў горным воску).
Маргарынавая < грэц. “маргарон” – перлы (за бляск у цвёрдым выглядзе; утрымліваецца ў тлушчах, якія прымяняюцца ў вытворчасці маргарыну).
Масляная – упершыню знойдзена ў каровіным масле.
Міндальная – выдзелена з міндальнага алею.
Мелісінавая < грэц. “меліса” – пчала. У грэцкай міфалогіі імя Меліса (Меліта) маюць тры персанажы, звязаныя з пчоламі і мёдам: 1) дачка крыцкага цара Мялесія (Мялеція), якая ўскарміла немаўля Зеўса мёдам; 2) німфа, прамаці пчол; 3) жрыца Дэметры, у рэштках якой пасля гібелі завяліся пчолы.
Муконавая < лац. “мукус” – насавая слізь.
Мурашыная – упершыню знойдзена ў выдзяленнях мурашоў.
Нафтэнавыя – утрымліваюцца ў нафце.
Нуклеінавыя < лац. “нуклеус” – ядро (упершыню былі знойдзены ў ядрах клетак жывых арганізмаў).
Пальмітынавая < грэц. “пальмес”, “пальміціс” – пальма.
Пангамавая < грэц. “пан” – усюды + “гамас” – насенне (бо ўтрымліваецца ў насенні многіх раслін).
Пантатэнавая < грэц. “пантатэн” – паўсюдны (сінтэзуецца ўсімі зялёнымі раслінамі).
Пеларгонавая – утрымліваецца ў эфірным алеі пеларгоніі (герані), расліны сям’і пеларгоневых (гераневых).
Пікрынавая < грэц. “пікрас” – горкі.
Пімелінавая < грэц. “пімелас” – тлушч.
Пірувінавая < грэц. “пір” – агонь + “ува” – вінаград (атрымліваецца пры моцным награванні вінаграднай кіслаты).
Плавікавая – здольная “плавіць” (раствараць) шкло.
Прапіёнавая < грэц. “протас” – першы + “піён” – тлушч (гэта першы прадстаўнік гамалагічнага шэрагу карбонавых кіслот, рэшткі малекул якога ўваходзяць у склад тлушчаў).
Рыцынавая, рыцыналенавая < лац. “рыцына” – клешчавіна, або кастор, расліна сям’і малачайныя, з насення якога атрымліваюць касторавы алей.
Саліцылавая < лац. “салікс” – вярба.
Саляная – ад слова “соль” (лабараторны спосаб яе атрымання – дзеянне канцэнтраванай сернай кіслаты на цвёрдую кухонную соль).
Сарбінавая < лац. “сорбус” – рабіна, расліна сям’і ружакветных.
Себацынавая < лац. “себум” – сала.
Сінільная < лац. “цыян” < грэц. “кіянас” – сіні.
Смаляныя – утрымліваюцца ў смале хвойных дрэў.
Стэарынавая < грэц. “стэар” – тлушч.
Тапсінавая – ад назвы расліны тапсія з грэцкага вострава Тапсас.
Фоліевая < лац. “фоліум” – ліст.
Фтыёнавая < грэц. “фтызіс” – чахотка, туберкулёз (знойдзена ў абалонцы клеткі туберкулёзнай палачкі).
Фумаравая < лац. “фумус” – дым; утрымліваецца ў расліне дымніцы, сям’я макавых, выкарыстоўвалася для акурвання памяшканняў пры ўрачыстасцях.
Хрызантэмавая – утрымліваецца ў кветках хрызантэмы, сям’я астракветных.
Цэратынавая < грэц. “цэратас”, “кератас” – рог.
Цукровая – атрымліваецца пры дзеянні канцэнтраванай азотнай кіслаты на цукрозу.
Шчаўевая – упершыню знойдзена ў лісці шчаўя.
Эрукавая – ад назвы расліны эрукі, сям’я крыжакветных.
Энантавая < грэц. “ойнэ” – віно + “антас” – кветка (некалі лічылася, што гэтая кіслата вызначае пах віна).
Яблычная – утрымліваецца ў яблыках і іншых пладах.
Акрамя прыведзеных ёсць цэлы шэраг кіслот, назвы якіх утвораны ад асноўнага маркернага элемента:
Азоцістая, Азотная, Борная, Бромавадародная, Ёдавадародная, Ёднаватая, Ёдная, Серная, Артафосфарная, Артакарбонавая, Сярністая, Серавадародная, Фторавадародная, Хлорнавацістая, Хлорнаватая, Хлорыстая, Хлорная, Крэмніевая, Марганцавая, Вугальная, Раданіставадародная, Тыясерная, Мыш’яковая, Малібдэнавая, Тэхнецыевая (Пертэхнецыевая), Палоніевая, Плутоніевая (H2PuO4), Метафосфарная, Хромавая і г.д. кіслоты.
Паводле: Наша слова
Як утварыліся назвы кіслот?
20.04.2011