Хочуць адлічыць? Не ведаеш, як размеркавацца? Новы «Кодэкс аб адукацыі» наганяе на цябе жах? Спецыялісты юрыдычнай кансультацыі «Студэнцкай Рады» дапамогуць разабрацца ў гэтых пытаннях!
У жніўні «Студэнцкая Рада» запусціла праект юрыдычнай кансультацыі студэнтаў па іх правах. Праект стартаваў у пілотным рэжыме. Звярнуцца па дапамогу і тлумачэнне мог кожны жадаючы асабіста ці праз форму на сайце. Паслуга кансультантаў – бясплатная. 
Якія праблемы вырашаюць юрысты
Праблемы, з якімі ідуць у «Студэнцкую Раду», звычайна звязаныя з адукацыяй у ВНУ. Вельмі хвалююць студэнтоту пытанні адлічэння, пераводу ў іншы ўнівер. Цікавяцца тым, як можна атрымаць льготы на адукацыю, як знізіць аплату. Часта звяртаюцца за каментарамі па новаму Кодэксу аб адукацыі. Важным пытаннем для маладзёнаў застаецца і размеркаванне.
За 2 месяцы працы па дапамогу звярнулася каля 40 чалавек. Усе яны дзяліліся сваімі праблемамі праз форму на сайце . 5 чалавек адважыліся звярнуцца асабіста.
«Канечне, лепшы эфект дасягаецца ў асабістай размове. Таму не бойцеся прыходзіць, дапаможам усім», – кажа каардынатар праекта юрыдычнай дапамогі Аляксандр.
Акрамя электроннай формы, на сайце «Студэнцкай Рады» таксама існуе магчымасць прычапіць электронныя копіі неабходных дакументаў. Гэта дае магчымасць юрыстам лепш разабрацца ў сітуацыі.
Юрысты-кансультанты: call for application
Зараз на пастаяннай аснове ў кансультацыі працуе 5 валанцёраў. Арганізацыя актыўна шукае новых супрацоўнікаў.
«У камандзе мы хочам бачыць студэнтаў старэйшых курсаў юрыдычных спецыяльнасцяў, якія цікавяцца абаронай правоў студэнтаў. Тэма ім блізкая, магчымасць атрымаць рэальны вопыт – каласальная», – упэўнены каардынатар праэкту.
Каб далучыцца да каманды юрыстаў-кансультантаў, якія працуюць са студэнцкімі праблемамі, неабходна запоўніць анкету і адправіць па электроннай пошце.
Дэдлайн падачы заявак – 8 лістапада. Адсылаць анкеты трэба па адрасе mr.barrister.com@gmail.com.
Як прымусіць універы змяніцца ў лепшы бок
«Студэнцкая Рада» запрашае студэнтаў распавесці пра праблемы ў сваіх ВНУ. Гэта ўнікальная магчымасць ананімна расказаць пра праблемы, якія існуюць у тваім універы, падзяліцца гэтай інфармацыяй з іншымі і рашыць яе!
Студэнты скардзяцца на стан пакояў інтэрната, адсутнасць прафесійнай літаратуры і падручнікаў, праблемы з буфетамі і практыку хабару.
«Мы выяўляем канкрэтныя парушэнні заканадаўства і пішам калектыўны зварот у атэстацыйную камісію. Зараз універы праходзяць атэстацыю, таму гэта самы час казаць пра праблемы. Мы можам звярнуцца і проста да рэктара. Зразумела, што ён будзе варушыцца, каб вырашыць праблему, бо трэба атрымаць атэстацыю», – дзеліцца сваім планам Аляксандр.
Хочаш змяніць становішча – пішы на mr.barrister.com@gmail.com. Прыярытэт – прадстаўнікам рэгіёнаў.
Паводле: Настасся Ероха, ampby.org
Юрыдычная on-line кансультацыя «Студэнцкай Рады» – бясплатнае вырашэнне студэнцкіх праблем
01.11.2011



