Традыцыйны фестываль-кірмаш народных майстроў пройдзе ў Гродне 27 лютага.
На свята ў гонар апекуна майстроў і рамеснікаў св. Казіміра запрашае непрызнаваны ўладамі Саюз Палякаў на Беларусі разам з Генеральным Консульствам РП у Гродне.
- Для майстроў такія кірмашы вельмі важныя, – каментуе падзею Рэната Дзем’янчук, намесніца страшыні СПБ па справах культуры, - яны пакажуць свае вырабы: кераміку, бісерапляценне, бондарскія вырабы, абрусы, сурвэткі і шмат што іншае, так бы мовіць, і сябе пакажуць і на другіх паглядзяць.
Спадарыня Рэната таксама распавяла, што на “Казюках” адбудзецца канцэрт з удзелам капэлы “Хабры”, фальклорных калектываў “Матчына песня” і “Струбнічанка”.
Гасцей кірмашу будуць частаваць гарачай кавай, гарбатай ды хрустамі.
Імпрэза адбудзецца ў дворыку перад Консульствам РП у Гродне, па вул. Будзёнага 48-а.
У выпадку моцных маразоў кірмаш перанясецца ў памяшканне Консульства, дзе выдаюць Карты Паляка.
Пачатак свята ў 12 гадзін.
“Казюкі” ладзяцца з мэтай адраджэння даўняй традыцыі першых веснавых кірмашоў, якія на Гродзеншчыне і Віленшчыне вядомыя з канца 18 ст.
Пачынаючы з 1690 г. гэтыя кірмашы называюцца “Казюкі”, бо праводзіліся 4 сакавіка, у дзень св. Казіміра. Майстры мелі магчымасць дэманстраваць работы зробленыя за зімовы перыяд.
Лічылася, як пройдзе гандаль у гэты дзень – такі будзе і ўвесь год.
Фота мінулых гродзенскіх «Казюкаў" з сайта http://zpb.org.pl/
Гражына Шалкевіч, Твой стыль
Гродзенскія “Казюкі” сёлета на тыдзень раней
25.02.2011