НАПІШЫ ЭСЭ І ПАСТУПАЙ У ЕГУ ПА АCАБЛІВЫХ ПРАВІЛАХ!
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт абвяшчае конкурс творчых прац сярод абітурыентаў 2011 года.
Конкурс "Інтэлектуальны марафон" праводзіцца па ўсіх навучальных кірунках бакалаўрскай школы з мэтай выявіць адораных прэтэндэнтаў на навучанне і даць ім магчымасць паступаць у ЕГУ на асаблівых умовах.
Будучыя абітурыенты могуць удзельнічаць у конкурсе па адным з навучальных кірункаў бакалаўрскай школы:
Сацыяльная і палітычная філасофія
Беларусістыка: Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія
Культурная спадчына і турызм
Медыя і візуальны дызайн
Медыя і камунікацыя: масавыя камунікацыі і журналістыка
Медыя і камунікацыя: візуальная культура (кіно, тэлебачанне, Інтэрнэт)
Міжнароднае права
Паліталогія і еўрапейскія даследаванні
Тэорыя і практыкі сучаснага мастацтва
Конкурс творчых прац абітурыентаў ЕГУ "Інтэлектуальны марафон" праводзіцца ў два этапы: папярэдні адборачны этап і вочны этап. На папярэднім этапе конкурса па ўсіх навучальных кірунках, акрамя праграмы «Медыя і візуальны дызайн», неабходна напісаць хатнюю творчую працу (сачыненне-эсэ) на тэму «Што азначае быць еўрапейцам?«.
Патрабаванні да выканання працы: фармат А4; міжрадковы інтэрвал – 1,5; шрыфт – Times New Roman; памер шрыфта – 12. Аб’ём – 3–4 старонкі. Мова напісання – беларуская ці руская. Калектыўныя працы да разгляду прымацца не будуць.
Адборачны этап конкурса для ўдзельнікаў, якія абралі кірунак «Медыя і візуальны дызайн», праходзіць у форме стварэння серыі паштовак (ад дзвюх да пяці) на тэму «Дзень ведаў«.
Патрабаванні да афармлення:
1. памер усіх паштовак павінен быць 100x150 міліметраў;
2. тэхніка выканання адвольная (малюнак, калаж, кампутарная графіка);
3. усе паштоўкі серыі павінны быць аб’яднаныя тэматычна і графічна.
Працы (эсэ і паштоўкі) павінны быць высланыя да 21 сакавіка 2011 года па электроннай пошце на адрас marathon@ehu.lt разам з заяўкай для ўдзелу ў конкурсе.
Канкурсанты, якія паспяхова прайшлі папярэдні этап, запрашаюцца для ўдзелу ў вочным этапе, пра што ім будзе паведамлена да 25 сакавіка 2011 года. Вочны этап адбудзецца ў адзін з дзён школьных вакацыяў: 28 сакавіка – 3 красавіка 2011 года.
Падчас вочнага этапу конкурса ўдзельнікам па ўсіх навучальных кірунках, акрамя праграмы «Медыя і візуальны дызайн», будзе прапанавана выканаць пісьмовае творчае заданне па абраным навучальным кірунку. Час абмежаваны – 120 хвілін. Вочны этап конкурса для ўдзельнікаў, якія абралі кірунак «Медыя і візуальны дызайн», праходзіць у форме выканання творчых заданняў па фармаце ўступнага экзамену па кампазіцыі. Час абмежаваны – 180 хвілін.
Па выніках конкурса паводле рашэння конкурснай камісіі вызначаюцца пераможцы (I, II і III месца) конкурса.
Пераможцы (I-III месцы) конкурса творчых прац абітурыентаў ЕГУ "Інтэлектуальны марафон", якія паступаюць у ЕГУ на праграму бакалаўрскага ўзроўню, вызваляюцца ад уступнага экзамену па напісанні эсэ (а тыя, хто паступае на праграму «Медыя і візуальны дызайн» – ад уступнага экзамену па кампазіцыі): пераможцам (I месца) выстаўляецца адзнака 10 балаў, а тым, хто заняў II і III месцы, – адзнака, атрыманая на конкурсе.
Пры залічэнні ў ЕГУ прыёмная камісія ўніверсітэта дадае пераможцам (I месца) конкурса 0,5 бала да агульнай сумы балаў, набраных за ўступныя экзамены.
Пры залічэнні ў ЕГУ пераможцы (I-III месца) конкурса маюць перавагі пры іншых роўных умовах.
Пераможцы конкурса будуць запрошаныя ў Вільню на Міжнародную студэнцкую навуковую канферэнцыю, якая адбудзецца 14–15 траўня. Ім будуць аплочаныя дарожныя выдаткі, пражыванне, культурная праграма і візы.
Вынікі будуць паведамленыя ўдзельнікам да 10 красавіка 2011 года па электроннай пошце.
я інфармацыя даступная на сайце http://students.ehu.lt/marathon, а таксама ў сацыяльных сетках http://vkontakte.ru/club2912041 і http://www.facebook.com/group.php?gid=332167776741
"Інтэлектуальны марафон": Конкурс творчых прац для абітурыентаў ЕГУ
12.03.2011