Апошні тэрмін падачы заявак – 12 жніўня 2011 г.
Кожную хвіліну ва ўсім свеце людзі робяць добрыя справы на карысць іншых людзей. Робяць не дзеля ўлады, не дзеля грошай. Гэтыя людзі заслугоўваюць, каб пра іх ведалі!
Грамадскае аб’яднанне «Цэнтр «Трэці сектар» абвяшчае конкурс «Будзь у Трэцім!».
Яго мэтай з’яўляецца заахвочванне людзей да больш актыўнага ўдзелу ў паляпшэнні якасці жыцця нашага грамадства, папулярызацыя грамадска-карыснай дзейнасці грамадскіх арганізацый ды грамадскіх ініцыятываў.
Арганізацыі ды рознага кшталту ініцыятывы, дабраахвотна заснаваныя грамадзянамі для вырашэння розных праблемаў грамадства, прынята адносіць да трэцяга сектару (першы аб’ядноўвае дзяржаўныя арганізацыі, другі – камерцыйныя). Ва ўсім свеце ўдзел у дзейнасці арганізацый трэцяга сектару з’яўляецца ганаровым, усяляк заахвочваецца з боку дзяржавы, установаў адукацыі, кіраўніцтва фірмаў і прадпрыемстваў.
У межах нашага конкурсу вы маеце добрую магчымасць зрабіць сваю грамадскую дзейнасць больш вядомай, далучыць да яе новых людзей. Пераможцы конкурсу атрымаюць дыпломы і прызы.
Конкурс праводзіцца ў дзвюх намінацыях:
• Найлепшы інтэрнэт-рэсурс, які папулярызуе ідэю грамадскай актыўнасці (на перамогу ў намінацыі могуць прэтэндаваць сайты грамадскіх арганізацый Гарадзеншчыны);
• Найлепшая грамадская ініцыятыва альбо грамадская інтэрнэт-кампанія, скіраваная на вырашэнне праблем грамадства, дапамогу людзям.
Пераможцу будуць вызначаць прызнаныя эксперты ў вобласці інтэрнэт-журналістыкі і сувязяў з грамадскасцю. Намінацыя прадугледжвае і вызначэнне прыза глядацкіх сімпатыяў.
У намінацыі «Найлепшая грамадская ініцыятыва альбо грамадская інтэрнэт-кампанія» пераможцу будуць вызначаць інтэрнэт-карыстальнікі праз галасаванне ў сацыяльных сетках (у групе арганізацыі ў Кантакце і на старонцы ў Фэйсбуку).
Да 12 жніўня ўключна кожны ахвотны можа падаць заяўку на ўдзел у конкурсе, запоўніўшы далучаную да гэтай абвесткі анкету і даслаўшы яе на скрынку 3sektar@gmail.com .
Галасаванне за намінантаў пачнецца з 13 жніўня і будзе працягвацца да 23 верасня.
Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца 27 верасня на ўрачыстым мерапрыемстве, дзе кожны ўдзельнік конкурсу зможа прэзентаваць сябе і сваю дзейнасць.
Спампаваць анкету (doc 28,0 Kb)
Будзь у Трэцім!: Конкурс сайтаў і інтэрнэт-кампаній
04.08.2011