З’явілася электронная версія папулярнай моладзевай гульні «кракадзіл» на беларускай мове: цяпер на смартфон можна запампаваць “Яшчарку” і разам з сябрамі паказваць і адгадваць нечаканыя словазлучэнні з беларускіх словаў.
Гуляць у “Яшчарку” вельмі проста: калі націснуць на кнопку “Загадаць!”, то на экране з’явіцца ўнікальнае словазлучэнне з прыметніка і назоўніка, якое трэба паказаць сваім сябрам толькі пры дапамозе жэстаў, рухаў і мімікі. Хто першы адгадае словазлучэнне – загадвае наступным!
Гульня змяшчае 100 прыметнікаў і 100 назоўнікаў, якія выбіраюцца выпадковым чынам. Мабільнае прыкладанне “Яшчарка” працуе на Android-тэлефонах і планшэтах і даступна для бясплатнай спампоўкі ў Google Play.
Цяпер дастаткова запампаваць «Яшчарку» на свой смартфон, каб у любы момант пагуляць з сябрамі: на вечарыне, дома, на прыродзе, або ў дарозе — аўтобусах, электрычках ды цягніках.
Мабільная “Яшчарка” з’явілася дзякуючы android-распрацоўшчыку Алегу Ляліку. Гульня з’яўляецца электроннай версіяй аднайменнай рэальнай настолкі, выпушчанай ў канцы 2014 года Паўлам і Воляй Берасневымі.