Школьнікі стварылі шэраг відэаролікаў з дэкламацыяй вершаў беларускіх класікаў

Вучні 5–11 класаў сярэдняй школы №40 Віцебска стварылі праект «Люблю чытаць па-беларуску», для якога запісвалі відэа з уласнай дэкламацыяй вершаў беларускіх паэтаў.

Прыхільнікі беларускай паэзіі здымалі відэа цягам году  з сакавіка 2015 па сакавік 2016 года, паведамляецца на сайце школы. Шчыра і пранікнёна школьнікі перад камерай чыталі беларускія вершы ў дварах і на вуліцах роднага Віцебска, на беразе рэчкі, у полі і ў лесе.

Чатырнаццаць лепшых відэакліпаў, запісаных вучнямі СШ №40, можна ўбачыць на канале школы ў YouTube. Там прадстаўленыя наступныя вершы:

Ніна Аксёнчык “О май, — пара кахання”
Максім Багдановіч “Зімой”
Рыгор Барадулін “Уцякала зіма ад вясны” і “Пакуль жывеш развітвайся з жыццём”
Міхал Будаеў “Лета”
Вера Вярба “Матуліны рукі”
Ніл Гілевіч “Маці”
Анатоль Грачанікаў “Зоры спяваюць” і “Над Белаю Руссю…”
Якуб Колас “На полі вясною”
Янка Купала “Лета” і “Спадчына”
Пімен Панчанка “Той дзень прапаў і страчаны навекі”
Максім Танк “Родная мова”

Сяржук Серабро, Народныя навіны Віцебска