Крыніца: Газета Звязда
Праект уяўляе сабой ілюстрацыйны акаўнт https://www.instagram.com/young_phys/, скіраваны на папулярызацыю фізікі як навукі, а таксама далучэнне да гэтай сферы як мага большай колькасці людзей. Аўтар ідэі Павел Лабацэвіч праз малюнкі і подпісы да іх даступна тлумачыць сутнасць фізічных законаў, з'яў і прынцыпаў.
Малады навуковец вядзе адукацыйны акаўнт на дзвюх мовах: рускай і англійскай. Ілюстратарам выступае ён сам.
— На малюнак сыходзіць ад двух гадзін да пару дзён, пры гэтым адну замалёўку магу перарабляць па некалькі разоў, — расказвае аспірант фізічнага факультэта БДУ. — Тэмы выбіраю выпадковым чынам, стараюся разглядаць рэчы, якія ўсіх цікавяць. Упэўнены, што сюжэтаў для праекта будзе дастаткова. Для таго, каб апісаць усё з нашай рэчаіснасці з пункту гледжання фізікі, трэба пражыць не адно жыццё.
Акаўнт зараз адкрыты для карыстальнікаў. Для прагляду не абавязкова быць зарэгістраваным у дадзенай сацыяльнай сетцы. Праект “Фізіка для ўсіх” набірае папулярнасць. За два месяцы работы акаўнта на яго падпісаліся у Інстаграме больш як 1200 чалавек.
Надзея НІКАЛАЕВА