На працягу двух дзён 82 педагогі з розных рэгіёнаў Расіі будуць слухаць лекцыі, працаваць падчас майстар-класаў, наведваць школьныя ўрокі беларускіх настаўнікаў. Менавіта актыўная ацэнка прыцягнула ўвагу калег з суседняй краіны. У першы дзень сустрэчы з расіянамі працавалі Мікалай Запрудскі, Алена Радзевіч, Тамара Мацкевіч. Потым адбылося пагружэнне ў тэму на практычных занятках, якія вялі беларускія настаўнікі. Святлана Мацулевіч з Глыбокага і Наталля Катчанка з Нясвіжу правялі ўрокі для дарослых, дзе настаўнікі мелі магчымасць адчуць сябе вучнямі і прааналізаваць усе элементы актыўнай ацэнкі з пункту гледжання навучэнца. На майстар-класе Вольгі Жыткай з Ушачаў усе прысутныя распрацоўвалі эфектыўны ўрок, Дар'я Касякова з Мінску на сваім занятку па гісторыі пазнаёміла калег не толькі з тэхналогіяй актыўнай ацэнкі, але і з гісторыяй Беларусі, невядомай расіянам. Першы дзень заняткі адбываліся ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Другі дзень госці правядуць у гімназіі № 14, дзе навучанне вядзецца на беларускай мове.
Падчас сустрэчы ў беларускіх настаўнікаў таксама была магчымасць паслухаць пра расійскі досвед ацэначнай дзейнасці і праблемы, з якімі яны сутыкаюцца. Болшасць настаўнікаў з Расіі разумее фарматыўнае ацэньванне як кантроль, а не як спосаб навучання. Аднак актыўная (фарматыўная) ацэнка - гэта ацэнка і карэкцыя працэсу навучання, а не спосаб выстаўлення адзнак. Менавіта такога падыходу прытрымліваюцца еўрапейцы, і такое бачанне АА заклалі беларусы ў сваю тэхналогію Актыўнай ацэнкі. Аляксандр Піменаў, - заслужаны настаўнік Расіі і кіраўнік дэлегацыі, пачаў сваю прэзентацыю з аналізу вынікаў даследаванняў прафесара Джона Хэці. Прыемна, што мы чытаем адны крыніцы. Значыць можна будзе знайсці і агульнае разуменне метадаў сучаснага навучання і яго мэтаў.
Даведка.
Актыўная Ацэнка — тэхналогія навучання, заснаваная на эфектыўнай зваротнай сувязі. Прызнаная найлепшай для паляпшэння матывацыі і вучнёўскіх дасягненняў, асабліва для тых, хто мае праблемы з вучобай. Актыўная Aцэнка эфектыўна рыхтуе маладых людзей вучыцца на працягу ўсяго жыцця, браць адказнасць за сваё навучанне. АА выкарыстоўваецца ў шматлікіх краінах і паводле даследаванняў займае першае месца сярод усіх методык, якія павышаюць эфектыўнасць навучання. Праграму ўкаранення актыўнай ацэнкі у Беларусі вядзе Таварыства беларускай школы з 2009 года.
Больш інфармацыі ў групе на ФБ :https://www.facebook.com/groups/581111412029839/permalink/1201100286697612/