Дзмітрый Ровенскі - знакаміты педагог, выдатнік адукацыі, аддаў роднай школе 50 год. І бадай, адзіны ў краіне атрымаў званне заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, працуючы ў школе. Усе яго тут ведаюць, паважаюць і ласкава завуць Дзім-Дзімыч. Менавіта Дзім-Дзімыч і створаны ім фальклорны ансамбль "Дударыкі" зрабілі сталічную гімназію № 14 знакамітай. Не выключана, што дзякуючы "Дударыкам" гэтую гімназію ўладам не ўдалося "аптымізаваць" і дагэтуль там навучанне вядзецца па-беларуску. Дарэчы, сёлета, калі крыху спаў адміністратыўны прэс, назіраўся цэлы ажыятаж жадаючых вучыцца па-беларуску ва ўсіх пяці беларускамоўных навучальных установах сталіцы. Беларусы пачалі разумець, што ў глабальным свеце мы можам выйграць канкурэнцыю толькі сваёй адметнасцю, а не капіяваннем кагосьці з суседзяў.
Вось "Дударыкі" і паказваюць усяму свету, якія мы - беларусы - маем культурныя карані. Яны далі больш за 500 канцэртаў за мяжой.
Прапануем запіс некалькіх нумароў з канцэрта Дударыкаў 2018 года на роднай сцэне, які яны паказалі настаўнікам з Расіі. Дарэчы, расіяне прыехалі ў Гімназію № 14 вучыцца ў нашых настаўнікаў якраз беларускім адукацыйным традыцыям і інавацыям.