Увага-увага! Настаўнікі пачатковых класаў! Для вас навагодні падарунак.
Заўтра, 4 студзеня 2018 года, сайт Nastaunik.info пачынае публікацыю вучэбна-метадычнага комплексу для вывучэння прадмета "Чалавек і свет: Мая Радзіма - Беларусь". Больш за год над яго стварэннем працавалі Ганна Рыкава, Святлана Сяргеева і мастачка Марына Таразевіч. Да кожнай тэмы яны падрыхтавалі відэа-ролік, план-каспект урока, распрацавалі заданні і раздаткі.
Комплекс створаны ў адпаведнасці з навучальнай праграмай для 4-га класа і падручнікам Паноў С. В., Тарасаў С. В. "Чалавек і свет. Мая Радзіма — Беларусь" 4 клас, 2018 г.
Вялікая просьба ад каманды стваральнікаў да калег, якія вучаць 4-я класы - апрабаваць гэтыя ўрокі і выказаць свае заўвагі і прапановы. Аўтары вельмі зацікаўлены ў канструктыўнай зваротнай сувязі і гатовы ўлічыць усе заўвагі.
Просьба да ўсіх іншых настаўнікаў - перадаць гэту інфармацыю настаўнікам пачатковых класаў у сваіх школах.
Матэрыялы вучэбна-метадычнага комплексу можна выкарыстаць як для традыцыйнага ўрока, так і для перакуленага навучання. Яны будуць карысныя і вучням для самастойнага праходжання тэмаў, падрыхтоўкі дамашняга задання.
Са зместам прадмета вучняў будуць знаёміць мульцяшныя героі. Яны прадстаўляюцца самі ў наступным відэа.