Апошні тэрмін – 28 кастрычніка 2019 г., 17:00
Запрашаем настаўнікаў, выкладчыкаў педагагічных установаў, метадыстаў на курс дыстанцыйнага навучання «Медыяадукацыя ў школе».
Умовы ўдзелу
Усе кандыдаты для ўдзелу ў праграме павінны:
• Займацца актыўнай выкладчыцкай дзейнасцю і мець жаданне развіцця сваіх прафесійных навыкаў, прафесійнай самарэалізацыі;
• Быць адкрытымі да ўспрыняцця новай інфармацыі і гатовымі да апрабацыі новых ведаў на практыцы;
• Валодаць базавымі ведамі па карыстанні камп’ютарам і мець доступ да інтэрнэту, мець уласную скрыню электроннай пошты;
• Самастойна даслаць заяўку на навучанне.
Змест і арганізацыя курса
Дыстанцыйны курс «Медыяадукацыя ў школе» складзены беларускімі педагогамі з мэтай дапамагчы настаўнікам выкарыстаць «бонусы» медыйнай прасторы для навучання: пашырэння і актуалізацыі змеcту навучальных прадметаў, павышэння матывацыі і фармавання медыйнай пісьменнасці вучняў. Курс будзе практыка-арыентаваным і не будзе патрабаваць ад настаўніка правядзення дадатковых заняткаў. Падобна навучанню традыцыйнай пісьменнасці, медыяпісьменнасць уяўляе сабой набор кампетэнцый, якія можна фармаваць пры выкладання любых прадметаў.
Як удзельнік/ удзельніца курсаў Вы будзеце з дапамогай ментара паступова знаёміцца з тэорыяй і практыкай медыяадукацыі і ўводзіць на сваіх уроках і выхаваўчых занятках элементы фармавання медыйнай пісьменнасці вучняў. Курс складаецца з шасці модуляў. Кожны модуль працягваецца ад аднаго да трох тыдняў. У кожным модулі ўдзельнікі будуць атрымліваць дыдактычны матэрыял і заданне, якое будуць павіннны зрабіць у класе са сваімі вучнямі (студэнтамі). Пры жаданні ўдзельнікі змогуць карыстацца дадатковай літаратурай, а таксама матэрыяламі, якія будуць дасланы ўсім удзельнкам курса. Пасля кожнага модуля пішацца справаздача ў выглядзе анкеты.
Настаўнікі, якія скончаць курс, атрымаюць пасведчанне аб заканчэнні 60-гадзіннага курса.
Для найлепшых удзельнікаў курса плануецца магчымасць далучэння да іншых праграм па тэмах "Медыяадукацыя", "Развіццё крытычнага мыслення", якія вядзе Таварыства беларускай школы ў супрацоўніцьве з айчыннімі і замежнымі партнёрамі.
Тэрмін навучання – 3,5 месяцы.
Пачатак курса – 4 лістапада 2019 г.
Удзел у навучанні – бясплатны.
Хто вядзе курс
Курс дыстанцыйнага навучання праводзіцца пры арганізацыйнай падтрымцы РГА «Таварыства беларускай школы», адукацыйнага парталу nastaunik.eu. У якасці ментараў і кансультантаў выступаюць найлепшыя педагогі-практыкі, метадысты і выкладчыкі ВНУ, якія маюць тэарэтычную падрыхтоўку, уласны вопыт правядзення заняткаў з медыяадукацыйным зместам, і якія ў вялікай ступені склалі гэты інтэрнэт-курс.
Як падаць заяўку
Для ўдзелу ў конкурсным адборы трэба запоўніць анкету-заяўку . Калектыўныя заяўкі не прымаюцца. Перавага будзе аддадзена найбольш матываваным удзельнікам і прадстаўнікам школ, дзе працуюць інавацыйныя пляцоўкі.
Апошні тэрмін прыёму заявак – 28 кастрычніка 2019 г., 17:00.
На курс плануецца набраць 45 чалавек.
Пра вынікі адбору будзе паведамлена да 4 лістапада 2019 г.
Тым, хто не пройдзе конкурсны адбор паведамленне будзе адпраўлена пасля фармавання груп курса.