Часопіс "ЖЭЎЖЫК" - бясплатна для нашых дзетак

Знаёмцеся! Анлайн-часопіс "ЖЭЎЖЫК".  
 
Першы нумар быў вельмі простым па вёрстцы і ўсяго на 20 старонак. Прывітальнае слова да чытачоў - ад імя беларускага  хлопчыка з незвычайным імем Жэўжык. Амаль усё ў часопісе прысвечана тэме птушак і вясны ў Беларусі: расказ пра першых птушак, што вяртаюцца да нас і што такое  вырай; крыжаванка, майстар-клас па лепцы, папяровая самаробка, рэбус, галаваломка. А яшчэ рэцэпт незвычайнай кашы і цікавы дэтэктыўны комікс. Раім пазнаёміцца з "Жэўжыкам" бліжэй. Далей будзе болей, будзе весялей!
 
 
 
Другі нумар змяшчае багата пазнавальных матэрыялаў пра адметнасці нашага Вялікадня: валачобніцтва, васолы, гульні ў біткі і пакатушкі.
З'явілася новая рубрыка, што будзе пастаяннай надалей, - "Слоўнік юнага дойліда". На яе старонках чытачы будуць знаёміцца з выбітнымі будынкамі беларускай архітэктуры. Пачалі з нясвіжскага касцёла Божага Цела. Да велікоднай тэмы яшчэ падрыхтаваны парады па фарбаванні яек і разнастайныя забаўкі (комікс, лабірынт, знаходкі, рэбусы, галаваломка). Плюс заканчэнне дэтэктыўнага комікса.
 
 
 
"Летні", трэці нумар прысвечаны дрэвам. У часопісе ўжо можна пабачыць намаляванага галоўнага персанажа. Дызайн выдання заўважна палепшыўся, а аб'ём вырас да 32 старонак. У гэтым нумары можна прачытаць пра тое, як захаваць нашы лясныя скарбы. Дазнайцеся, як назваць розныя часткі дрэва, і  зазірніце пад яго кару. Правядзіце цікавы эксперымент. Пазнаёмцеся з адным з самых старых драўляных будынкаў Беларусі.  Забаўкі па тэме: словаловы, судоку, блытанка, майстар-клас.
Жэўжыку прыйшлі першыя пытанні ад чытачоў, на якія ён даў адказ.
Яшчэ адна навінка - старонка англійскай мовы. 
І, вядома ж, чытайце дэтэктыўны супер-комікс.
 
 
 
Нарэшце, чацвёрты, зусім свежы нумар "да дна" раскрывае тэму "Водная сістэма Беларусі". А пад вокладкай - дзівосныя фотаздымкі беларускай прыроды ад Віктара Малышчыца; "Нашы рэкі і вадаёмы: міфічныя і рэальныя"; легенды і пабудова вадзянога млына; незвычайная шыфроўка пра таямнічае беларускае мора; водны эксперымент, наша першая гульня-хадзілка "Плывём з варагаў у грэкі"; адказы на пытанні чытачоў, 
загадкі пра ваду, пастаянныя забаўкі, старонка англійскай мовы. 
І яшчэ 2 сюрпрызы: матэматычная старонка і святочны конкурс з добрымі прызамі. 
Ну і абавязкова на дэсерт - новы комікс ад "Рэдакцыі рызыкантаў".
 
 
Часопіс "ЖЭЎЖЫК" робяць бацькі для сваіх дзетак талакою, яго бясплатна можна спампаваць, раздрукаваць, або карыстацца электроннай версіяй. 
 
 

Cтаронкі "Жэўжыка" ў сацыяльных сетках: 

 
Больш пра часопіс тут: