Учора стала вядома, што нас хутчэй за ўсё адправяць на другія канікулы ў той час, калі ўсе нашы суседзі абвесцілі каранцін .
Каранцін адрозніваецца ад канікулаў тым, што вучоба пры гэтым не спыняецца - дзяржава бярэ на сябе абавязкі арганізаваць дыстанцыйнае навучанне, забяспечыць настаўнікаў методыкамі, інструментамі, матэрыяламі. У нашым выпадку настаўнікам прыдзецца гэта рабіць самастойна.
Шаноўныя калегі, давайце скарыстаем гэты час дадатковых канікулаў для збору і стварэння матэрыялаў для дыстанцыйнага навучання. Калі яно не спатрэбіцца праз тыдзень, і пандэмія адступіць - у нас будзе банк урокаў на будучыню, які можна будзе скарыстаць для перакуленага класа, змяшанага навучання і іншых інавацый, якія пакуль у нашай школе больш на паперы.
Шмат у каго ёсць уласныя напрацоўкі. Настаўнікі стварылі на фэйсбуку групу "Перакулены клас. Матэрыялы для навучання" Калі ласка, далучайцеся і шліце спасылкі на свае ролікі, тэксты, прэзентацыі, якія вы ўжо маеце.
За 2 дні існавання групы там назбіралася некалькі дзясяткаў матэрыялаў. Вялікі дзякуй усім, хто падзяліўся.
Матэрыялы можна дасылаць і на адрас nastaunik.info@gmail.com. Яны з'явяцца як на сайце, так і ў групе ФБ.
Калі будзем мець дыстанцыйныя ўрокі для прадметаў - кожнаму настаўніку можна будзе не тлумачць новы матэрыял праз платформы, дастаткова будзе арганізаваць якасны кантроль над засваеннем зместу.
Усім здароўя і аптымізму!
Ваш Nastaunik.info