Тролінг, адукацыя і 1 красавіка

Тамара Мацкевіч
01.04.2021

У дарэвалюцыйным жыцці, калі настаўнікі штогод ездзілі падчас веснавых канікул у Швецыю на міжнародную школу медыяадукатараў, нам распавялі, што 1 красавіка медыя ў Швецыі больш не жартуюць. Троляў развялося так шмат, што тэма 1 красавіка стала неактуальнай.

Беларусь дагнала і перагнала Швецыю. Праўда, не ў свабодзе слова, а ў майстэрстве тролінгу. У Беларусі для тролінгу выкарыстоўваюцца не толькі людзі, асабліва з мізантрапічнымі якасцямі, але і ствараюцца цэлыя суполкі, перакупляюцца тэлеграм-каналы… Таму хачу крыху нагадаць пра гэту з'яву. Тым больш, што тэма адукацыі, выхавання грамадзян, як бадай самая  важная для перспектывы пабудовы дэмакратыі, даўно пад дулам прапаганды. Укіды, фэйкі і стварэнне негатыўнага вобразу настаўніка  - частка інфармацыйнай вайны.

Тролі - гэта рэальныя ці фальшывыя акаўнты, галоўная мэта якіх - стварыць негатыўны фон вакол тэмы, людзей, арганізацый, лідараў.

1. Ты - вораг. Не шукайце аб'ектыўных прычын. Тролю заплацілі ці, больш страшна, ён пранікся бясплатна, але ты - вораг. Што б ты ні рабіў, як бы ні рабіў, з кім і калі б не рабіў - не важна. Усё што ты робіш - жахліва, амаральна, сумнеўна, разбуральна і брудна! (Настаўнікі, не пазнаяце свой вобраз у СМІ? :) )

2. Шок. Галоўная задача троляў - выклікаць у вас адмоўныя эмоцыі, злосць. Гэта ствараецца ў першую чаргу агрэсіўнымі дзеясловамі. Ты хлусіш, хаваешся, маніпулюеш, прыніжаешся, піярыш, маўчыш, шмат крычыш, рыхтуеш нешта кепскае... За гэта тролі заклікаюць плюнуць табе ў твар, выгнаць з працы, забіць на месцы... Чым больш жорсткі дзеяслоў, тым больш салідны троль.

3. Ну канешне... Любая добрая рэч пад пытаннем: Вы далі грошы? - А колькі ж прыхавалі!  Вы падарылі камп'ютары? - Аддалі свае старыя! Робіце нешта бясплатна? - Працуеце, каб выслужыцца. Выйшлі на пратэст?  - Прадаліся палітыкам ці замежнікам, ці абодвум адначасова.

4. А ты хто? Хто ты такі, каб выказаць сваё меркаванне? Пытанне, якое выбівае з каляіны і трэба дакладна ведаць, што адказаць ці не адказваць на гэта.

5. Як так... Актыўны прыём троляў, які паказвае, што вы не апраўдалі чаканні людзей, якія ў вас паверылі. Вельмі эфектыўна прымушае вас хацець спрачацца і апраўдвацца, зацягвае ў размову, таму што прыём не агрэсіўны.

6. Не спаць. Пік актыўнасці троляў ноччу і ў святочныя дні.

7. Не карміце троляў! Не звяртайце ўвагі. Медытуйце. Прачытайце яшчэ раз напісанае вышэй, забіце троля ў сабе. Рабіце сваю справу.

За матэрыял дзякую Вользе Грознай з Астаны, якая заканспектавала высновы міжнароднага даследавання тролінгу.

Ад сябе дадам параду, якой карыстаюся даўно.
Як распазнаць тролінг? Прачытаўшы допіс, каментарый ці артыкул, ўзгадайце словы Пушкіна пра “чувства добрые я лирой пробуждал” і прааналізуйце свае пачуцці . Калі гэты допіс выклікае “чувства добрые”, г.зн. вы адчуваеце падтрымку, прыліў сілаў, вам хочацца яднацца, змагацца за праўду, камусьці дапамагаць, нешта рабіць – гэта не тролінг. Калі ж у вас апускаюцца рукі, вы адчуваеце злосць, бездапаможнасць, мэсэдж допісу – дэструктыўны, раз’яднаўчы - баньце троля.  Праўда, магчыма і іншая сітуацыя: мяне, напрыклад, тролі, якія працуюць на ніве адукацыі, самі прэвентыўна забанілі, каб не перашкаджала ўсякай медыяадукацыяй зарабляць ім свае брудныя сярэбранікі.  Але гэта ўжо іншая з’ява на інфармацыйным полі бітвы.  Не зважаем і робім сваю справу, сябры!