Тамара Мацкевіч
04.03.2022
Ведаеце, што самае галоўнае для настаўніка - навучыць дзяцей вас не слухацца! Не быць паслухмянымі выканаўцамі загадаў (заданняў) настаўніка, дырэктара школы - самая важная кампетэнцыя! Важнейшая за ўсе іншыя веды-уменні-навыкі разам узятыя. Гэта ўмова для фізічнага выжывання асобы.
Ну пра што сёння думалі расейскія салдаты і афіцэры, якія выконвалі загад страляць з танкаў па Запарожскай АЭС? Яны ж ведалі, што яны самі першымі памруць ад выбуху, іх не стане праз некалькі хвілін, а не генералаў і прэзідэнта ў бункеры, якія аддавалі загад. Ведалі і бяздумна выконвалі.
Таму што ў школе іх навучылі - слухайся настаўніка, а не думай сваёй галавой. Потым яны, навучаныя (закрэслена) скалечаныя савецкай школай, слухаліся дурнога начальніка, тэлевізар, старэйшага па званні, ідыёцкага генерала, каго заўгодна, абы не прымаць самастойныя рашэнні.
Некалі я размаўляла з ізраільскім педагогам - стваральнікам школы свабоды. Ён быў упэўнены, што ў другой сусветнай вайне толькі дысцыпліна - знакаміты орднунг - у масавай школе дапамог Гітлеру лёгка ператварыць разумных адукаваных немцаў у бяздумных фашыстаў. Гэтая мадэль нямецкай школы была запазычана Расейскай Імперыяй, адкуль перакачавала і да паднявольных народаў - да нас, да палякаў... Усе, у тым ліку і немцы, у 21-м стагоддзі адмовіліся ад вайсковых рытуалаў у школе (лінейкі, пастраенні, форма, стрыжкі, загады, ваенрукі...), усе, акрамя беларусаў і расейцаў...
Цяпер пытанне адно - ці выжывем у бяздумнай барацьбе з усім цывілізаваным светам?