Псіхалагічны трэнінг па тэме “Самапазнанне”
Склала, выпрабавала і даслала для карыстання калегаў Лера Сом,
настаўніца беларускай мовы і малявання СШ № 2 г. Полацка
Некалькі словаў ад складальніцы
Гэты матэрыял будзе карысны для настаўнікаў, якія разумеюць, што забіць у галовы дзяцей пэўную колькасць правілаў пэўнай навукі – не ёсць падрыхтаваць іх да самастойнага жыцця. Трэнінг будзе карысны і для большасці саміх настаўнікаў – іх таксама гэтаму калісці не вучылі. Зразумей сябе – зразумееш свет. Ну, прынамсі, большую, найбольш важную для цябе частку.
Я доўга думала, як пачаць гэтыя запіскі, і прыйшла да высновы, што большасць з нас стамілася ад псеўданавуковасці, шматслоўя і абяцанак. Таму паспрабую даць неабходныя тлумачэнні каротка і па-сутнасці.
1. МЭТА. Па ўласным вопыце ведаю, што школа, напампаваўшы ў лепшым выпадку пэўнай колькасцю ведаў, нічога ці амаль нічога не дае для разумення сябе і свайго месца ў гэтым жыцці. Дадзены трэнінг не адкажа на ўсе пытанні, але прапануе магчымасць пачаць іх задаваць. Каму? Сабе ў першую чаргу.
2. ВЫНІКОВАСЦЬ. Выніковасць прапанаванага трэнінгу залежыць найперш ад актыўнасці ўдзельнікаў. Будзе ўдзельнік прапрацоўваць кожнае практыкаванне, прапускаць яго праз сябе – разуменне застанецца з ім і дапаможа ў далейшым.
3. ПРАВЯДЗЕННЕ. Ведаючы рэаліі сучаснай школы, я разумею, што наўрад ці ў каго будзе магчымасць правесці трэнінг як трэнінг – за адзін ці два дні, групай у 10–12 чалавек. Але нават прапрацоўка практыкаванняў паасобку, па аднаму-два падчас класных гадзінаў, прыносіць бачную карысць, — праверана практычна. Магчыма, пры падобным правядзенні паўстае пытанне пра мэтазгоднасць этапу “пачатак” ці “знаёмства”, але практыкаванні на знаёмства даюць магчымасць вучням паглядзець на сваіх таварышаў з іншага боку, спрыяюць добразычлівасці ў адносінах.
Трэнінг прызначаны для старэйшых класаў, вучняў, якія ўжо дастаткова дарослыя, каб пакутваць ад пытаньяў “хто я?” і “дзе маё месца ў гэтым свеце?” І апошняе. Гэтая праграма не складзена мной асабіста, а толькі адаптавана пад нашыя ўмовы. Сама я першапачаткова прайшла яе пад кіраўніцтвам Петэра Гунчыка – вядомага славацкага педагога і псіхолага.
Лера Сом
Пакет матэрыялаў уключае:
- тлумачэнне трэнеру (настаўніку);
- праграму ўводнай часткі (прыдатная для любога іншага трэнінга, бо ўключае практыкаванні на знаёмства, стварэнне добразычлівай атмасферы ў групе);
- праграму асноўнай часткі «Самапазнанне»;
- камплект раздатачных матэрыялаў.
Спампаваць