Архіў навін

Калі ласка выбярыце дату
13.02.2009

У Полацку распачала працаваць выстава да Міжнароднага дня роднай мовы

Вось ужо дзесяць год запар па ініцыятыве ЮНЕСКА 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Святкуецца ён і на Беларусі. Да гэтай даты Музей беларускага кнігадрукавання, які знаходзіцца ў Полацку, наладзіў выставу «Мова! Як сонца маё беларускае…»

У Вялікім Княстве Літоўскім беларуская мова была дзяржаўнай. Статут 1529 года – першы ў Еўропе звод законаў, створаны на аснове мясцовага нацыянальнага права, – быў выкладзены на тагачаснай беларускай мове. А ў Заходняй Еўропе тады карысталіся правам, складзеным на адзінай лацінскай мове. На беларускай мове друкавалі свае кнігі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Яна была роднай для К. Каліноўскага і Ф. Багушэвіча. На ёй напісалі свае лепшыя творы Я. Купала і Я. Колас, У. Караткевіч і В. Быкаў. Візітнай карткай Музея беларускага кнігадрукавання з яўляецца скульптура П.Вайніцкага «Прысвячэнне Роднаму Слову» (1999 г.), у вобразе якой мастак паказаў гісторыю беларускай мовы.

На экспазіцыі, якая будзе дзейнічаць на працягу трох месяцаў, можна ўбачыць мастацкія творы і даведачныя выданні, падручнікі і творы для дзяцей на беларускай мове. Асаблівую ўвагу прыцягваюць пераклады сусветна вядомых аўтараў Д. Дэфо, У. Шэкспіра, П. Мэрымэ, Ф. Дастаеўскага на родную нам мову.

Паводле Народных навінаў Віцебска




12.02.2009

Аматары птушак запрашаюць на канфэрэнцыю

Штогадовая справаздачная канферэнцыя Гарадзенскага абласнога аддзяленьня грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” ладзіцца 21 лютага ў Гродне ў гімназіі №1.

Акрамя цікавых прэзентацый, падрыхтаваных выступоўцамі са Швецыі, Фінляндыі, Мінску, Гродна і Брэста, гасцей чакае адкрыццё фотавыставы “Нашы птушкі-2009” (на якой кожны можа не толькі прагаласаваць за найлепшыя працы, але і замовіць іх), спаборы, прэм’ера беларускага навукова-папулярнага фільма “Лёс зубра”. Вы зможаце далучыцца да сябраў АПБ, набыць усё неабходнае для вызначэння і вывучэньня птушак (між іншым, папяровы і відэа-вызначальнік на DVD на беларускай мове).

Чаму назіранні за птушкамі – адно з самых масавых хобі на Захадзе? Што рабіць, каб далучыцца да аматараў назіранняў птушак у Беларусі? Як быў звязаны заснавальнік Гарадзенскага заапарку Ян Каханоўскі з аховай птушак? Дзякуючы каму захавалася Белавеская пушча? Якім шляхам нашы птушкі ляцяць у Афрыку і якім вяртаюцца?

На ўсе гэтыя і шматлікія іншыя пытанні Вы зможаце атрымаць адказы, калі прымеце ўдзел у канферэнцыі.


Падрабязная праграма – на вэб-пляцоўцы: http://ptushki.org/news/zaprashaem_na_kanferentciyu_grodzenskaga_ablasnoga_addzyalennya/.

Паводле «Кронікі грамадзскага жыцьця Гарадзеншчыны»




12.02.2009

Падчас выставы “Кнігі Беларусі-2009” амбасада ЗША прэзэнтуе адукацыйныя праграмы для выкладчыкаў, студэнтаў, школьнікаў.
Пра адну з праграмаў, якую ладзіць амбасада ЗША - праграму абмену для прафесіяналаў Community Connections- можна прачытаць тут.
ХVІ Міжнародная мінская выстава-кірмаш “Кнігі Беларусі-2009” працуе з 11 па 15 лютага 2009 гада ў Мінску ў павільёне Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БЕЛЭКСПА». У ёй бяруць удзел выдаўцы з больш як двух дзясяткаў краінаў свету.

10.02.2009

Нядзельныя краязнаўчыя экскурсіі

Што вы можаце распавесці пра Траецкую гару? У цэнтры ўвагі нядзельнай экскурсіі па Мінску – менавіта яна. Легенды і факты. Дакладна, цікаўна і весела. Пачатак экскурсіі 15.02.2009 а 10:00 ля ружачак (выхад станцыі метро “Няміга”) Кантактныя тэлефоны:
+375 29 7610794 або +375 44 5161548 Кірыла.

А праз тыдзень, у нядзелю 22 лютага 2009 а 10-й гадзіне раніцы у Гомелі ад Драмтэатра плануецца экскурсія па гістарычнай частцы горада разам з Яўгенам Малікавым, даследнікам гісторыі архітэктуры. Кантактны тэлефон: +375 29 7550370 Зміцер

Паводле budzma.org




10.02.2009

Конкурс Саюза беларускіх пісьменнікаў

ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў" абвяшчае адкрыты конкурс на лепшы літаратурны твор для дзяцей: зборнік вершаў, паэму, казку, аповесць, п'есу.


Тэксты з кароткімі звесткамі пра аўтараў просім дасылаць (з пазнакай «Літаратура — дзецям») на наступныя адрасы: электронны — sbp@tut.by, паштовы — 220025, Мінск-25, а/с 91.


Завяршэнне разгляду твораў — 1 верасня 2009 года. Вынікі конкурсу журы абвесціць 1 кастрычніка.


Лаўрэаты конкурсу атрымаюць грашовыя заахвочванні, а пераможца — Прэмію імя Янкі Маўра і магчымасць адпачыць у адным з марскіх Дамоў творчасці.

Чакаем твораў!

Паводле Народнай волі




09.02.2009

Імпрэзы ў беларускіх школах

Літаратурныя сустрэчы з паэтамі Леанідам Дранько-Майсюком і Эдуардам Акуліным адбудуцца 10 лютага ў вёсцы Пінкавічы, на радзіме Леаніда Дранько-Майсюка.

Для работнікаў бібліятэчнай сістэмы Пінскага раёну і вучняў малодшых класаў паэты выступяць у мясцовай бібліятэцы (пачатак а 12:00), а сустрэча з вучнямі старэйшых класаў адбудзецца ў сярэдняй школе вёскі Пінкавічы (пачатак а 14:00).

А 13 лютага ў гімназіі горада Заслаўе адбудзецца лекцыя Юрася Малаша “Зямля і Космас Язэпа Драздовіча”. Пачатак а 14:00.


Паводле budzma.org




09.02.2009

Пошук працы
На форум нашага сайта прыйшла прыватная абвестка:
Можа, хто з добрых людзей падкажа, дзе ёсць вольнае месца размеркавацца выпускніцы БДУ настаўнікам беларушчыны. Прагну працаваць менавіта па спецыяльнасці, вельмі баюся вольнага дыплома. Згодная на вялікі горад, невялікі гарадок, прывабную вёсачку. Пішыце на электронную пошту t.kur@tut.by.
Дзякуй за ўвагу!

09.02.2009

Беларускім студэнтам прапаноўваюцца стыпендыі для навучання ў Германіі 
Агенцтва БЕЛАПАН паведамляе, што няўрадавая арганізацыя Германіі Copernicus прапаноўвае беларускім студэнтам, якія валодаюць  нямецкай мовай, стыпендыі для навучання на працягу семестра ва ўніверсітэтах Берліна, Гамбурга або Мюнхена.
Кожны месяц 10 стыпендый прапаноўваецца студэнтам прававых, эканамічных і сацыяльных спецыяльнасцяў з краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Пасля сканчэння семестра студэнт застаецца для двухмесячнай практыкі ў нямецкай кампаніі або грамадскай арганізацыі. Падчас вучобы і стажыроўкі Copernicus забяспечвае пражыванне стыпендыятаў у сем'ях або інтэрнатах, аплачвае выдаткі па пражыванні, уключаючы страхоўку, плату за навучанне і грамадскі транспарт. Таксама штомесяц стыпендыяты атрымоўваюць грошы на кішэнныя выдаткі.
Крайні тэрмін падачы заяў — 1 сакавіка для вясновага семестра і 1 верасня для восеньскага.
можна прачытаць на сайце арганізацыі.

06.02.2009

А ці здолееце вы?

На сайце праекта “Alma Mater” размешчаны ліст ад беднай маці, не здольнай развязаць задачу са «Зборніка задач па матэматыцы для 5-га класа» (аўтары Л.А. Латоцін і Б.Д. Чабатарэўскі, Мінск «Народная асвета», 2001 год, рэкламаваны, між іншым, на сайце Нацыянальнага інстытута адукацыі). Задача 1033, умова: Бакі трохвугольніка такія, што сёмая частка адной з іх роўная адзінаццатай частцы паменшанай на 6 см другой і чатырнаццатай частцы павялічанай на 6 см трэцяга боку. Знайдзіце бакі трохвугольніка, улічваючы, што яго перыметр роўны 288 см. У адказах: 84 см, 75 см, 72 см.

Яшчэ адна задачка – 1301: Сваротва, Ятранка, Промша – найболей водныя прытокі Моўдачы. Сярэднегадавыя расходы вады ў вусцях гэтых рэк такія, што пяцідзесятая дзель расходу вады Промшы роўная дзевяцісотай частцы расходу вады Сввротвы і сто трыццаць трэцяй дзелі выдатку вады Ятранкі. Знайдзіце расходы вады гэтых рэк у кубічных метрах за гадзіну, улічваючы, што агульны расход вады гэтых рэк роўны 935 712 куб.м/сут.
."

На жаль, ні мы, ні аўтары праекта “Alma Mater” не здолелі такім чынам скласці даўжыні бакоў трохвугольнікаў 84, 75 і 72 см, каб атрымаць дадзены ва ўмовах перыметр 288 см. Мы ўпарта атрымлівалі 231 см. Да арыфметыкі 5-га класа сучаснай рэфармаванай школы з палегчанай нагрузкай на вучняў, відаць, не дараслі.

Відаць, са школьных гадоў цяпер прывучаюць да суцэльнай неадпаведнасці напісанага і сапраўднага (прычым неадпаведнасць гэтую можа часам не заўважаць і самі настаўнікі, змучаныя праверкамі і бюракратыяй). Таксама прывучаюць да паспешна і нізкаякасна напісаных падручнікаў, аўтарам якіх нечакана, тэрмінова і неадкладна даручаюць напісаць «хоць нешта», каб не збіць план выдавецтваў, і ўрэшце рэшт да прафанацыі як жыццёвай нормы.
Іншыя развагі на гэты конт чытайце тут


Каментваць

06.02.2009

Конкурс студэнцкага кіно

Трэці мінскі студэнцкі фэст кіно і відэа “Кінагрань” пройдзе з 22 па 26 красавіка. Праграма будзе ўключаць у сябе як міжнародны конкурс “Маладыя прафесіяналы”, так і нацыянальны конкурс незалежнага і аматарскага кіно. Таксама плануецца правядзенне шэрагу пазаконкурсных і тэматычных паказаў.

Для папярэдняга адбору ў конкурс “Маладыя прафесіяналы” у аргкамітэт фэсту ўжо паступілі працы больш за з 20 краін міру (Аўстраліі, Бельгіі, Балгарыі, Велікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Ізраіля, Іспаніі, Ірана, Канады, Кітая, Нігерыі, Нідэрландаў, Польшчы, Партугаліі, Расіі, Румыніі, Славеніі, ЗША, Турцыі, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Чэхіі, Швецыі, Швейцарыі, Эстоніі і Японіі).

Большасць фільмаў – удзельнікі студэнцкіх конкурсаў і раўналежных праграм міжнародных кінафэстаў у Канах, Берліне, Лакарна, а таксама конкурсных паказаў МКФ у Амстэрдаме, Ратэрдаме, Кракаве, Карлавых Варах, Катбусе, Лейпцыгу, Гетэбургу, Кёльне, Барселоне, Тэгеране, Таронта і йнш.

Арганізатары запрашаюць усіх беларускіх аўтараў для ўдзелу ў фэсце “Киногрань”. Прымаецца анімацыя, гульнявыя, дакументальныя і эксперыментальныя фільмы, музычнае відэа.

Азнаёміцца з падрабязнасцямі і правіламі ўдзелу можна тут:

http://bsu.by/main.asp?id1=70&id2=100286

Паводле moladz.org




Старонкі