Традыцыі беларускай педагогікі

14.02.2009

Традыцыі беларускай педагогікі

Беларуская зямля дала свету шмат выдатных педагогаў. Найвядомейшы з іх – ураджэнец Оршы Леў Выгоцкі, тэорыя якога склала аснову вядомай кожнаму настаўніку сістэмы Эльконіна-Давыдава. Але не ўсе ведаюць, што ў 1970-я гг. тэорыі Выгоцкага сталі выклікаць цікавасць у амерыканскіх псіхалагаў. У наступнае дзесяцігоддзе ўсе асноўныя працы Выгоцкага былі перакладзеныя і леглі, разам з працамі Жана Піяжэ, у аснову сучаснай адукацыйнай псіхалогіі ЗША.
А зусім нядаўна адкрылася, што вядомы кампазітар і палітычны дзяяч Міхал Агінскі таксама валодаў педагагічным талентам. Прапануем пачытаць ліст кампазітара да свайго сына, калі той выпраўляў яго вучыцца з Залесся ў Італію. Парады бацькі будучаму студэнту напачатку XIX стагоддзя не страцілі актуальнасці дагэтуль.


Запавет сыну

“Дзіця маё, ты пакідаеш бацькоўскі дом, і з гэтага першага кроку пачынаецца новы этап твайго жыцця”. Так пачынаецца “Запавет сыну Ірэнеушу”, які Міхал Агінскі напісаў у 1822 годзе, калі яго сын ад’язджаў з роднага Залесся вучыцца ў Італію. Пад гэтымі 14 запаветамі, напэўна, і сёння падпішуцца бацькі, чые сыны і дочкі пакідаюць родны кут, каб стаць студэнтамі. Вось гэтыя парады-запаветы:


1. Чалавек — не воля выпадку, ён не нараджаецца без мэты.


2. Ні на імгненне не забывай, чым ты абавязаны сваёй маці. Прызвычайся нічога не рабіць, папярэдне не запытаўшы сябе: “А мая маці ўхваліць ці не?” І калі тваё сумленне адкажа: мая матуля гэта ўхваліць — дзейнічай смела. Калі яно скажа адваротнае — устрымайся, і ты пазбавішся ад памылкі.


3. Будзь заўсёды раннім — уставай на золку, не давай час для ляноты, перамагай сябе.


4. Ты павінен пазбягаць празмернасці, асабліва ў віне, троху віна — на два пальцы — усё, што можаш сабе дазволіць. Не захапляйся таксама і півам. Трэба пазбягаць залішняга і ў ежы.


5. Ты захаваеш сваё здароўе, калі будзеш захоўваць гігіену (чысціня цела ўплывае на чысціню душы), а таксама і рэжым, выконваць гімнастычныя практыкаванні.


6. Дзень трэба заканчваць малітвай, пытаючы сваё сумленне аб тым, што было зроблена.


7 (Гэта Агінскі пісаў сыну ў сувязі з тым, як неабходна ставіцца да слуг, але запавет актуальны і ў адносінах паміж сучаснымі людзьмі.). Памятай, паміж дабрынёю і фамільярнасцю ёсць вялікая розніца. Першае — велікадушнасць сэрца, другое — з-за пасрэднасці і пошласці. Нарадзіўшыся не дзеля таго, каб абслугоўваць, а быць тым, каго абслугоўваюць, ты абавязаны гэтым выпадку, тут няма падстаў ганарыцца.


8. Каб замацаваць звычку самааналізу, лепш завесці дзённік. Да таго ж гэтая звычка выпрацоўвае добры літаратурны стыль.


9. Што датычыцца тваіх заняткаў — неабходна, каб твае намаганні былі скіраваны на дасягненне пастаўленай перад сабой мэты.


10. Яшчэ адно пажаданне: вывучаць сучасныя замежныя мовы.


11. Каб добра вывучыць замежную мову, неабходна яе палюбіць. Дзеля гэтага — чытаць кнігі лепшых аўтараў на гэтай мове і нават ліставацца на ёй з сябрамі.


12. Намагайся заслужыць добразычлівасць аднакурснікаў ва ўніверсітэце роўнымі паводзінамі — прыязнымі, ветлівымі, да ўсіх аднолькавымі. Не ўцягвайся ў справы, якія ты лічыш для сябе непрымальнымі. Часцей той, хто баіцца славы баязліўца і сваю ганарыстасць выдае за смеласць — той і ёсць баязлівец.


13. Паслухмянасць і добразычлівасць да тых, што заменяць табе бацькоў (Агінскі мае на ўвазе выкладчыкаў універсітэта і ў першую чаргу сваякоў, якія жылі ў Італіі), — лепшая падзяка за клопат пра цябе.


14. Я вельмі добра думаю пра цябе, мой дружа. Калі ты любіш нас, як я спадзяюся, гэта падтрымае цябе ва ўсіх тваіх пачынаннях.