Дзённік настаўніцы. 12 красавіка

Ганна Севярынец
12.04.2022

Пра моўны бар'ер у рускамоўных беларускіх дзяцей - што я рабіла (некалькі парадаў калегам). 

Па-першае, я перастала выпраўляць русізмы - нават у пісьмовых работах (акрамя кантрольных). Я магу падказаць патрэбнае слова толькі тады, калі чалавек пачынае мычаць і глядзець на мяне бездапаможна, то бок па ягоным запыце. Пакуль ён трасяніць сам па сабе і яго нічога не спыняе - я таксама не спыняю. Але потым, як выслухаю, прагаворваю ягоную думку яшчэ раз - альбо ў выглядзе пытання, альбо ў выглядзе рэзюмэ, альбо пачынаю спрачацца - толькі ўжо па-беларуску без трасянкі. 

Па-другое, мы перасталі карыстацца такой функцыяй як пераклад з рускай. Спачатку лексіку я ім давала ў выглядзе табліцы: рускае слова, беларускае слова, прыклад ужывання. Цяпер нашы табліцы выглядаюць альбо як "беларускае слова- англійскае слова - прыклад", альбо як "беларускае слова - тлумачэнне". Так мы прывучаемся не перакладаць унутры сябе, а адразу фармуляваць па-беларуску. 

Па-трэцяе, у нас ёсць беларускамоўны хлопчык у класе:)) Гэта, канешне, трэба ставіць першым:) 

Ну, і галоўнае. Не без унутранай барацьбы, але я перастала будаваць лексічныя заняткі на этнаграфічным і літаратурным матэрыяле. Мы цяпер гутарым па-беларуску не пра кніжкі і культуру, чым я грашыла спачатку, а пра эканоміку, сацыялогію, ролю сям'і і іншыя паўсядзённыя пытанні. 

Усё гэта цалкам лагічна, але давялося мне крыху адпакутаваць на гэтым шляху:)) 

Карыстайцеся, каму трэба:)