Дзённік настаўніцы. Жнівеньскае. Настаўніцкае

Ганна Севярынец
01.09.2024

Толькі што пайшлі ад мяне "дзеці" –  а насамрэч ўжо не дзеці, а дарослыя дзядзькі, мае былыя вучні, любімы клас. Нешта гэтым разам шмат успаміналі школу - панарасказвалі мне пра мяне ж розных гісторый, якія я ўжо і забылася, раскрылі пару таямніц)

Але самае кранальнае было тады, калі нехта з хлопцаў пачаў нешта агульнагістарычнае мне даводзіць –  а другі пнуў яго ў бок і кажа: "Дык гэта ж яна сама нам і расказвала!"

Божа-божа, якое працяглае ў часе шчасце, гэтая настаўніцкая прафесія.

 

Я шчэ думаю пра тое, якая гэта асаблівая ступень даверу паміж людзьмі –  упэўненасць былых вучняў у тое, што яны могуць прыйсці да колішняй вучыцелькі ў любы момант, і яна ў гзты момант будзе ім так рада, што кіне ўсё і ўсіх дзеля магчымасці пабыць з імі.

Хадзіце да сваіх старых настаўнікаў, гэта так шчымліва правільна, што я не маю слоў)

 

А бывае такое, што раптам трапіцца табе дзіця з надзвычайнымі кагнітыўнымі здольнасцямі. Не тое што яно ўсё ведае або не памыляецца, не, і ведае не ўсё, і памыляецца, але...

Спачатку я заўсёды чую такі як бы гул. Паветра пачынае ціхенька гудзець, як электрычнасць у правадах. І варта толькі сыпануць у гэтае паветра маленькую шчопаць... Нават адно зернейка... Хап! Як кракадзіл, як яшчарка, ён тое зернейка схапіў, праглынуў, і ўжо карыстаецца.

Вау! Тут толькі паспявай! Усе тыя патаемныя заканамернасці, сакрэцікі, веды і маленькія неабавязковыя ведачкі, якія ты даўно трымаў пад сэрцам і якія іншым толькі перашкаджаюць, хапаеш і выкідаеш, выкідаеш, фантанам, феерверкам, рыдлёўкай, вядром, а над вухам у цябе гудзе і клацае, і паглынае, і тут жа, у тое ж імгненне, перапрацаваўшы недзе ў  выдатна наладжанай галаве, выдае назад у сваім пераасэнсаваным выглядзе.

Такія дзеці ніколі не баяцца памыляцца, ніколі не баяцца неправільна адказаць, не пужаюцца, не глядзяць на цябе з надзеяй, спрабуючы адгадаць адказ. Яшчэ яны не баяцца перавучвацца: толькі што ён рабіў нешта даўно звыклым чынам, але тут, адчуўшы іншую правату, зразумеўшы яе і прыняўшы, пачынае рабіць па-новаму. Яшчэ яны не спрабуюць нічога табе даказаць: яны толькі глытаюць і глытаюць усё, што ты ім даеш, і ветліва сумуюць, калі раптам ты, стаміўшыся, збавіш тэмп.

Я не думаю, што такое можна выхаваць. Гэта такі своеасаблівы талент, дар. Збег нейкіх генаў.

Рэдка трапляюцца такія дзеці, пацалаваныя Божанькай роўненька ў тое месцайка на галаве, дзе нараджаецца ўменне вучыцца. Правёўшы з імі стандартную гадзіну, падымаешся, а на патыліцы ажно ўзмоклыя валасы.

От жа шчасцейка мне прываліла) У гэтым годзе і не адно)

Усе мае дзеці сёння ў вандроўках. Адна ў горным паходзе ў Грузіі, другая – у польскім Замосці, а тутэйшы – у Баранавічах) І таму ў нашым сямейным чаце сёння клубіцца аблокамі Казбек, чынна-благародна праплываюць рэнесансныя вулачкі старой Польшчы, і толькі з Баранавічаў нешта нічога не дасылаюць, хаця і абяцалі паказаць капібараў з тамтэйшага заапарку)

А я бадзяюся па хаце з кута ў кут і толькі і думаю пра тое, каб хутчэй настаў час нашым дзецям кіраваць светам. Маю наіўны спадзеў, што ў іх атрымаецца лепш.