Школьны музычны клюб «Наша музыка»


Юры Сянкевіч

З досьведу Алёхнавіцкай сярэдняй школы

Цягам 2005 – 2006 навучальных гадоў у нашай школе ажыцьцяўляецца даволі цікавы й пэрспэктыўны, на наш погляд, праект “Наша музыка”. Яго ўдзельнікі – вучні 9 – 11 клясаў, зацікаўленыя музычным жыцьцём нашай краіны. Ужо пры выбары назвы былі вызначаныя асноўныя кірункі дзейнасьці. Наша – гэта перш за ўсё беларуская музыка. Па-другое, наша – музыка, якая цікавіць менавіта нас, а не каго іншага.

Каштоўнасьць гэтага праекту ў тым, што ініцыятарам яго былі не адміністрацыя ці іншыя кіроўныя структуры, а самі вучні. Каардынатарам і кансультантам стаў намесьнік дырэктара па выхаваўчай працы, які адначасова каардынуе дзейнасьць вучнёўскага самакіраваньня.

Распачынаючы працу, мы ставілі перад сабой некалькі мэтаў:
- пашырыць уласныя веды пра сучасную беларускую музыку;
- далучыць да актыўнай дзейнасьці праз разнастайныя формы працы іншых вучняў (у першую чаргу 6 – 8 клясаў);
- празь дзейнасьць нефармальнага клюбу па інтарэсах дапамагаць школьнікам набываць кампэтэнцыі: камунікатыўныя, інфармацыйныя, сацыяльныя, грамадзка-палітычныя.

Чаму выбраны менавіта такі кірунак дзейнасьці? Мы зыходзілі з таго, што пераважная бальшыня школьнікаў у той ці іншай ступені цікавіцца музыкай, на гэтай глебе ствараюцца й існуюць шматлікія нефармальныя групоўкі. Але найчасьцей яны расьсеяныя, не кантактуюць, а то й варагуюць паміж сабой. Штуршком для стварэньня музычнага клюбу стала цікавае назіраньне: аказваецца, вельмі многія вучні сярэдняга школьнага ўзросту й нават малодшых клясаў ужо перахварэлі шматлікімі “фабрыкамі” й “народнымі артыстамі”, сталі цікавіцца сучаснаю беларускаю музыкай. А некаторыя зь іх дэманструюць зайздросную дасьведчанасьць.
Значную ролю тут адыгралі тыя самыя 75% музыкі “беларускага паходжаньня” на FM-станцыях, як бы скептычна да іх ні ставіцца.

Гісторыя стварэньня клюбу

Клюб “Наша музыка” распачаў працу не на пустым месцы. Пунктам адліку, як ні дзіўна, можна лічыць 1996 год. Тады сёньняшнія дзесяціклясьнікі толькі прыйшлі ў школу. Каб адзін з такіх абавязковых момантаў раскладу, як фізкультурная хвілінка, праходзіў цікавей, мы выкарыстоўвалі запісы “Палацу” й “Крыві”. Дзецям яны вельмі падабаліся. Дзяўчаткі нават прыдумвалі пад іх розныя танцавальныя рухі. Тады ж вучняў пачатковых клясаў пазнаёмілі з творчасьцю Данчыка. На ўроках чытаньня, клясных гадзінах дзеці слухалі ў ягоным выкананьні песьні на словы М.Багдановіча, Якуба Коласа, Н.Арсеньневай, С.Сокалава-Воюша. На гэты пэрыяд прыпала й першае знаёмства з жывым выкананьнем беларускіх песьняў. Вельмі таленавітая асоба – выпускніца нашай школы Алена Нупрэйчык – пачынала спрабаваць сябе ў жанры бардаўскай песьні. Аднымі зь першых слухачоў былі вучні, якія цяпер складаюць актыў музычнага клюбу.

Яшчэ адным штуршком да стварэньня школьнага музычнага клюбу стала акцыя ТБШ “Калядныя падарункі для беларускіх школаў”. Сябры ТБШ на чале са Зьмітром Саўкам прывезьлі да нас у школу касэты зь беларускай музыкай і відэафільмы па-беларуску. Кожны вучань атрымаў гукавы калядны падарунак – толькі таму, што вучыўся па-беларуску. Прычым касэты былі розных жанраў: ад бардаўскіх песьняў Вальжыны Цярэшчанкі й Сержука Сокалава-Воюша да альбомаў “N.R.M.” і “Крамы”. Вось тады й было вырашана стварыць нашую супольную фанатэку, каб кожны мог прыйсьці й узяць паслухаць упадабаны запіс. Зразумела, ня ўсе вучні карысталіся такой магчымасьцю. Некаторым гэта было проста нецікава. Затое зьвярталіся вучні зь іншых клясаў і прасілі паслухаць што-небудзь зь беларускае фанатэкі. Акрамя таго, пра ўсе новыя запісы паведамлялі ўсім зацікаўленым. За невялікі час фанатэка пашырылася з 26 касэтаў да 60.

Стала відавочна, што проста слухаць запісы ўжо недастаткова. Бракавала інфармацыі пра гурты й выканаўцаў. Шукалі яе ў “Бярозцы”, “Нашай Ніве”, “Музыкальной газете”, абменьваліся, капіявалі.

Найлепшыя справы клюбу

Дзесьці ў 8 клясе некаторым вучням бацькі пачалі дазваляць езьдзіць на канцэрты разам з настаўнікам. Але самай істотнай перашкодай былі ўсё ж не забароны бацькоў, а нятанныя квіткі. Таму звычайна больш за пяць чалавек сабраць ня ўдавалася. Але й у такім мінімальным складзе мы наведалі самыя значныя музычныя падзеі: прэзэнтацыі альбомаў “Сьвяты вечар”, “Народны альбом”, “Я нарадзіўся тут”, “Віза N.R.M.”. Самай масавай была паездка на канцэрт, прысьвечаны дзесяцігодзьдзю “N.R.M.” : нашая каманда складалася з васьмі чалавек, але розгалас пра падзею быў на ўсю школу.

Калі на базе нашай школы праходзіў сэмінар для намесьнікаў дырэктараў па выхаваўчай працы, мы падзяліліся ўласным досьведам стварэньня музычнага клюбу й запрасілі барда Зьмітра Бартосіка, каб ён прасьпяваў свае песьні для настаўнікаў і вучняў. Праўда, пільныя “добразычліўцы” не ўпусьцілі магчымасьці патэлефанаваць “куды паложана”, але многія дзеці па сёньня пытаюцца, калі да нас зноў прыедзе гэты цікавы й неардынарны чалавек.
Відавочна, настаў час для больш сыстэматызаванай і мэтанакіраванай дзейнасьці клюбу. На паседжаньні рады вучняў старэйшых клясаў вырашылі стварыць клюб, выпрацавалі плян працы. Такім чынам музычны клюб “Наша музыка” стаў часткаю агульнашкольнае выхаваўчай працы. Многія клюбныя справы ўнесеныя ў плян працы школы. Дзейнасьць клюбу стала арганічнаю часткаю суботняга раскладу. Пагатоў у рэкамэндацыі да арганізацыі выхаваўчае працы раяць “арганізаваць мэтанакіраваную працу дзеля азнаямленьня вучняў з рознымі жанрамі айчыннай папулярнай музыкі, а таксама з творчасьцю сучасных беларускіх аўтараў і выканаўцаў”.

Вялікі ўплыў на сьвядомасьць вучняў зрабіла вечарына ў Доме літаратара “Жыць для Беларусі”, прысьвечаная творчасьці Ларысы Геніюш. Дзеці ўбачылі ў цэнтры сталіцы больш за паўтысячы чалавек, якія размаўлялі па-беларуску. Адчулі, што беларуская культура й музыка запатрабаваная, бо яны, прыехаўшы на час, не змаглі патрапіць у залю. Патрапілі толькі пасьля званка арганізатару імпрэзы – бо дзеці ж ехалі здалёк. Вярталіся дахаты ў добрым настроі. Яго не папсавала нават тое, што ня здолелі набыць дыск з творамі на вершы паэткі для фанатэкі. Усю партыю раскупілі на вачах.

Нам удалося стварыць агульнашкольную фанатэку. Цяпер у ёй больш за 140 кампакт-дыскаў і касэтаў разнастайных жанраў: бардаўская музыка, усе супольныя праекты, альбомы сярэднявечнай і фальклёрнай музыкі, усе альбомы “N.R.M. ”, “Крамы”, “Палаца”, “Тройцы” й г.д. Многія вучні маюць дома кампутары. Ахвотна карыстаюцца клюбнаю фанатэкаю, каб паслухаць любімых выканаўцаў. Часам зьбіраемся разам у кампутарнай залі, каб паглядзець фота й відэададаткі да альбомаў. Маем сэрыю беларускіх відэакліпаў.

Школьнікаў прывабілі дыскусіі. Тэмы дыскусіі мог прапанаваць кожны сябра клюбу, таму яны былі жывымі, актуальнымі й цікавымі. Дзеці вельмі сур’ёзна да іх рыхтаваліся, шукалі матэрыял аргумэнтаваць сваю пазыцыю. З мэтодыкай дэбатаў, падрыхтоўкай мадэратараў дапамаглі настаўнікі.

Прэзэнтацыя кнігі Віктара Дзятліковіча “Іх МРОЯ. Іх N.R.M.” паказала дзецям: каб быць цікавым музыкам, трэба шмат ведаць, мець уласны погляд на сьвет, падзеі, ясна акрэсьленую грамадзянскую пазыцыю.
Школьная каманда КВЗ удзельнічала ў раённым конкурсе пад назвай “Тры чарапахі”, перапрацаваўшы аднайменную песьню “N.R.M.” І хоць прызавых месцаў мы не ўзялі, падпявала нам уся заля.

Пасьля выступу каманда зьявілася на школьнай дыскатэцы, дзе “Тры чарапахі” прагучалі дзесяткі разоў. Пасьля такога ажыятажу ўзьнікла думка зладзіць цалкам беларускую дыскатэку. Пакуль мы ўстаўляем беларускую танцавальную музыку блёкамі, але ў школьнікаў разбурыўся стэрэатып, што пад беларускую музыку складана танчыць. Цяпер старэйшыя вучні рэалізоўваюць сваю новую ідэю – рыхтуюць сярэднявечную дыскатэку пад музыку “Старога Ольсы”.

Вынікі дзейнасьці

- Удзельнікі навучыліся крытычна працаваць з інфармацыяй, аналізаваць і апрацоўваць яе: рэгулярна праглядаюць музычныя выданьні, адбіраюць найбольш каштоўную інфармацыю, сыстэматызуюць і даносяць да вучняў у такой форме, каб зацікавіць і далучыць да клюбу больш сяброў.

- Гістарычная музыка дапамагла глыбей зацікавіцца школьнымі прадметамі: гісторыяй, мастацкай культурай, літаратурай.
- Вучні асвоілі кампутарныя праграмы, перапісваючы музыку, мяняючы фарматы аўдыяфайлаў, набіраючы тэксты, укладаючы інфармацыйны лісток.
- Зьявіліся навыкі самаарганізацыі. Шмат імпрэзаў (паездкі на літаратурныя й музычныя вечарыны, канцэрты, дыскусіі (“Рок і незалежнасьць”, “Рок супраць папсы” й інш.), выпуск інфармацыйнага лістка клюбу”Наша музыка”, конкурс “Адгадай мэлёдыю”) вучні рыхтавалі самастойна, часам зьвяртаючыся па кансультацыі. Настаўнікаў запрашалі на прэзэнтацыю.
- Самакіраваньне перастала быць фармальнаю структураю: дзеці зразумелі, што яно існуе для вырашэньня канкрэтных справаў, патрэбных вучням. У самакіраваньня зьявіўся новы цікавы кірунак дзейнасьці, які стаў найбольш прывабным тым, хто далучаны да дзейнасьці самакіраваньня.
- Вучні набылі камунікатыўныя кампэтэнцыі. Усталяваліся нефармальныя дачыненьні з настаўнікам – куратарам клюбу. Гэта дапамагло навучыцца камунікаваць з дарослымі на роўных, чаго зазвычай не хапае нашым школьнікам, што выходзяць у дарослае жыцьцё.
- Пры дачыненьнях унутры клюбу дзеці навучыліся з павагаю ставіцца да іншых думак, а значыць, навучыліся культуры дыскусіі.

І ўрэшце – найважнейшыя, сутнасныя вынікі. Па-першае, вучні далучыліся да сапраўднай, не зымітаванай, грамадскай дзейнасьці, і адчулі, што дабро іншым рабіць прыемна. Па-другое, яны (спадзяюся, на ўсё жыцьцё) сьвядома атаясамілі сябе зь беларускаю культураю – як зь яе багатаю традыцыяй, так і з дынамічнаю й пэрспэктыўнаю сучаснасьцю.