Грамадазнаўства ў беларускіх падручніках

05.05.2015

Шаноўныя калегі! Далучайцеся да абмеркавання гэтага тэксту на тэматычным форуме Нацыянальнага інстытута адукацыі!

РГА "Таварыства беларускай школы" прадстаўляе для абмеркавання аналіз падручнікаў "Грамадазнаўства" 9 і 10 кл. (пад рэдакцыяй праф. М.І. Вішнеўскага). Яго зрабіў сябра Назіральнай Рады ТБШ, к.ф.н. Пётра Садоўскі, які мае шматгадовы досвед супрацоўніцтва з "Інстытутам імя Георга Экерта для міжнароднага даследавання школьных падручнікаў” (Браўншвайг, ФРГ).

Грамадазнаўства : вучэбны дапаможнік для 10 класа агульнаадукацыйных устаноў з беларускай мовай навучання / М. І. Вішнеўскі [і інш.] ; рэд. М. І. Вішнеўскі. - Мiнск : Адукацыя i выхаванне, 2009.

Паводле здаровага сэнсу гэты прадмет выкладаецца ў школе для таго, каб выпускнік 17—18-гадовым выйшаў у свет, ужо крыху падрыхтаваны да жывога жыцця. У будучым малады грамадзянін будзе мець найменш жыццёвых траўмаў, калі ягоныя ўяўленні пра свет будуць ненашмат адрознівацца ад тых, якія ён вынес з сям’і і першых кантактаў з жыццём яшчэ школьнікам, і тых, якія яму падаваліся ў курсе “Грамадазнаўства”. Такі больш-менш гарманічны пераход ад школьніцтва да дарослага юнацтва дазваляе сказаць пра маладую асобу, што яна ўжо прайшла першую ступень сацыялізацыі. Потым пойдзе перыяд прафесіяналізацыі (што часткова ўжо магло мець месца ў школе) ды кар’ернага росту з паралельным ды бясконцым удасканаленнем міжасабовых зносінаў з тымі, ад каго будуць залежаць працоўныя поспехі ды асабістае шчасце асобы. Шчаслівае грамадства складаецца з шчаслівых грамадзян.

У маім атэстаце сталасці ад 1959 г. (Мінская Сувораўская ВВ) самым “грамадскім прадметам” была Канстытуцыя СССР, на вывучэнне якой адводзілася, здаецца, гадзін 15. Грамадазнаўства ды ідэалогія былі “рассыпаныя” па ўроках гісторыі, літаратуры і пазакласным выхаванні: патрыятычна-мастацкія чытанні, літаратурна-музычныя мантажы на юбілейных вечарынах, сустрэчы з артыстамі, што выконвалі ролі Чапаева, Леніна, Суворава, інтэрнацыянальныя сувязі з кадэтамі з Кітаю, Албаніі, ГДР, “сацыялістычная” перапіска з грамадзянамі “новай Германіі”, экскурсіі на перадавыя прадпрыемствы Мінску. Да будзённага жыцця нас ніхто не рыхтаваў. Мы раслі рамантыкамі: “Не горюй, не грусти, / песню пой, песню пой. / Песню пой, жизнь хороша, друг мой. / Слышишь, сердце говорит: / впереди простор открыт, / крылатый ветер путевой...” Сацыялізацыя праходзіла потым з болем і траўмамі.

Мае ўнукі вучылі ў школе грамадазнаўства пад уплывам хвалі Адраджэння 80–90-х гадоў – лёгка і радасна. Таму іхных падручнікаў я не чытаў.

 

З еўрапейскага досведу: падручнік як фрагмент жывога жыцця

 

Пасля маё жыццё склалася неяк так, што першыя падручнікі грамадазнаўства, якія я прачытаў ужо вельмі дарослым, пасля амбасадарскай службы ў ФРГ(1992—1995), былі нямецкія, французскія, польскія ды ўкраінскія. З імі я пазнаёміўся дэталёва, супрацоўнічаючы з “Інстытутам імя Георга Экерта для міжнароднага даследваання школьных падручнікаў” (Браўншвайг, ФРГ). Я ўдзельнічаў у праектах стварэння сумесных падручнікаў гісторыі нямецкіх аўтараў з блізкімі суседзямі і далёкімі краінамі. Тут гістарычны змест арганічна пераплятаўся з канцэптуальнымі падыходамі тлумачэння грамадскіх працэсаў. Адсюль цікавасць да прадмету.

Пачытаўшы ўважліва і паглядзеўшы па дыяганалі некалькі камплектаў нямецкіх школьных падручнікаў – выбар дыктаваўся веданнем мовы і прыцягальным сістэмным падыходам нямецкіх аўтараў – з назвамі Sozialkunde, Politik, Gesellschaftskunde, Team (“Каманда”, для малодшых класаў кніжка пра асобу ў калектыве) ды інш., я быў прыемна ўражаны, наколькі прагматычна і разумна яны пабудаваныя. Гэта – не падручнікі ў звыклым нашым сэнсе. Гэта – і папулярная фармулёўка канцэпцыі паводле прынцыпу “шматперспектыўнасці” (аснова для дыскусіі), і дадатковы матэрыял у выглядзе вытрымак з газет, малюнкаў-карыкатур (не злога, але іранічнага характару), фрагментаў навэл з Канстытуцыі, асобных артыкулаў партыйных праграмаў, фатаграфій (чарга беспрацоўных на біржу працы, бяздомныя ў парку ў кардонных каробках, мітынг правых радыкалаў, мусульманкі ў хіджабах, багаты квартал вілаў, страйк службоўцаў “Люфтганзы”, нямецкія спартоўцы-чэмпіёны, храмы і служба ў розных канфесіях...).

У адным падручніку ўбачыў павялічаныя здымкі разліковых двухтыднёвых чэкаў заробку і падаткаў рабочых канвееру на “Opel” да і пасля амерыканскай прыватызацыі (да тэмы замежных інвестыцый), табліц заробкаў салдатаў-кантрактнікаў і салдатаў тэрміновай службы. У раздзеле “Сацыяльная дзяржава” падручніка для гімназій даюцца, напрыклад, вытрымкі і копіі старонак кнігі “Хто колькі зарабляе?”, адкуль можна даведацца пра даходы міністраў, канцлера, банкіраў, дэпутатаў, службы дзяржбяспекі, памеры дапамогі для беспрацоўных... У раздзеле пра студэнцтва можна пазнаёміцца з статутам універсітэта як незалежнай грамадскай адзінкі, прачытаць пра студэнцкае самакіраванне. Медыя, прафсаюзы, дзяржслубоўцы, сям’я, традыцыйны шлюб, грамадзянскі шлюб (усё з прыблізнымі лічбамі ў “інфаграфіцы”), нямецкія спартоўцы, гастарбайтэры, ахова навакольнага асяроддзя, міжнародныя аб’яднанні, мусульманскі і хрысціянскі свет, праблема мусульманізацыі Еўразвязу, супярэчнасці паміж еўрапейскімі краінамі, Гітлер, Сталін...

Здаецца, што ўсё, пра што дзіця чуе ў сям’і, у школе па-за ўрокам, на вуліцы, бачыць на маніторы ў сеціве, – у падручніку ёсць. Пры гэтым кожная з’ява абмяркоўваецца канкрэтна ў дапасаванні да рэалій краіны. Калі, напрыклад. гаворыцца пра беспрацоўе, то тут жа даюцца лічбы, часам вельмі трывожныя. Такое было, напрыклад, у канцы 90-х гадоў, калі беспрацоўе сягала да 15%. Акурат у той час мне давялося быць на ўроку грамадазнаўства (не паказным!) ў 12-м класе гімназіі г. Хаген. (У горадзе быў па іншых справах, экспромтам напрасіўся ў школу). Тэма: Беспрацоўе ў Еўрасаюзе і Германіі. На двухгадзінных занятках былі заслуханыя тры рэфераты вучняў (па 7 хвілін), дзе выкладаліся пункты погляду ўрада, прафсаюзаў і экспертаў фірмы “Фольксваген” на шляхі стварэння рабочых месцаў. Падчас абмеркавання ўсё праецыравалася на мясцовыя ўмовы. У апошнія 20 хвілін слова далі прадстаўніку гарадской рады (выбарная пасада!), запрошанаму на семінар. Запрашэнне на семінар ён атрымаў ад “спікера” класа (Klassensprecher). Менавіта так. Быў запрошаны не дырэктарам, не настаўнікам. Вось табе і грамадзянская актыўнасць, вось табе і разуменне. што выбарныя пасады абавязваюць быць падкантрольным.

Цікава, што абсалютная большасць пытанняў, якія падаюцца ў нямецкіх падручніках як кантрольныя, не маюць чыста “кніжнага” характару, які прымушаў бы вучня проста адгарнуць старонкі дзве назад, знайсці адказ у тэксце і... потым на яго забыцца, бо ў жыцці далей з гэтым не сутыкнешся. Праблемы ў пытаннях маюць, так сказаць, “вечны” характар. Так, калі вучань ў “кантрольных пытаннях” павінен адказаць, што ягонай краіне, якая з’яўляецца “чэмпіёнам Еўропы ў экспарце”, больш выгадна – нізкі ці высокі курс еўра – у яго замацоўваецца адзін з базавых элементаў разумення законаў эканомікі (суадносіны экспарту, імпарту і валютнага курсу) і прагматычны падыход да феномену “нацыянальнага эгаізму” ў сістэме міжнародных стасункаў.

 

Нашы падручнікі: раскоша гуманістычна-рамантычных разважанняў

 

Пасля нямецкіх падручнікаў, якія знаёмяць вучняў старэйшых класаў з рэальным грамадствам, паглыбляючыся ў чытанне нашых, перажываеш лёгкае здзіўленне: трапляеш у безаблічную схему нейкага абстрактнага грамадства з наборам далёкіх ад жыцця разважанняў. Калі фрагментарна трапляеш на беларускую спецыфіку, то тут большасць фактаў выкладаецца ў аптымістычна-рамантычным ключы: няма ў нас ні беспрацоўя, ні крызісаў, ні дэмаграфічных праблем, ні прыродных катаклізмаў.

Пачытайце сс. 51—58 падручніка грамадазнаўства для 9-га класа (Мн., 2009, пад рэд. М. І. Вішнеўскага), дзе расказваецца, што такое “рэальны гуманізм” у Беларусі. “Беларуская эканамічная мадэль прадугледжвае пастаянны клопат аб павышэнні ўзроўню...”, “Высокая якасць жыцця азначае...”, “У краіне планамерна развіваецца сфера сацыяльнага абслугоўвання...”, “У краіне намечана стварэнне каля паўтары тысячы аграгарадкоў...”, “Бясплатнае медыцынскае абслугоўванне даступна ўсім грамадзянам...”, “Установы адукацыі поўнасцю забяспечваюць патрэбы дзяржавы ў спецыялістах...” і г. д.

Вучні ж выдатна ведаюць, што не ўсё так гладка. Чуюць ад бацькоў, што робіцца ў паліклініках, што не хапае дактароў, сярэдняга медыцынскага персаналу, як пераводзяць на кароткі працоўны тыдзень заводы, што больш за палову студэнтаў вучацца за плату, што даражэюць паслугі ЖКГ, праезд у грамадскім транспарце. Кіраўніцтва ж дзяржавы адкрыта гаворыць аб праблемах! Думаецца, што тут можна знайсці пэўнае “саламонава рашэнне”, параіўшыся з найвышэйшымі дзяржаўнымі цэнзарамі. Можна ж вучням без алярмісцкіх настрояў цвяроза даць хаця б статыстычную характарыстыку грамадства. Даць “мяккі” варыянт тэксту для выкладу праблемных кропак грамадства. Незразумела, каму добра ад прыдуманай гармоніі.

 Замест жывога жыцця вучням падаюцца самі па сабе слушныя і цікавыя разважанні пра чалавека, асобу, культуру, прыроду. Але ці можна ўсё гэта ўціснуць у невялікую колькасць гадзін, што адводзіцца на гэты прадмет? Ці ўсё тут самае неабходнае?

Чытаем, напрыклад, раздзел “Культура”, дзе на сс. 68—69 гаворыцца пра разнавіднасці функцый культуры: адаптыўную, каштоўнасную, нарматыўную, камунікатыўную, функцыю гістарычнай пераемнасці.... Пакідаючы па-за ўвагай, ці ўсё, пра што разважаюць аўтары – развагі самі па сабе цікавыя – можна назваць функцыямі, скажу толькі: ці зможа 16-гадовы(-ая) гэта запомніць (для тэстаў на экзаменах?) і ці спатрэбіцца яму гэта ў далейшым? Тут жа ўсё задумана так, што вучань будзе проста шукаць адказ, гартаючы старонкі назад, каб сяк-так агучыць радкі з напісанага. Што можа ён сказаць пра каштоўнасці? Ёсць жа як бы “вечныя” каштоўнасці, ёсць прывязаныя да часу, ёсць “тэрытарыяльныя” традыцыі. Тут жа гаварыць трэба нешта пра агіднае і прыгожае ў мастацтве, пра дабро і зло... Але ж нічога пра гэта даступна і слушна амаль не сказана ў тэксце. Навошта вучня заганяць у стрэс і даваць тое, пра што ён, можа, ніколі ў жыцці і не ўзгадае? Я – кандыдат філалагічных навук, маю 75 гадоў ад нараджэння, чытаю на некалькіх мовах, маю дастатковы досвед у гуманістыцы, але не ведаю, што такое адаптыўная функцыя культуры.

 Або на с. 116 вучню даводзяць, што ёсць шмат формаў зносін паміж людзьмі: непасрэдныя, апасродкаваныя. асабовыя, асабістыя, ролевыя, масавыя, маніпулятыўныя. імпэратыўныя і да т. п. Гэта ўсё можа разглядацца на трэнінгах для ідэолагаў ці рэкламістаў. Ці зможа вучань гэта пераварыць за тыя 2 гадзіны на тыдзень? Дзе яму гэта спатрэбіцца? Тут жа побач (с. 121) вучню прапануюць “абгрунтаваць і праілюстраваць свой пункт гледжання” на выказванне Л. С. Выгоцкага: “Чалавек і сам-на-сам захоўвае функцыю зносін”. Не ўпэўнены, ці не абсечаная гэта цытата, што там справа-злева... Як можа вучань тут нешта ўцямнае сказаць? Я, напрыклад, не магу.

Або тут жа на с. 121 вучняў пытаюць у кантрольных заданнях: “Якія віды зносін вы лічыце самымі важнымі?”. Можа, аўтары ў тэксце і напісалі абзац, які пачынаецца словамі “Найбольш важнымі (асноўнымі) зносінамі з’яўляюцца...”. Але ж, падумаўшы, вы зразумееце, што на гэтае пытанне проста немагчыма адказаць. Гэта тое самае, што запытацца, што больш карысна – схадзіць у тэатр або выратаваць беспрытульнае кацяня. Кожны від зносін (якую б класіфікацыю вы не прыдумалі) прыдатны на сваім месцы: масавыя, ролевыя, нефармальныя, маналагічныя... Усё залежыць ад абставінаў.

Цікава напісаны раздзел пра “стэрэатыпы” (с. 124). І патрэбны ў жыцці. А вось на гэтай жа старонцы разважанні пра “спосабы ўзаемадзеяння” выклікаюць менш станоўчых эмоцый. Калі мы мусім задумвацца, у якім працэсе ўздзеяння мы знаходзімся: заражэнне, унушэнне, перакананне, перайманне? Наколькі гэта важна? Усё вельмі навукападобна і не чытаецца.

Гаворачы пра спосабы узаемадзеяння (напр. пра ўнушэнне) пры выхаванні малых дзяцей, аўтары так закручваюць фразу (с. 60), што сярод прыкладаў нараджаецца пасаж: “унушэнне маленькім дзецям розных правіл і патрабаванняў з дапамогай калыбельных песень”. Цікава, хто пісаў гэты раздзел? Мусіць жа, перакладчык з рускай мовы М. В. Супрунчук не сам прыдумаў спалучальныя фігуры кшталту “ўнушэнне патрабаванняў” (?!) з дапамогай калыханак. Перакладчык, праўда, лічыць за лепшае называць беларускія калыханкі “калыбельнымі песнямі”.

Ці страціў бы што падручнік, калі б з раздзелу “Асваенне чалавекам культуры” выкінулі некаторыя “тыповыя сцэнары вольнага часу”? (с. 110). Тут паўтары старонкі прысвечаны тлумачэнням, што такое адсутнасць адпачынку, будзённае гультайства, хатняя праца, свята, змена заняткаў. спалучэнне адпачынку з працай... Пра гэта гавораць у школе на факультатывах па бяспецы і гігіене штодзённага жыцця. Тут жа пра банальнае гаворыцца навукападобна. Ці трэба вучню такая класіфікацыя? Пішуць, што чалавек часта непакоіцца пра тое, як яго ўспрымаюць іншыя людзі. Але навошта нам яшчэ вешаць тут навуковы ярлык пра “эфект праекцыі сацыяльнай рэфлексіі”? (с. 123). Для вучня гэта стрэс. Такія прыклады навукападобных разважанняў пра банальнасці можна доўжыць.

 

Няўлічаныя актуаліі. Спрэчнае

 

На с. 81 (9 кл.), дзе гаворыцца пра з’яўленне новых слоў для адлюстравання новых ідэй і тэхналогій, да прыкладаў кшталту “квант”, “ген” можна было б дадаць некалькі камп’ютарных тэрмінаў. Увогуле тэме камп’ютарызацыі ды інтэрнэту варта было б выдзеліць спецыяльны раздзел. Гэта актуальна для тэмаў “Прагрэс”, “Культура”, “СМІ і прапаганда” і да т. п.

С. 72 (9 кл.). “Элітарная культура – гэта культура прывілеяваных груп грамадства”. Спрэчны тэзіс. Абсалютна бедны мастак можа стварыць вельмі сучасны твор, нават не будучы ўпэўненым, што нехта яго купіць. Так што і гаварыць пра нейкі заказ тут не выпадае. Арыстакратам духу і вытанчаным творцам можа быць асоба без усялякіх грамадскіх і дзяржаўных прывілеяў.

С. 226 (10 кл.). Аўтары пакідаюць без каментароў сцверджанне сп. Рубінава (як бы бясспрэчнае, бо пададзена побач з аўтарытэтамі): “Духоўны свет нараджаецца перш за ўсё ў сферы тварэння, там. дзе ствараюцца новыя машыны, распрацоўваюцца і ўкараняюцца новыя тэхналогіі... Літаратура і мастацтва толькі абагульняюць гэтыя каштоўнасці, падаючы іх у сканцэнтраванай форме”. Значыць, зноў трэба вяртацца да “Цэменту” Фёдара Гладкова або гэдээраўскага руху “Greif zur Feder, Kumpel” (Бярыся за пяро, таварыш шахтар)? Што, зборнік вершаў Рыгора Барадуліна “Ксты” – заганны мастацкі твор? Што рабіць з “Боскай камедыяй” Дантэ?

С. 125 (9 кл.). У раздзеле “Ролевае ўзаемадзеянне” чытаем: “Некаторыя ролі дадзены нам ад нараджэння. Так, чалавек нараджаецца хлопчыкам ці дзяўчынкай...” Далей гаворка пра кар’ерны рост: рабочы становіцца майстрам і г. д. І нічога больш пра жанчыну. Але ж у наш час, калі шмат гаворыцца пра гендэрную роўнасць, можна было б узгадаць, напрыклад, імя Сымон дэ Бавуар, жыццёвай спадарожніцы Сартра, якая напісала сацыяльна-філасофскі твор, які так і называецца – “Другі пол” (Le Deuxième Sexe), дзе аўтарка даводзіць, што жанчына, акрамя чыста фізічных параметраў, нараджаецца роўнай з мужчынам, але жанчынай яе робіць традыцыйна прынятая мадэль грамадства. З гэтай кніжкі я, паміж іншага, са здзіўленнем дазнаўся, што ў Францыі да 1948 г. замужняя жанчына не мела права адкрыць на сваё імя банкаўскі рахунак або ўладкавацца на працу без дазволу мужа. У нас у Беларусі ёсць свае спецыфічныя “жаночыя” праблемы і на практыцы, і ў заканадаўстве.

с. 54 (9 кл.). У тэксце знікла права на бясплатную вышэйшую адукацыю (разыходжанне з Канстытуцыяй): “Велізарнае значэнне мае таксама права на адукацыю. якое гарантавана даступнасцю і бясплатнасцю агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі”.

С. 81 (9 кл.). Сцвярджаецца, што “ў структуры і адметнасцях англійскай мовы, напрыклад, у адрозненне ад японскай, адлюстроўваецца звычка адкрыта і недвухсэнсоўна выказваць сваё ўласнае меркаванне”. Добра б было даць прыклад. Бо і ў японскай мове, як і ва ўсіх іншых, такія сродкі ёсць, толькі норавы бываюць розныя.

С. 14 (10 кл.). Паняцце “сярэдні клас” – бадай, адно з найважнейшых у сістэме сацыяльна-эканамічных паказчыкаў і стабільнасці грамадства – падаецца вельмі коратка і прыблізна. У беларускай навуковай публіцыстыцы і ў дзяржаўных медыях у якасці сярэдняга класу нярэдка фігуруюць групы працаўнікоў, якія проста маюць сярэдні заробак або трохі большы па краіне. Прылічаюць да гэтай групы без усялякіх агаворак дзяржаўных службоўцаў, вайскоўцаў высокага рангу, уласнікаў невялікіх крамаў і да т. п. Аднак у еўрапейскіх краінах з сацыяльна арыентаванай рынкавай эканомікай, у тамтэйшых школьных падручніках, не гаворачы ўжо пра навуковыя даследаванні, выразна падкрэсліваецца дыферэнцыяваны падыход да гэтага феномену. Гаворыцца пра высокі, сярэдні і нізкі ровень сярэдняга класу і розную ягоную дзяржаўна-сацыяльную лаяльнасць і зацікаўленасць у захаванні існага агульнаграмадскага статус-кво, ступень заангажаванасці ў грамадскіх рухах, адносіны да радыкальных і эвалюцыйных рэформаў грамадства. Пэўная частка дзяржаўнага чынавенства разглядаецца як складнік сярэдняга класу толькі тады, калі мае адпаведную адукацыю. Вайскоўцы, паліцыя, хаця і маюць немалыя заробкі, не разглядаюцца як сацыяльны “хрыбет” грамадскага ўладкавання. Галоўная прыкмета прадстаўніка сярэдняга класу сёння – ягоная глыбокая фінансава-гаспадарчая і прафесійная інкарпараванасць у рознаўзроўневыя стасункі ў сваёй краіне і часам за яе межамі. Таму, напрыклад, узгаданыя ў падручніку 10 кл. на с. 14 “владельцы небольших магазинов” як частка сярэдняга класу – гэта, паводле еўрапейскага разумення, маргінэс, які лёгка перацякае ў ніжэйшую групу (банкруты, беспрацоўныя, некваліфікаваныя і да т. п.) у залежнасці нават ад невялікіх ваганняў каньюнктуры.

Тут жа ў раздзеле, дзе выкладаецца марксісцкае разуменне панятку “класы” і адным абзацам пабежна ўзгадваецца пра іншыя тэорыі, для замацавання матэрыялу вучням прапануецца пытанне: “Какие вам известны теории происхождения и сущности классов?” Што могуць вучні адказаць? Толькі падгледзець у кніжцы і нешта пераказаць.

С. 91 (10 кл.). У працяг гэтай жа тэмы. На сс. 90—91 зноў багата цытуецца Маркс, а потым напісана: “Согласно теории К. Маркса на смену капитализму должна придти новая , коммунистическая, организация экономики и общественной жизни, основанная на общественной собственности. Этот прогноз К. Маркса не сбылся...”. Пры такой лапідарнай выснове паўстае пытанне: навошта так шмат гаварыць пра Маркса? Тут бы да месца сказаць колькі слоў у абарону аўтара тэорыі навуковага камунізму, узгадаўшы негатыўны досвед фінансава-эканамічных крызісаў у ліберальнай эканоміцы апошніх гадоў. Пра гэта шмат цяпер пішуць і на Захадзе.

Улічваючы досвед апошняга глабальнага фінансава-эканамічнага крызісу першай дэкады нашага стагоддзя, можна было б паразважаць пра пэўную змену вех у ліберальнай эканамічнай тэорыі, асабліва ў сферы банкаўска-фінансавага гаспадарання, калі пачалі сурёзна гаварыць пра неабходнасьць глабальнага дзяржаўнага кантролю ў гэтай галіне. Дарэчы было б узгадаць пра адпаведныя захады Еўрасаюзу і нават Злучаных Штатаў.

С. 19 (10 кл.). Блытаніна паняццяў: “В социальной сфере действуют институты семьи, медицины, социального обеспечения...” . Трэба – “медыцынскага абслугоўвання”.

С. 20 (10 кл.). Сярод грамадскіх арганізацый не ўзгадваюцца прафсаюзы. І нашы “дзяржаўныя прафсаюзы” – фармальна юрыдычна з’яўляюцца грамадскай арганізацыяй.

У сучасным тэксце гучыць недарэчы “Давно отошла в прошлое роль племенного вождя...”

С. 26 (10 кл.). Не вельмі зразумелы тэрмін “Бытовая символика".

“Людям присуще чувство национальной гордости”. Вельмі па-савецку. Варта было б сказаць некалькі слоў пра постнацыянальныя краіны (Заходняя Еўропа) і закрануць гісторыю паняцця патрыятызм. У еўрапейскіх падручніках узгадваецца, напрыклад, як Сэн-Сымон прапаноўваў Венскаму кангрэсу (па заканчэнні напалеонаўскіх войнаў) выкінуць слова “патрыятызм” (як прычыну войнаў) з цывілізаваных асяродкаў грамадства. Патрыятызм неабходна звязваць з станам нацыянальнай ідэнтычнасці. Калі яна склалася, пачуццё патрыятызму паціху “затухае”. Патрыятызм прачынаецца, калі вакол адбываецца нешта небяспечнае. Напрыклад, цяпер пры мусульманізацыі Еўропы. У такім жа кантэксце трэба разглядаць і феномен нацыяналізму. На першым этапе фармавання нацыі, станаўлення нацыянальнай дзяржавы (як у нас цяпер) – гэта абсалютна заканамерная станоўчая з’ява. Пазней канатацыя можа памяняцца. Але нам пакуль трэба пераадольваць цяжкую спадчыну атаясамлення СССР з “айчынай” (patria).

С. 58 (10 кл.). “Чтобы определить социальное положение человека, необходимо знать его семейное положение, ...национальность...”. Навошта тут ведаць нацыянальнасць?

С. 60 (10 кл). Нееўрапейскі погляд І. С. Аксакава (1823–1886) у сучасным сэнсе састарэў.

С. 66 (10 кл.). Перад раздзелам “Роля эканомікі ў жыцці грамадства” вучням задаюць пытанне: “К какому уровню общностей можно отнести лозунг «Солидарность рабочих всех стран»?" Ці гэта актуальна і па сёння?

У раздзеле “Грошы” (с. 78, 10 кл.). незразумелы подпіс пад выявамі манет: “Наиболее известные в Беларуси монеты выпускали монетные дворы российского (з малой літары) государства, Речи Посполитой». Што тут значыць коска? Яна выражае ўдакладненне, што Рэч Паспалітая была Расійскай дзяржавай? Можа, тут трэба замест коскі паставіць “і” (і пераставіць дапаўненні адпаведна храналогіі). Другое пытанне: каму гэта “найбольш вядомыя”? Шмат хто ведае сярэднявечныя і пазнейшыя манеты ВКЛ, што хадзілі амаль да канца ХІХ стагоддзя.

С. 79 (10 кл.). Пасля тлумачэння, што такое сімвалічныя грошы, даюцца выявы папяровых грошай розных краін (як бы наклееных на стэндзе ці сфатаграфаваных зверху на плоскасці) і ўнізе стаіць подпіс “Нумізматычная калекцыя”. Аднак, пэўна, усе вучні ведаюць, што нумізматыкай называецца калекцыянаванне і вывучэнне манет (і медалёў). Слова паходзіць ад лацінскага numisma – манета. Збіранне і вывучэнне папяровых грошай мінулага часу (цяпер ужо і сучасных) у рускамоўнай (і беларускай) традыцыі абазначаецца словам баністыка (па-руску бонистика). У еўрапейскіх краінах у гэтым сэнсе часта ўжываюць лацінападобнае слова notaphilianotaphily (англ.), Notaphilie (ням.). У гэты панятак уключаюць звычайныя грошы, банкноты і боны. Адпаведна людзі, якія маюць такое хобі, называюцца нотафілісты.

С. 80 (10 кл.). У раздзеле “Асноўныя функцыі грошай”, калі гаворыцца пра функцыю грошай як сродку плацяжу і абароту, усё тлумачыцца занадта па-навуковаму. Вучню з пункту гледжання здаровага жыццёвага сэнсу цяжка зразумець, чаму “У якасці сродку плацяжу грошы выступаюць у тых выпадках, калі купля-продаж тавару ажыццяўляецца ў крэдыт...”. А як сродак абароту грошы разглядаюцца як пасярэднік для аплаты тавараў і паслуг. Вучань прыходзіць у краму і аплачвае наяўнымі грашыма пэўны тавар. Тут грошы – на ўзроўні побытавага разумення – сродак плацяжу. Ні пра які крэдыт ніхто тут не думае. Увогуле: навошта вучню ведаць гэтае адрозненне? Будзе вучыцца на фінансіста, разбярэцца ў нюансах. Некалі мне нешта падобнае гадоў 50 таму расказвалі на лекцыях па тэме “Грошы, крэдыт і тавараабарот” у Яраслаўскай ваенна-фінансавай вучэльні. Ніколі ў жыцці мне гэта не спатрэбілася, хаця прыйшлося працаваць у банку, і ў прыватнай фірме, і займацца знешнеэканамічнымі сувязямі.

С. 136—137 (10 кл.). У раздзеле “Парламент” няма канкрэтыкі пра беларускі.

С. 142—145 (10 кл.). Пра партыі ў іншых краінах сёе-тое сказана. Пра нашы беларускія партыі – нічога. Сказана толькі: “В Республике Беларусь действует много политических партий, однако широкой общественной поддержки они не получили...” Загадка для вучняў. І далей тут жа вельмі спрэчны тэзіс. “В наши дни политические партии, по мнению политологов и политиков, переживают период упадка...” Чыіх палітолагаў? Нашых беларускіх дзяржаўных ці грэцкіх? Ці брытанскіх? “Адзінай Расіі” Пуціна?

С. 147 (10 кл.). У раздзеле “Грамадскія аб’яднанні” узгадваюцца толькі моладзевыя: “В нашей стране более 160 молодёжных организаций. Самые крупные из них – БРСМ и Белорусская республиканская пионерская организация...” І далей: Для налаживания сотрудничества молодёжных организаций .. был создан Белорусский комитет молодежных организаций”. Кім жа гэта ён быў створаны? І тут жа карціна С. А. Грыгор’ева “Прыём у камсамол” (1949 г.). Некамфортна.

С. 152 (10 кл.). У кантэксце разважанняў пра крыніцы права ўзгадваюцца нават законы Хамурапі (ёсць фота “стэлы Хамурапі”), але ніводным словам не ўзгадваецца наша старое звычаёвае права, замацаванае ў Статуце ВКЛ.

Пра патрыятызм: “Истинный патриот выступает за тех (стыль! – П. С.), кто укрепляет его родину, и против тех, кто наносит ей ущерб. В этой связи очень легко понять, насколько непатриотичны те, кто сеет вражду к своим соотечественникам, раскалывает общество”. Як бачна, аўтары выступаюць за “единомыслие” ды шукаюць ворагаў народу.

С. 161.(10 кл.). Як і ў выпадку з “сярэднім класам”, аўтары спрашчаюць трактоўку паняцця цэнтрысцкія партыі, калі пішуць: “Сярэдні клас з’яўляецца сацыяльнай базай цэнтрыскі (так у аўтараў) арыентаваных партый...”. У нямецкіх падручніках для школьнікаў, напрыклад, пра “партыйны цэнтрызм” пішуць так: “Пад’ём цэнтрысцкіх настрояў у партыях, як правіла, супадае з перыядам палітычнай палярызацыі і радыкалізацыі з мэтай прыцягнення на свой бок выбаршчыкаў рознага кулёру...”. Як прыклад сучаснага “палявення” правых партый у ФРГ прыводзіцца “перафарбоўка” правай кансерватыўнай ХДС/ХСС падчас з’езду партыі, якая вылучала А. Мэркель на першы канцлерскі тэрмін. Тады на сцэне залы, дзе праводзіўся з’езд, стаяў у цэнтры велізарны шчыт з адным словам “MITTE”, што значыла “сярэдзіна, цэнтр”. Хаця ХДС/ХСС заўсёды традыцыйна лічыцца правай кансерватыўнай, згуртаванне роднасных ёй еўрапейскіх партыяў – Еўрапейская Народная Партыя, куды ўваходзіць і ХДС/ХСС, азначаецца як “сenter-right” – правацэнтрысцкае.

С. 231 (10 кл.). Грамадзянская супольнасць трактуецца як “сістэма дабраахвотных эканамічных, палітычных ... сувязей паміж людзьмі». Карэктна кажучы — з гледзішча рода-відавых паняткаў — гэта не сістэма нечага. а від грамадства, якое ...”. Тут жа выразна трэба сказаць (бо гэта найважнейшы панятак грамадазнаўства), што неабходна размяжоўваць тэрміны “грамадства”, “грамадзянская супольнасць” і “грамадскія арганізацыі”. У сучаснай еўрапейскай паліталагічнай традыцыі  спалучэннем словаў “грамадзянская супольнасць” абазначаюць дэмакратычна арганізаванае  грамадства, што кіруецца самімі грамадзянамі (у адрозненне ад манархіі, дыктатуры ці вайсковай хунты), дзе дэ-юрэ галоўнай каштоўнасцю  з’яўляецца права асобы. Так што гэта – еўрапейская традыцыя. Панятак “грамадства” — больш шырокі. Сцвярджаючы, што Беларусь паводле гістарычнага развіцця адносіцца да еўрапейскай традыцыі, мы разам з тым з разуменнем ставімся да іншых цывілізацый, што не лічаць сябе еўрапейскімі і па-свойму жывуць шчасліва (напрыклад, Сінгапур, Арабскія Эміраты, Японія). У 80-я гады для настаўнікаў грамадазнаўства Беларусі выдаваліся брашуры “Чалавек і грамадства”, дзе гэтае пытанне добра асвятлялася (універсальнасць каштоўнасцяў і цывілізацыйныя традыцыі). 

С. 180 (10 кл.). Здымак з космасу. Нічога не разабраць. Туманнасць.

С. 233 (10 кл.). Мастацтва вызначаецца як “творчасць па законах прыгажосці”. Сімпатычнае, але вельмі шырокае азначэнне. На жаль, творы з ўсялякіх мадэрных “ізмаў”, якія цяпер прызнаюцца артэфактамі мастацтва, не заўсёды ствараюцца паводле законаў традыцыйнага мастацтва, якое ўлічвала натуральныя “законы” прыгажосці . Трэба дадаць хоць адзін сказ, які б тлумачыў стан рэчаў.

У раздзеле “Філасофія” ніводным словам не ўзгадваецца сярэднявечная беларуская філасофія з абшараў ВКЛ. Літоўцы ды ўкраінцы гэта робяць. Нам нічога не застаецца. Няма і мысляроў – пачынальнікаў новай беларускай філасофіі ХХ ст. (І. Абдзіраловіч-Канчэўскі), няма сучасных філосафаў (У. Конан).

Прыгнятаюць успрыманне рэпрадукцыі карцін (большасць – расійскіх мастакоў) пазамінулага стагоддзя, савецкія карціны ХХ ст. Якасць — нізкая. Асобна варта ўзгадаць карціну Рэпіна “Беларус” (с. 73, 9 кл.). Ці варта яе даваць у падручнік? Яна “вытанцоўваецца” з стэрэатыпнага шэрагу ўсіх карцін. (Як бы мы крытычна ні ставіліся да стэрэатыпнага мыслення, усякая дыдактыка разам з ілюстрацыйным матэрыялам зарыентаваная на стэрэатыпы). Карціна мае цэлы шлейф трактовак і крытыкі. Пра яе некалі пісаў Герцэн (не ўсё бясспрэчна), вядомы беларускі літаратар Сямён Букчын, іншыя крытыкі жывапісу. Што мы бачым? Абапёршыся на жэрдку (не то парэнча на мосце, не то частка скотнага загону), стаіць дзяцюк, з тварам, — хоць вады напіся. Не то з-пад пакаёвага халата, не то з-пад даўгаполага зіпуна бачны фрагмент каўняра і верхняй часткі нацыянальнай вышыванкі. Як бы бытавы жанр, але з цяжкасцю лакалізуецца ў штодзень. Што робіць гэты дзяцюк? Выглядае, як стылізаваны селянін з “Жывапіснай Расіі”. Вядома, што Рэпін адпачываў на дачы пад Віцебскам. “Домік Рэпіна” стаў экскурсійным пунктам Славянскага базару. Нешта ў гэтым ёсць ад нашага комплексу непаўнавартаснасці: сам Рэпін пісаў Беларуса! Рэпіна “умилял” малады селянін Сідар, які  “знал наизусть много стихотворений Лермонтова, Пушкина и громко с чувством распевал их даже в поле и по дороге”. (З успамінаў брата гэтага селяніна).

Ёсць іншы прыклад стэрэатыпна-алегарычнай , але прасякнутай саладжава-сіропнаю замілаванасцю ілюстрацыі беларускай ідэнтычнасці: дзяўчынка ў лапціках, абмоткі пад узор доўгага падала, у вышыванцы і як бы сарафане (?), што чытае скарынаўскую кніжку з дарагой закладкай. У яе за спінай стаіць сам першадрукар у параднай апратцы сярэдневечнага мысляра, па-бацькоўску кранаючы яе за плечы. Побач босая сялянка, але ў вышыванцы. Нешта пошлае і фальшывае пры ўсёй зніжцы на алегарычнасць. Гэта на с. 117 (9 кл.). карціна І. А. Давідовіча “Першадрукар”.

Увогуле ж абедзвюх кніжках па грамадазнаўству ўсё беларускае прадстаўлена толькі фрагментарна. Як бы і не для нашых дзяцей кніжкі пісаныя. Фактычна маем русскій міръ, пісаны беларускімі літарамі.

Разам з тым у “патрыятычных пасажах” (гл., напр. с. 96 у падручніку для 9 кл.), дзе гаворыцца пра агульную культурную спадчыну беларусаў і рускіх, маюць месца, на мой погляд, элементы “загарбніцтва”. Што беларускага знайшлі аўтары, напрыклад, у асобе Міхаіла Бахціна? Нарадзіўся ў Арле, памёр у Маскве. З 1920 па 1924 г. жыў у Невелі і Віцебску, чытаючы як гаст-прафесар лекцыі ў педінстытуце і кансерваторыі па эстэтыцы мастацтва і філасофіі. Добра б у падобных кантэкстах узгадваць імёны тых, хто сапраўды быў глыбока заангажаваны ў беларускую рэчаіснасць (не абавязкова этнічных беларусаў): браты Гарэцкія, народны камісар земляробства Зміцер Прышчэпаў, мастацтвазнаўца і педагог Мікалай Шчакаціхін...

 

Як чытаецца беларускі пераклад падручніка?

 

Не заўсёды тэкст чытаецца камфортна. Часам цяжка разабрацца, хто тут вінаваты – аўтары рускага тэксту ці перакладчык. Тэкст для 10 класа перакладалі двое — Т. А. Світа і М. В. Супрунчук. Для 9-га перакладчык адзін – Супрунчук. Розныя раздзелы адрозніваюцца якасцю перакладу. Выглядае на тое, што гэта рабілася рознымі людзьмі, хаця пазначаны адзін аўтар.

Лепш, вядома, мець неперакладныя падручнікі. З блізкіх моў перакладаць цяжка. У нашым выпадку, акрамя відавочных памылак, перакладчык парушыў прынятую этыку: без спасылак на аўтара перакладу пачаў даваць празаічны эквівалент фрагментаў расійскіх вершаў па-беларуску. Ці рабіў гэта сам, з нейкай прычыны праігнараваўшы паэтычныя пераклады на беларускую мову расійскай класікі?

Напрыклад, у падручніку для 9 класа на с. 104 (Далей нумары старонак без дадатковага тлумачэння адсылаюць да падручніка “Грамадазнаўства” 9 кл. — П.С.) для падмацавання развагаў пра патрыятызм і любоў да Радзімы прыводзяцца цудоўныя радкі з Пушкіна (тут амаль не шкада, што беларускіх паэтаў ігнаруюць):

Два чувства дивно близки нам – / В них обретает сердце пищу – / Любовь к родному пепелищу,/ Любовь к отеческим гробам...

Што робіць перакладчык з гэтай прыгажосці? Знік рытм, знікла магія слоў, застаўся толькі семантычны цень, збэсцілася беларуская мова:

Два пачуцці блізкія нам, / У іх сэрца мае пажытак:/ Любоў да родных мясцінак, / Любоў да бацькоўскіх магіл...

Калі проста перакладаць, ламаючы рытм і не рыфмуючы, навошта выкідаць роднае папялішча? Гэта ж вельмі моцны паганскі вобраз! Да таго ж: ужо колькі напісана пра этымалогію слова “труна”? Ёсць яму этымалагічныя адпаведнікі ў еўрапейскіх мовах, кельцкай, санскрыце...

Так жа самачынна перакладчык “перастварае” на с. 85 на беларускую мову і адну страфу з Ул. Высоцкага. З’явілася двухсэнсоўная стылістыка, зламаны рытм, знік дынамічны “прысуд сучаснасці”, фігура бездапаможнасці перакладчыка спаганьвае і беларускую мову, і Высоцкага. Тэксты Высоцкага рэдка перакладаюць. Ён вачыма не чытаецца. Яго трэба слухаць. Ці ж не можна было ў нашых беларускіх паэтаў знайсці радкі пра вечнасць дабра ў мінуўшчыне, цяпершчыне і прышласці, пра што спявае Высоцкі?

Відаць, абсалютна карэктна робяць аўтары, калі даюць у рускім перакладзе страфу з нямецкага сярэднявечнага паэта Сэбаст'яна Бранта пра ролю бацькоў у выхаванні дзяцей: тэкст варты таго, а беларускага аўтарскага перакладу няма.

Настрой правінцыйнасці дадае падручніку адвольнае абыходжанне з тлумачэннямі этымалогіі з старажытнагрэцкай і лацінскай моў. Тут няма сістэмы. Калі-небудзь узгадваецца тая і другая мовы, але заўсёды даецца напісанне лацінкай. Часам сцвярджаецца, што адпаведнае слова з лаціны, а даецца грэцкае. У еўрапейкіх падручніках звычайна, калі прыводзіцца лацінскае слова, у дужках пазначаецца, што яно з старажытнагрэцкай. Літарамі гэта можа быць і не напісана, але ж усё застаецца карэктным. Усе ж разумеюць уплыў грэцкай мовы і культуры на лацінскую: пераможаныя фізічна перамаглі духоўна.

У нашым жа падручніку, напр., на с. 115 тлумачыцца, што слова прагматычны паходзіць ад лацінскага pragma. Але ж яно старажытнагрэцкае. І няма праблем набраць яго грэцкімі літарамі: πράγμα. Ведаюць жа вучні з урокаў фізікі ды матэматыкі літары “пі”, “ро”, “альфа”, “гама”, “мю”. Да элементаў базавай гуманістычнай адукацыі школьніка варта дадаць і веданне азбукі гэтых мёртвых моваў, як і лічбавых значэнняў лацінскіх літар, каб выпускнік школы мог зразумець, у якім годзе пабудаваны храм, на фасадзе якога рэльефна выступаюць лацінскія літары.

Аўтары памыляюцца ў адваротны бок пры тлумачэнні паняццяў “народ – натоўп”, калі пішуць, што словы populus i vulgus грэцкага паходжання. У грэцкай ёсць свая пара δῆμοςόχλος (дэмос — охлос), адкуль паходзяць дэмакратыя і ахлакратыя.

Прывяду прыклады элементарных марфалагічных, лексічных ды сінтаксічных недакладнасцяў, якіх магло б не быць пры пільнай рэдактарскай працы.

Пра “калыбельныя песні”, якімі можна “ўнушаць розныя патрабаванні” (с. 60), я ўжо згадваў. Тут проста трэба па-людску напісаць, што ў калыханках пяецца пра роднае і добрае: коціка, яблыньку, маму, муравейку, што дрэўцу таксама баліць, пра сонека, што грэе... Тут рэдактар і аўтар павінны мець сэрца.

С. 78. “важна і фізічная культура” (калька з рускай мовы). Па-беларуску трэба: важная і фізічная культура” (Самі ж аўтары вельмі моцна акцэнтуюць увагу на граматыцы на с. 82: “Адной з галоўных задач грамадства з’яўляецца захаванне граматычных правіл”) . Слушна, але гучыць трошкі замоцна, як бы з іроніяй.

С. 180. “…дбаць дзеля дабрабыту і дзеля росквіту краіны”. Па-нашаму: “дбаць пра дабрабыт і росквіт”.

С.194. “…з-за каго адбылася непрыемная падзея... — калька з рускай мовы. Па-беларуску: праз каго”. Прыклад: “Праз наш недагляд флянцы капусты зусім змарнелі”.

Тое ж на с. 82: з-за вядучай ролі мовы; Трэба: праз або з прычыны таго, што...

С. 61. Некарэктны з п. гл. беларускага сінтаксісу пераклад рускага “Если бы..., вряд ли..." з выказвання “сучаснага публіцыста У. Б. Кобрына” пра тое, што людзі не робяць высноваў з памылак мінулага. Прапушчана часціца “бы” ва ўмоўным ладзе ў другой частцы супрацьпастаўлення. Увогуле ж да “сучаснага публіцыста Кобрына” гэтую думку выказвалі іншыя мысляры.

С. 47. “…зярцала (архаізм з Карамзіна) . Карэктна было б “люстэрка”.

С. 63.“…вернае сцвярджэнне...” Трэба: слушнае.

С. 63. “…вакамер становішча” (?).

С. 59. “Ногі чалавека недастаткова хуткія, каб унесці ад небяспекі” (У нас можна нешта ўнесці ў сярэдзіну нечага, але няможна “ўнесці ногі”, як няможна “ўгнаць машыну”. Трэба шукаць простыя словы: уцячы,збегчы, скрасці.

С. 59. “…у чалавека няма ні поўсці, ні пёраў”. Пёры, якімі раней пісалі, або некалькі тых, што тырчаць з параненага крыла качкі, можна палічыць. Качаня (ці нейкі казачны чалавек) могуць абрасці пер’ем. Тут, як і ў рускай мове, дзейнічае правіла злічальнасці/незлічальнасці.

С. 80. ніякая іншая знакавая сістэма не можа зраўнавацца з ёй (мовай) па сваім значэнні…” Гэтае слова ёсць у тлумачальным слоўніку, але ж мае іншае значэнне: зраўнаваць градкі, зраўнаваць дарогу (грэйдэрам), засыпаць ямы. Тут увогуле было б лепш ужыць безасабовую канструкцыю: “Ніякую іншую знакавую сістэму нельга параўнаць з мовай...”. У перакладным варыянце тады ўжо павінна быць “параўнацца”. Па-руску тут, пэўна, стаяла: никакая иная система не может сравниться...”

С. 85 (10 кл.). з пункта гледжання. У Тлумачальным слоўніку беларускай мовы (том 4, с. 519) у слоўнікавым артыкуле для роднага склону назоўніка “пункт” даецца канчатак “-а”, аднак у канцы тэксту, дзе даюцца ўстойлівыя выразы, тлустым шрыфтам набрана: з пункту гледжання.

С. 50 (9 кл.). Разважаючы пра ролю асобы ў гісторыі, аўтары (услед за характарыстыкай вынаходніка Т. А. Эдысана) малююць аратарскі партрэт Аляксандра Лукашэнкі, не зважаючы на сумарны эфект эпітэтаў і доказаў. Як для палітыка — атрымліваецца партрэт з прыкметамі папулізму: герой гаворыць тое, што аўдыторыя ад яго чакае і чаго прагне. Сумнеўны камплімент.

Нешта падобнае здарылася ў падручніку грамадазнаўства для 10 класа (с. 225) з цытатамі (цяпер ужо былога) кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта сп. Рубінава. Яны падаюцца за цытатамі з Вярнадскага, Леніна, Багданава аж на дзвюх старонках. Памер цытаты, несумяшчальны з яе сэнсавым напаўненнем, прыніжае асобу, якой спяваюцца панегірыкі, і характарызуе аўтараў падручніка занадта пачцівымі нават перад сярэднім начальнікам. Пры гэтым побач з абсалютна банальнымі пасажамі ў выказваннях акадэміка праглядаюцца вельмі спрэчныя сцверджанні абмежаванага тэхнакрата. Пра гэта гл. “Спрэчнае”.

У тэорыі “тэкставай ідэалогіі” такія казусы прыводзяць у якасці прыкладаў дэканструктыўнай стылістыкі семантычнага пасылу. Пры гэтым самы неадукаваны “рэцыпіент”, які падлягае індактрынацыі, выдатна адчувае штучнасць і няўклюднасць прыёму, калі “тутэйшая” падразглядная асоба займае ячэйку побач з вялікімі мыслярамі (Рубінаў побач з Вярнадскім). У нашым выпадку няма падставаў разважаць аб “прароках у сваёй Айчыне”.

С. 95 (10 кл.). Некарэктна транслітаруецца прозвішча амерыканскага эканаміста Уолта Ростаў (Rostow). Аўтары пішуць “Растоў”. Варта спраўдзіць у падручніках напісанне кожнага замежнага прозвішча. Пры гэтым трэба зыходзіць з традыцыі, прынятай у адпаведнай краіне. Нельга цалкам пакладацца на рускамоўную традыцыю. У наш час жывых міжнародных кантактаў, знаходзчыся, напрыклад, ў штаце Texas, лепш яго называць так, як мясцовыя жыхары, — Тэксас.

Гэта толькі некаторыя выпадкі, якія кінуліся ў вочы пры “нерэдактарскім” чытанні.

Падобныя заўвагі можна доўжыць. Тут ёсць і канцэптуальныя, якія за дзень-два не выправіш. Некаторыя, аднак, можна хуценька паправіць. Напрыклад, моўныя бясспрэчныя памылкі ці нават друкарскія недакладнасці (памятаю, мільганула перад вачыма слова “волк”). Для скарачэння тэксту можна цэлымі абзацамі выкідаць навукападобныя разважанні, якія вучню наўрад ці спатрэбяцца ў далейшым жыцці.

 

Наастачу хочацца сказаць наступнае. Калі супаставць патрабаванні і змест інструктыўна-метадычнага пісьма нам. міністра адукацыі ад 25 чэрвеня 2014 г. “Об организации образовательного процесса при изучении учебного предмета «Обществоведение» в учреждениях общего среднего образования в 2014/2015 учебном году” з тэкстамі падручнікаў, становіцца ясна, наколькі складанай будзе праца школьніка: мала гадзін, вывучэнне часткі матэрыялу на факультатывах, раскіданасць рэкамендаваных тэмаў па розных крыніцах. І, вядома ж, — шмат далёкіх ад жыцця тэкстаў, якія будуць чытацца пад настаўніцкім і сваім уласным прымусам.            

На сённяшні момант, калі вядзецца размова пра вяртанне да профільнага навучання і пра разгрузку і практычную арыентаванасць базавай адукацыі, можна спадзявацца, што  падручнікі 9 і 10 класаў будуць  моцна папраўленыя ці наогул перапісаныя.