"Раней на вокладках падручнікаў было напісана “Роднае слова” і “Родная літаратура”. Падчас усіх перапісаў насельніцтва (выключаючы два апошнія), абсалютная большасць карэннага насельніцтва называла беларускую мову роднай незалежна ад таго, размаўляў чалавек штодня на сваім рэгіянальным варыянце беларускай ці на беларускім варыянце “прыблізнай” расійскай мовы ў мястэчках і гарадах. Цяпер прадметы называюцца “Беларуская мова” і “Літаратурнае чытанне”. “Трансфармацыя” зразумелая."
Пётра САДОЎСКІ
З чаго пачынаецца беларускасць ў нашай школе?
1. В. І. Свірыдзенка. Беларуская мова. Падручнік для 2 класа УАСА з рускай мовай навучання. У дзвюх частках. Частка 1. 2-е выданне, выпраўленае і дапоўненае. Мн. 2015.
2. В. І. Свірыдзенка. Беларуская мова. Падручнік для 2 класа УАСА з рускай мовай навучання. У дзвюх частках. Частка 2. 2-е выданне, выпраўленае і дапоўненае. Мн. 2015.
3. В. І. Свірыдзенка. Беларуская мова. Вучэбны дапаможнік для 3 класа УАСА з беларускай і рускай мовамі навучання. У дзвюх частках. Частка 2. Мн. 2017.
4. Н. У. Антонава ды інш. Літаратурнае чытанне. Вучэбны дапаможнік для 2 класа УАСА з рускай мовай навучання. У дзвюх частках. Частка 1. Мн. 2016.
5. М В. Жуковіч. Літаратурнае чытанне. Вучэбны дапаможнік для 3 класа УАСА з беларускай і рускай мовамі навучання. У дзвюх частках. Частка 2. Мн. 2017.
На nastaunik.eu ідзе папулярызацыя распрацовак грамадскіх энтузіястаў для дыстанцыйнага навучання школьнікаў падчас пандэміі. У тым ліку і для пачатковых класаў. Мне было прапанавала выказацца, як можна эўрыстычна эканомна і эфектыўна “убраць” (святочна апрануць) запраграмаваныя веды, уменні і навыкі ў межах названых курсаў у апратку дыстанцыйнага навучання. Чаму святочна апрануць? Не ў гонар Дня перамогі. Проста таму, што малодшыя школьнікі павінна вучыцца радасна.
У гэты трывожны час, калі лютуе эпідэмія, як бы не выпадае пісаць крытычныя тэксты на адрас дзяржаўных “прадуктаў”, у тым ліку інтэлектуальна-выхаваўчых, якія цяпер мала хвалююць і настаўнікаў, і бацькоў. Пачаткоўцы-школьнікі – яшчэ малакемныя істоты і вымушаныя “пераварваць” матэрыял падручніка па меры магчымасці. Калі ў кніжцы напісана завіла і мудрагеліста, добры настаўнік патлумачыць што трэба “сваімі словамі”. Такое часам прыходзіцца рабіць і бацькам дома.
Не атрымалася ў мяне стварыць, як дзеду для ўнучкоў, вясёлую гульню: запчасткі для гульні аказаліся мне не па зубах. Проста кажучы – змест і форма падаліся мне неадэкватнымі. Выглядае на тое, што некаторыя аўтары ўзяліся не за сваю справу, а, можа, ім не вельмі абыходзіць, каб сучасныя беларускія дзеткі палюбілі мову і мастацкае слова свайго краю.
Прыйдзецца пачынаць здалёку і “самаактуалізвацца” ў праблеме, якая пачынаецца ў пачатковай школе і сягае ў сённяшні каронавірусны дзень, калі мы раптам становімся вымушаныя зразумець, што трэба не толькі самаізалявацца, але і ўзяцца за рукі і прымаць рашэнні, што паўплываюць на наш лёс. Спачатку пра агульную схематыку.
Хаця ў нас паводле фармальных афіцыйных лічбаў беларускамоўныя школы складаюць больш за 40% ад агульнай колькасці, фактычна ў іх займаецца 3-4% вучняў. Гэта – малакамплектныя сельскія школы, у якіх часта з прычыны адсутнасці настаўнікаў-прадметнікаў, беларускамоўнага метадычнага матэрыялу і дапаможнікаў пераважаюць тэндэнцыі ціхай “паўзучай” русіфікацыі, за якую школьнае кіраўніцтва ніхто асабліва не ўшчувае. У маёй родненькай Віцебскай вобласці, як я дзесьці выпадкова вычытаў ў недзяржаўных СМІ, няма ніводнай гарадской беларускай школы. Калі гэта не так, перапрашаю за алярмізм. Так што расійскамоўныя школы – наша рэальнасць. Тое, што вы прачытаеце ў маім тэксце – вельмі сур’ёзная праблема, якая сягае далёка за межы методыкі ды педагогікі. Не толькі падручнікі гісторыі ды грамадазнаўства ствараюць нацыянальную дзяржаву. Падручнікі пачатковых класаў, зробленыя без любові да дзяцей і краю, у якім гэтыя дзеткі жывуць, могуць так і не адкрыць уваход у нацыянальную людскасць і гармонію.
У канцы 40-х гг. мінулага стагоддзя, калі я хадзіў тры гады ў беларускую вясковую школу (потым 7 гадоў у МнСВУ у Мінску), на вокладках падручнікаў было напісана: “Роднае слова” і “Родная літаратура”. Падчас усіх перапісаў насельніцтва (выключаючы два апошнія), якія мне давялося перажыць, абсалютная большасць карэннага насельніцтва называла беларускую мову роднай незалежна ад таго, размаўляў чалавек штодня на сваім рэгіянальным варыянце беларускай ці на беларускім варыянце “прыблізнай” расійскай мовы ў мястэчках і гарадах. Цяпер прадметы называюцца “Беларуская мова” і “Літаратурнае чытанне”. “Трансфармацыя” зразумелая: у пашпартах у нас цяпер графа “нацыянальнасць” адсутнічае, указваецца толькі грамадзянства РБ. З прычыны дзяржаўнай палітыкі жывая мова выведзена з штодзённага ўжытку. Падчас двух апошніх перапісаў анкеты не фіксуюць меркаванні апытаных, як яны ідэнтыфікуюць сваю мяшаную “мову-трасянку” і -- што архіважна! -- не заўважаюць тэндэнцыю апошніх дзеяцігоддзяў, калі сярод пакалення 40-20-гадовых і нават сярод цяперашніх старшакласнікаў назіраецца тэндэнцыя называць беларускую мову роднай, як прымету нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, калі яны нават выраслі ў расійскамоўных сям’ях.
Але ж з пункту гледжання методыкі выкладання (за выключэннем выпадкаў, калі ў дужках ці ў канцы тэкстаў даецца пераклад на расійскую мову) у падручніках па мове усё пабудавана паводле дыдактычных прынцыпаў, распрацаваных для роднай мовы.
Тут магчымыя два шляхі:
а) Будаваць усе практыкаванні на т. зв. кантрастыўным прынцыпе з улікам значнага супадзення ў лексіцы і відавочных адрозненнях моў у арфаэпіі, марфалогіі і сінтаксісе, засяродзіўшы увагу на адрозненнях.
б) На першым годзе навучання не раздзяляць мову і літаратуру. А даць адзін інтэграваны курс, як гэта мы некалі пачыналі рабіць на пачатку 90-х гадоў у апошняй выпускной групе дзіцячых садкоў, калі былі зробленыя першыя крокі ў складанні праграм для беларускамоўнага выхавання дашкольнікаў. Тыя нешматлікія гадзіны беларускай мовы ў першым класе і метадычна-зместавы фармат не “пагружаюць” дзіця эмацыйна і інтэлектуальна ў прывабны навучальны прадмет, які ўжо часткова пачынаўся ў дашкольных установах, дзе больш-менш здавальняюча праводзіліся заняткі з беларускімі вершамі, казкамі, ранішнікамі.
Па-добраму кожная школа з улікам кваліфікацыі настаўнікаў, складу вучняў і наяўнасці адпаведных дапаможнікаў і распрацовак магла б выбіраць методыку. Настаўніку, які жыва валодае роднай мовай, любіць дзяцей, сваю малую радзіму і беларускую дзяржаву (прабачце за пафас!), мае артыстычныя схільнасці, можа спяваць, дэкламаваць (такімі і павінны быць настаўнікі пачатковых класаў!), -- само неба падказвае працаваць з інтэграваным падручнікам, пагружаць дзетак комплексна ў беларушчыну. Настаўнік з іншымі якасцямі, як і бацькі, мае права выбраць сухі “акадэмічны” варынт з кантрастыўнай методыкай.
Якой павінна быць кантрастыўная методыка ды інтэграваны падручнік – асобная тэма.
Як выглядаюць нашы падручнікі па мове і літаратуры?
Буду спасылацца толькі на падручнікі “Беларуская мова, ч. 1 і 2 (В. І. Свірыдзенка, 2015 г.) і “Літаратурнае чытанне”, ч.1 (Н.У. Антонава ды інш., 2016) і ч.2 (М. В. Жуковіч, 2017), не заўсёды называючы крыніцу і старонку, бо мая мэта не рэцанзаваць падручнікі, а звярнуць увагу на тыповыя падыходы і тэндэнцыі. З некаторымі буду спрачацца, выказваючы сваё асабістае успрыманне. Усё, што пішу – вельмі асабістае. Ніяк не прэтэндую на бясспрэчнасць, усё абумоўлена маім досведам, узростам, адукацыяй. Не заўсёды буду раздзяляць падручнікі мовы й літаратуры, калі буду гаварыць, напрыклад, пра моўныя хібы. Я не ведаю, ці мелі аўтары падручнікаў пэўныя рэкамендацыі, з якіх аўтараў браць літаратурныя ці моўныя ілюстрацыі. Браць Якуба Коласа, Івана Шамякіна ці Міхася Пазнякова або Янку Галубовіча? На жаль, часта прыходзіцца дзівіцца, як маглі дзяржаўныя выдавецтвы друкаваць тэксты прозы ці вершаў з яўнымі хібамі версіфікацыі ды іншымі моўна-семантычнымі нестыкоўкамі. Тут ужо і аўтараў як бы нельга вінаваціць.
Адразу пажаданне: даваць аўтарства твораў ці асобных трапных сказаў (хаця б першы раз ці ў канцы ў бібліяграфіі) з указаннем не толькі прозвішчаў, але таксама імёнаў. Інакш, як скажа вучань: “На сёння мы павінны былі вывучыць на памяць верш … Я. Галубовіч (ці …? Галубовіча) … І не забывацца, што ў псеўданімах скароты ў імёнах не дапускаюцца.
Ці спрабавалі аўтары “агучваць” свае падручнікі?
Ці карыстаюцца яны самі беларускай мовай? У такіх жа школьных дапаможніках не павінна быць выпадковых слоў. Кожнае слова, узгаданае ў практыкаваннях і тэкстах павінна быць зразумелым вучням хаця б на так званым перцэптыўным узроўні. Ідэальна, калі б значная колькасць слоў перайшла на ўзровень актыўнага карыстання.
Стаўлю коратка практычныя пытанні. Ці спрабавалі рэцэнзенты з вучонымі ступенямі прапусціць праз сябе кожнае слова, напрыклад, з доўгіх спісаў дзеясловаў з прыстаўкамі? Ці змаглі б яны ўжыць у сказе, напрыклад, дзеяслоў “ПАДДОБРЫЦЬ”, хоць ён і фіксуецца ў ТСБМ? Усе ведаюць слова “ПАДДОБРЫЦЦА” … Як ужыць у сказе дзеяслоў “ДАГЛЯДЗЕЦЬ”, на які ў слоўніку няма прыкладаў? Ідзе адсылка да “ДАГЛЕДЗЕЦЬ”? Ці можа беларус “садзіць БАБЫ”? У нас звычайна садзяць БОБ. Ці не паламаецца язык у вучня, калі яму праноўваецца словазлучэнне “збірацца ПА ПАДБЯРОЗАВІКІ”? Можна іх шукаць, збіраць, проста пайсці ў грыбы. Чаму пчала выклікае станоўчыя асацыяцыі, а жук заўсёды абавязкова павінен быць толькі ў гнойным смуродзе? Гэта як бы з народнай прымаўкі : “За пчолкаю ў мёд, за жуком – у бруд”. Гэта варыянт іншай суворай народнай фекальнай прымаўкі “Не лезь за жуком, бо будзеш там, дзе жук”, у г-не. Але ж у беларускай літаратуры столькі напісана дзіцячых вершаў пра кароўку-багоўку, мурашак, жучкоў і павучкоў. Лірычны герой паэта Міхася Пазнякова (ЛЧ, ч. 2) любіць “гуляць з мячом”. У мой час дзеці гулялі ў мячык: у футбол, у валейбол … З радкоў Міхася Пазнякова не зусім ясна, можа, хлопчык любіць гуляць, як сярэдневечны рыцар, з вострым баявым уруччам? Калі ўявіць сабе, што хлопчык гуляе ў казку, тады ці той меч ці то мяч могуць быць дзейным акторам, з якім гуляе хлопчык. Такіх казусаў трэба пазбягаць. Сярод народных прыкметаў называецца такая: “Нечаканы рост грыбоў ПРАДКАЗВАЕ дождж”. “Народ” бы сказаў інакш, кшталту: “Пайшлі грыбы – чакай дажджу”. “Як знайшоў адгадку САМ, пакажы яе сябРАМ” … У рыфмах такога тыпу павінны быць агульныя не толькі канчатак, але і апошні зычны кораня. Гэта азы версіфікацыі. Для дзяцей – не значыць абы як. “РАССАДЗІЦЬ РАСАДУ” (прыклад на правіла захавання падвоеных зычных на стыку прыстаўкі і кораня) – варта апусціць. Дапытлівы вучань запытае, чаму “расада” без падваення. Прыйдзецца ўзгадваць пра “расол”, “расаднік” і г. д. “Белыя грыбы” – лепш “баравікі”. “Падманныя” грыбы – лепш “воўчыя” ці “ваўчыныя”. Пчала пайшла “ЗА ПАВІДЛАМ” (гэта у Анатоля Зэкава). Занадта мудрагеліста і калька з расійскай. У нас ідуць па-ваду, па хлеб у краму. “БУЛЁННАЕ мяса” – як у падручніку для кухара. Як вучню пераварыць прымаўку (кальку з расійскай) “Хараство ПРЫГЛЯДЗІЦЦА, а розум спатрэбіцца”? У расійскай мове рыфмаванка – “проглядится - пригодится”.
Так, аўтар Вольга Іванаўна Свірыдзенка як бы і прытрымліваецца ўзгаданага мною кантрастыўнага метада, напрыклад, падкрэсліваючы ў раздзеле “Корань/прыстаўка” асаблівасці правапісу прыставак перад звонкімі і глухімі зычнымі, “алгарытм” (! – ПС) вызначэння прыстаўкі, утварэння множнага ліку, словаўтварэння з пэўнымі суфіксамі і г. д., аднак фактычна выключае ідэю камунікатыўнасці моўных адзінак: сказаў, словазлучэнняў, слоў, гукаў/фанем . Так, я не агаварыўся, -- і асаблівасцяў беларускага вымаўлення. (Тое, што пачынаў настаўнік у першым класе,трэба замацоўваць і ў другім). Мы нават для дзіцячага садка рабілі рыфмаваныя падборкі для для беларускіх мяккіх (па-вучонаму “пярэднепалатальных прэдарсальных”) сь, зь, ць, дзь ( сьнех, зьвер, цьвёрды, дзьверы), якія паводле якасці свайго гучання набліжаюцца да адпаведных польскіх. Акрамя таго вучням трэба падкрэсліваць, што перад мяккімі зычнымі гэтыя свісцячыя абавязкова памякчаюцца. Без памякчэння, як некалі казаў праф. Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі, язык беларуса робіцца “драўляным”. У рускай мове дапускаюцца варыянты без памякчэння. Пра беларускія заўсёды цвёрдыя /ч/ і /р/ ведаюць усе. А вось, што беларускае /ш/ значна адрозніваецца ад “рускага”, на гэта настаўнікі мала звяртаюць увагі. Наша /ш/, як і расійскае /ш/ - цвёрдае, але вымаўляецца з акругленымі губамі, напружана. У фанетычнай сістэме яно называецца “велярызаваным”: задняя спінка языка падымаецца да мяккага паднябення (па-лацінску “вэлюм” – паднябенная фіранка”). Прыслухайцеся, шмат хто з нашых, думае, што расійскае “ш” – мяккае.
Ці праўдападобныя дыялогі і маналогі дзейных асобаў, дзяцей? Ці дзеці так размаўляюць? Дзяўчынка Васілінка (!) адказвае свайму сябру, што яна рабіла на канікулах: “А яшчэ мы вандравалі ПА РОДНАЙ КРАІНЕ на машыне”. Гучыць годна і ўзнёсла з любоўю да роднага краю… Але ж ненатуральна. Або хлопчык з паэтычным іменем Лянок (!), звяртаючыся да Васілінкі гаворыць як дзядок-натураліст на старонках календара: “Я заўважыў, што паводзіны жывёл не заўсёды адпавядаюць павадкам дзікіх і свойскіх звяроў і птушак”. Гэта ЛЧ, с. 114 , ч.1 (Антонава Н.У. ды інш.) Я сабе думаю: а дзікія звяры і свойскія жывёлы – не жывёлы? І ці бываюць свойскія звяры? Тэарэтычна могуць быць: паляўнічы прыручыў ваўчаня-сірату.
Вершы ў падручніку, дзе сустракаецца “правільнае” /у/ нескладовае, часта бываюць як бы прыбітыя цвікамі да белага аркуша і не паддаюцца агучванню. Паспрабуйце прачытаць згодна з напісаным, захаваўшы рытм, наступныя радкі Паўлюка Пранузы: “Бывай, дарагое / і звонкае лета”/ Нясём мы Ў класы/ Вясёлкі букетаў … Для навучальных мэтаў -- і не толькі -- ў вершах дзеля захавання рытму правіла напісання /ў/ не з’яўляецца абавязковым. Такія нестыкоўкі сустракаецца ў падручніку ў вершах Веры Вярбы, Авяр’яна Дзеружынскага. Якуба Коласа ды інш. У шырока вядомым вершы Якуба Коласа “Адлёт жураўлёў” аўтары (Н. У. Антонава ды інш.) таксама захоўваюць правіла напісання (не агучвання!) нескладовага /у/: У бязмежным небе / Роўненькім шнурочкам / Жураўлі ў вырай / Мкнуцца над лясочкам…”. Пры агучванні напісанага вучні ж павінны будуць вымаўляць дзеля захавання рытму складовае /у/: у вырай. Прызнаюся, я не даследаваў коласаўскіх рукапісаў. Ведаю толькі, што ў апошніх выданнях, якія ёсць у мяне дома і ў інтэрнэце, даецца рытмічны варыянт “на вырай”. Што стаіць у акадэмічным зборы твораў, не ведаю. Мне асабіста больш падабаецца “у вырай”. Бо вырай гэта – чароўны цёплы край, далёкі ад радзімы, дзе птушкі нават гнёзды не ўюць. Некаторыя сцвярджаюць, што нашы птушкі там нават песень не спяваюць. Такая вось сумная гісторыя.
Пра старасветчыну, аліву і мацярынскую пяшчоту
У сённяшняй Беларусі робяць перасадку сэрца, ствараюць свае касмічныя апараты, інтэрнэт-праекты, дзеці вандруюць у сеціве на беларускіх танках-страшыдлах … Падручнікі для дзяцей пачатковых класаў пагружаюцца месцамі ў этнаграфічнае замілаванне мінулага і пазамінулага стагоддзяў: на малюнках дзеці амаль выключна ў вышыванках (адзін хлопчык хваліцца, што ў ягонай бабулі ёсць нават прадзедавы саматканыя штаны), белагаловыя хлопчыкі ляжаць на падлозе сялянскай хаты (карціна Багданава-Бельскага, які нарадзіўся ў 1868 г.), адзін аўтар нарыса ўзгадвае голад і скарынку хлеба, тынэйджэры скачуць у лапціках праз купальскае вогнішча, у пастаральным замілаванні дзяўчынка Васіліна, апранутая з элементамі нацыянальнага строю, збірае на лузе кветкі… Бацькі цешацца: “Наша беларусачка!”.
Закладаецца пэўны стэрэатып лубочнай, батлейкавай Беларусі з беларускімі вясковымі ансамблямі, артыстамі ў саламяных капелюшах і маладымі артысткамі ў намітках, убраных у квяцістыя, не заўсёды адэкватныя народныя строі, з урачыстай ненатуральнай беларускай мовай, якая адразу знікае, як толькі гэтыя прыгожыя маладзіцы ды дзецюкі пакідаюць сцэну і знікае тэлевізійны аператар. У натуральным штодні іхная мова нашмат прыгажэйшая, хай сабе і з прымешкам расійскіх слоўцаў. Прыезджыя тэлевізійнікі навязваюць свае “вумныя” сцэнары. Падобна гэтаму мала тэленавітыя тэксты ды вершыкі з падручнікаў закладаюць пачатак гэтаму арнаментальнаму патрыятызму і псеўдагістарычнай памяці аб продках.
Вось Уладзімір Мазго хоча “выцягнуць” з нашых інтэрнэт-дзетак старасвецкае расійскае слоўца “лаўка” ў значэнні “крама, магазін”, задае загадку-рыфмаванку (на малюнку хлопчык сядзіць на лаўцы): “На адной сяджу і мару. / Што ў другой куплю тавару …”. Век тэхнікі ілюструецца ў тэкстах і малюнках хіба што трактарамі. У словаўтваральным “рэбусе” фігуруе каністра з машыннай алівай … Прабачце, у аўтараў – “машыннае масла”. “Тэслы” з дзвярамі-крыламі ды сонечным электракамулятарам у падручніку няма. Акурат, як у мой час, першая калгасная машына пасля вайны - ГАЗ-51, бартавы нумар БЧ-21-39.
Пра “машыннае масла” хочацца сказаць асобна. Яно з’явілася пад уплывам расійскай мовы, дзе адсутнічае гняздо слоў з грэцка-лацінскім ἄλειφα / oliva (аліўкавае дрэва, раслінная мазь), а замест гэтага ўзята слова, якое абазначае масла, атрыманае са смятаны, што ў гандлёвым савецкім жаргоне (не ў народзе) называецца “сливочное масло”, перапёртае нашымі айчыннымі русіфікатарамі на моўную каракаціцу – “сметанковае масла”! Калі я яшчэ вучыўся ў школе – да русіфікацыі 50-х і 70-х гадоў -- разам са словамі “рахункавод”, “лістаносец”, “падвалак (падшыпнік)” і г. д. афіцыйна ў паперах калгаснай канторы (мой брат быў брыгадзір) пісалі “машынная аліва” ці проста “аліва”. Школьныя настаўнікі павінны разумець (кажу гэта як чалавек, які займаўся праблемамі стандартызацыі і патэнтным правам), што ў час глабальнай камп’ютэрызацыі тэхналагічныя прадукты кожнай дзяржавы – старыя і новыя -- будуць зводзіцца ў гандлёвы міжнародны рэестр (для нас дзейнічае германская патэнтная сістэма). Ва ўсіх еўрапейскіх мовах вось гэтая вадкая вязкая субстанцыя для змазвання дэталяў машын мае ў аснове грэцка-лацінскі корань: mashine oil (анг.), Maschinenöl (ням.), huile de machine (фр.), olej maszynowy (польск.) і г. д. Пра гэты казус у свой час пісалі нашы вядомыя мовазнаўцы Фёдар Янкоўскі, Алесь Каўрус, Юрась Бушлякоў. У ТСБМ “машыннае масла” папала на пачатку 70-х гг. мінулага стагоддзя, калі ў газеце “Звязда” з’явіўся артыкул “Грамадзянская неабходнасць і безпадстаўнае наватарства”, аўтарам якога быў акадэмік АН БССР Кандрат Крапіва, ён жа галоўны рэдактар 5-тамовага тлумачальнага слоўніка. Ён ужо тады быў прадвеснікам Саюзнай дзяржавы, змагаючыся супраць беларускага нацыяналізму.
Шмат чаго новага з’явілася ў школьных падручніках, у тым ліку і ў класным этыкеце.
Як бы з падачы расійскамоўнага Беларускага тэлебачання у падручніках з дзецьмі вітаюцца па-мадэрнаму, з падкрэсліваннем гендэру: “Добрай раніцы, хлопчыкі і дзяўчынкі!”. Як я яшчэ быў дзіцёнкам, у Беларусі ў школе ўжываўся зваротак “дзеці” у адносінах і да старшакласнікаў. Ды і цяпер, калі 18-гадовы сын ідзе ў войска, ён застаецца для маці дарагім сыночкам, дзіцем. Калі звярталіся да дзяўчат/дзяўчынак, ужывалі форму “дзяўчаты, дзяўчаткі”. Назіраючы збоку, гаварылі: “Там на ўскрайку лесу я бачыў дзвюх незнаёмых дзяўчынак”. Цяперашняя мова для мяне стала нейкая “шурпатая”, чужая. Раней па-беларуску жадалі заўсёды добрага дня і вечара. Мы былі, як французы: добрай раніцай не віталі. Казалі “добры дзень”, “давалі дабрыдзень”, пад канец дня віталіся “добры вечар”. Адыходзячы казалі “дабранач”. Гэтую “добрую раніцу” мы ўзялі з савецкага расійскага радыё, калі штораніцы пругкі і бадзёры жаночы голас пачынаў дзень савецкага чалавека словамі: “Доброе утро, товарищи! Начинаем утреннюю гимнастику … Раз-два, раз –два …” . Дату мы заўсёды пісалі ў родным склоне: “Сёння 17-га верасня …”.
У “Родным слове”, па якім я пачынаў знаёміцца з беларускай літаратурай было неяк усё натуральна, зразумела і прыгожа, калі нават паэты захапляліся прыгажосцю калгаснай нівы і трактарамі. Аўтары былі добра вядомыя паэты, якія валодалі прыгожым словам і рыфмамі: Якуб Колас, Янка Купала, Пятро Глебка, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў … Канешне, тады і трава была зелянейшая, і ў рацэ было шмат рыбы…
Цяпер не вельмі вядомыя паэты навыперадкі клянуцца ў любові да мовы, роднага краю, але не заўсёды складна. Вось тыповы ўзор версіфікацыі сярэдней якасці: Край лясоў, лугоў і рэчак, / Ён квітнее з года ў год. / І на свеце будуць вечна / Край наш родны і народ … (Анатоль Зэкаў). У падручніках шлягерныя словы пра родны край – бульба, лён, бусел. Аднак: буслоў шмат у розных краінах. Бульбу любяць і еўрапейцы. Адзін немец з’ядае за год 70 кг бульбы (беларус – прыблізна 150). Немец таксама вельмі любіць дранікі, называючы іх “картофэльпуфэр”. Дзяруць бульбу там не так дробненька, як у нас. Там механічныя таркі здрабняюць клубень на доўганькія ліштвачкі-валасінкі, так прыбліза, як мы дзяром вараныя буракі на халаднік ці пад маянэз з часнаком. Найсмачнейшыя дранікі – у Італіі. На густ майго знаёмага кухара. Найлепшае семя льна-даўгунца ў Латвіі, Егіпце, Францыі. Германіі … Гэта ў рэестры ф’ючэрсных коштаў.
Яшчэ пра старасветчыну. Вось верш-рэбус ад Васіля Жуковіча (ЛЧ, ч.1) . Гарадскі вучань павінен ведаць, што такое “кастра”.: Кастры – гара. / Кастры гараць. / Парадак у гаспадара. .. Рыфма нечаканая, як у Маякоўскага Уладзіміра. Гаспадар, відаць, фермер. На малых сотках шмат лёну не пасееш. А што ж такое кастра? Тут у Васіля родны склон ад назоўніка “кастра”, які не мае множнага ліку. Гэта -- дробныя рэшткі ільнянога сцябла, якія застаюцца пасля таго, як лён самнуць і патрэпляць … Такая вось тэхналогія. Чаму вось толькі кастры гараць? Можа, бульбоўнік сухі паляць? Кастру не будуць паліць, хоць яе ў гаспадарлівага гаспадара – цэлая гара. Мех падсыпкі (“мульча”) вагою 20 кг з кастры і конскага гною каштуе цяпер 8 бел. руб. Добрыя грошы. Ці ведаюць пра гэта аўтары? Ці вось яшчэ Васіль Жуковіч з аўтарамі эксперыментуюць з націскам дзеясловаў у будучым часе: “У садзе ў лістападзе/ Апошні ліст ападзе … У сэнсе “ападзЕ” (што зробіць?). Націск на апошнім складзе. Можа, так гавораць на малой радзіме Васіля, на Берасцейшчыне? Але ж у аснове беларускай літаратурнай мовы ляжаць сярэднебеларускія гаворкі. І смех і грэх. Гэта друкавала дзяржаўнае выдавецтва. Такія прыклады можна доўжыць.
Можна было прывесці шмат станоўчых прыкладаў. Але ж мая мэта – не рэцэнзія. З усіх прагледзеных падручнікаў у лепшы бок – з майго густу – выдзяляецца ЛЧ для 3-га класа (2-я частка), укладзеная М. В. Жуковічам. Адзін верш Артура Вольскага “Хачу служыць” чаго варты! Там нават побач з Грунвальдскай бітвай аршанскае пабоішча ўзгадваецца: “Пра Грунвальд і пра Оршу / Мне брат мой распавёў … “ . Спадзяюся, што настаўнікі параяць дзецям пры дэкламацыі вымаўляць “у моўнай плыні” спалучэнне “пра Оршу” з устаўным /в/ перад /о/ - / ПРАВОРШУ/ … Цікава, што тут можна ўзгадваць і “кацюшы”, і Канстанціна Астрожскага.
Нас пасляваенных школьнікаў так не песцілі, як ў вершах для трэцякласнікаў. Тут бацькоўская пяшчота да дзяцей пераліваецца цераз берагі. Памяншальна-ласкальныя формы – да непазнавальнасці шчырыя. Ці зразумееце з першага разу, што такое “сонік”? Цытую радкі з “прачынанкі”(Капрызлівы сыночак не хоча ўставаць. Маці мудрагеліста-метафарычна просіць, каб уставаў: “Пасварыся з сонікам, / павітайся з сонейкам!”. Чаго не зробіш дзеля рыфмы! Па праўдзе, я спачатку падумаў, што “сонік” -- гэта хлопчык. А вось дзяўчынка пяшчотнымі словамі маці, якімі яе некалі ласкалі, капрызліва патрабуе: “Не хачу быць сонненькай – уключыце сонейка”. Мне, старому, цяжка артыкуляваць збег “нь –е-нь” … Аднак, досыць цытаванняў. Скажу колькі слоў пра неверагодныя рэчы, якія я пазнаў з падручнікаў.
Неверагодныя “праўдзівыя” гісторыі …
Прабачце, перадумаў. Не буду сам разбірацца, ці магчыма тое, пра што расказваецца дзецям у кароценькіх апавяданнях. Загадаю сам чытачам загадкі з падручніка. Ці можа такое быць?
Загадка першая: Аўтар (імя не называю) у апавяданні пра пастушка расказвае, як ён, адбываючы чарговую радоўку, перажыў небяспечную прыгоду з каровай Мілкай, з якой быў вельмі пасябраваўшы. Яна яго не баялася, давала сябе гладзіць, лізала ягоныя рукі і г. д. Расказваю, як запомнілася. У пастушыных справах я добра абазнаны. У дзяцінстве пасвіў і сваіх, і чужых кароў, і ў незнаёмым лесе. Гэта – высокі пілатаж для пастуха. Трэба нораў кожнай кароны ведаць. .. Дык вось, аднойчы Мілка, наблізіўшыся да свайго сябрука, калі той задрамаў пад дубам ці пад ліпай (каровы ўжо пасталі на жуйку), нават зладзілася з’есці масла, якое маці дала яму ў ссабойку на перакус. Не ведаю, у чым тое масла было. Можа ў місачцы якой? Што не на хлеб было намазана, -- дакладна. Інакш яна б і хлеб з’ела. Пра хлеб ён нічога не гаворыць. А потым Мілка ПАДСУНУЛА РОГ ПАД ПАПРУГУ, якой былі падперазаныя хлопчыкавы штаны і панесла яго НА РОЗЕ ў алешнік і насіла яго па кустах, пакуль папружка не парвалася. Вось такая гісторыя. Дзела было, мусіць, да Вялікай айчыннай вайны. Пасля вайны была галадуха, масла калгаснікі самі не елі, “кантрактавалі” (здавалі па абавязковай дамове ў калгас) або крадком насілі на базар. Ці ўсё тут праўдападобна?
Загадка №2 : На лужку (мусіць, у Беларусі, бо аўтар з нашых мясцовых) растуць наступныя кветкі і ўсе красуюць (цвітуць): бальзамін, валер’ян лекавы, гарлюха ястрабковая (так у аўтара), начная фіялка. Пры развагах трэба ўлічваць, а)што кветкі бываюць хатнія (у вазонах) і на прыродзе, як тут – на лугу; б) любяць глебу пэўнай кіслотнасці; в) цвітуць у пэўныя цёплыя месяцы; г) растуць у пэўных шыротах і мясцовасцях. Ці магчыма тое, што канстатуе аўтар? Можа, гэта толькі я такі недавярак?
Загадка №3: Барсук і барсучыха пакінулі днём барсучанят у нары і пайшлі самі ў лес знайсці ежу для сябе і для дзяцей. Аутар піша, што “барсучанятам гэта было на руку” (у сэнсе “былі радыя, што няма бацькоў). Яны вылезлі з нары і пачалі каля нары гарэзліва качацца, барукацца, радасна пішчэць … Падумайце пра інстынкты звяроў, у які час яны ходзць на паляванне і г. д. Вы – дарослыя чытачы. Параўнайце сябе з дзецьмі. Гэта ў чытанцы для 3-га класа. Дзеці вераць усяму, што напісана ў кніжцы. Яны пазнаюць свет праз падручнік. Ці магчыма тое, што расказвае аўтар?
Падобныя загадкі можна доўжыць. Напрыклад, знайдзіце франтавое апавяданне пра ката. Ён там працуе як паштовы голуб ці альпійскі сэнбернар. Аўтар клянецца, што гэта праўдзівая гісторыя. Можа й праўда?
Без іроніі: тэма патрыятызму, вайны і Вялікай перамогі ў падручніках пададзена даволі ўдала. Я ўжо ўзгадваў твор Артура Вольскага. Чытаючы верш Міхася Пазнякова пра сціплы абеліск сярод беларускага ландшафту, ўзгадваеш савецкага салдата з медалём на грудзях за горад Будапешт. Ён прыйшоў на спатканне з сваёй Праскоўяй, якая ляжыць у чыстым полі пад “травой зарослым бугарком”. У наш час мы вельмі любілі песню пра гэтага салдата, якую выконваў Марк Бернэс.
Уласны аўтарскі досвед
Хачу сказаць некалькі слоў пра матывацыю, якую трэба разбудзіць у вучняў. У нашай сітуацыі гэта архіважна. Без матывацыі – пустая трата часу. Гэта складаней, чым навучыць правапісу прыставак. Асабліва ў малодшых класах. Старшакласнікаў і студэнтаў лягчэй разбудзіць нават, чым бацькоў (“А зачэм ему этот беларускій язык, есьлі в інсцітуце ўсё па-рускі?”). Пачынаеш расказваць пра ВКЛ, Статут, паказваць кніжку Генадзя Сагановіча “Невядомая вайна” (асабліва табліцы!), цытаваць Скарыну, даеш слухаць “Старога Ольсу”, чытаеш развітальны ліст Кастуся Каліноўскага да сваёй нарачонай, вершы Сяргея Сокалава-Воюша, узгадваеш сімволіку “Дзвюх душ” і “Рускага” Максіма Гарэцкага … Нават “кар’ерыст” Сімеон Полацкі, што вучыў дзяцей маскоўскага цара, кранае душы дзяцей: “Писах в начале по языку тому, иже бе свойственный моему дому …”. Гэта ён, ужо жывучы ў Маскоўшчыне, ўзгадвае сябе полацкага, карыстаючыся “словенским языком, коему стал весьма искусен”.
Вочы 13-гадовых пачынаюць ажываць, калі ў беларускай “глебе” чуюць англійскае “гліб”, пазнаюць у англамоўнай перадачы “антаймд эфрыка” наша “утаймаваць”, у “пропоўз” – “прапанаваць”, калі звязваюць нямецкія “пфаль, маўэрлятэ, гобэль, лятэ, маўэр, дылензэгэ, ляўгэ” з нашымі “паля (слуп-апора), мурлата, гэблік, лата, дылявая піла (ёй пілуюць дошкі для падлогі), луга|луг (шчолак) і г. д. Я сам быў некалі радасна ўзрушаны, сустрэўшы ў слоўніку Івана Насовіча пры слове “працаваць” рэфлекс на старажытнагрэцкае “πραττω” – працую. У “ін’язе” мы вывучалі толькі латынь. Тая сустрэча ў слоўніку Насовіча падштурхнула мяне пазнаёміцца хоць з начаткамі старажытнагрэцкай. Хаця я сам паводле адукацыі выкладчык іспанскай і нямецкай моў, прыходзілася навучаць беларускай мове розных асобаў: індывідуальна дзяцей-школьнікаў як рэпетытару па просьбе бацькоў, індывідуальна нямецкіх студэнтаў-славістаў, расійскамоўных дарослых, студэнтаў-музыкантаў і будучых выхавацеляў дзіцячых садкоў.
Пры выкладанні нямецкай як другой замежнай мовы навучэнцам нашага шматпакутнага “лятучага” коласаўскага ліцэю я карыстаўся тым жа метадам “пагружэння” ў мову. На першым жа ўроку (“фанетычнае пагружэнне”) на працягу хвілін 30 я даў тры разы паслухаць узорна агучаны кананічны тэкст першых вершаў “Кнігі Быцця” з Старга Запавету па-нямецку і прапанаваў занатаваць гукі, якіх няма ў першай замежнай мове. Потым даў раздрукоўку гэтых жа вершаў на англійскай. Прапанаваў знайсці падобныя словы ў абедзвюх мовах. Высветлілася, што супадзенняў амаль палова. У канцы апошніх 45 хвілінаў мы ўжо прыстойна чыталі тэкст па-нямецку і засвоілі формы “наратыўнага мінулага” часу некалькіх дзеясловаў: паглядзеў, сказаў, стварыў … Ведалі, як будзе па-нямецку “Бог”, “зямля”, “неба”, “хаос”. Паміж іншым я сказаў дзецям, што на іўрыце “хаос” гучыць прыблізна як “тогу-вабогу” і ўжываецца ў “культурнай” нямецкай мове ў значэнні “бязладдзе, беспарадак”. Калі-небудзь гэта стане іхным першым словам з іўрыту, які хто-небудзь з іх будзе вучыць сістэматычна як класічны філолаг…
Так некалі я пачынаў вывучаць іспанскую мову. Наша 75-гадовая выкладчыца Яўгенія Шастакоўская, якая гаварыла на 5-ці галоўных еўрапейскіх мовах, на першых 45 хвілінах “прайшла” з намі фанетыку, а на другой палове акадэмічнай пары пачала чытаць з намі тэкст “Ленінград – калыска Кастрычніцкай рэвалюцыі” з падручніка Васільевай-Шведэ. Будучы рэпатрыянткай з Аргентыны, яна не вельмі разбіралася ў палітыцы і савецкай методыцы выкладання, рэзюмавала сваё разуменне словамі: “Бальшавіцкія міфы рэвалюцыі вы проста транслюйце даслоўна, а так – усе граматыкі рамана-германскія моваў вельмі падобныя адна да другой. Пачынайце адразу гаварыць!”. Праз паўгода мы загаварылі. Сваю першую экскурсію на іспанскай мове я праводзіў для кубінскіх студэнтаў у музеі ВАВ, які месціўся тады каля палаца прафсаюзаў.
У канцы 80-х-пачатку 90-х таго яшчэ стагоддзя, калі ў школах і ВНУ ўсё беларускае йшло “ўгору”, мне пашчасціла з рызыкоўнай згоды загадчыка кафедры Педінстытута, тады яшчэ імя Максіма Горкага, Яўгена Міхайлавіча Адамовіча, чалавека ўвогуле вельмі акуратнага і асцярожнага, члена КПСС, выкладаючы на факультэце дашкольнага выхавання і на музычна-педагагічным афіцыйны курс беларускай мовы, практычна, на свой капыл перакроіць тэарэтычны лекцыйны курс і практычныя заняткі і ператварыць іх у своеасаблівы курс “пагружэння ў беларусазнаўства”. На агульных лекцыях я чытаў вершы, якія сам люблю, не абавязкова класікаў, спяваў народныя песні, расказваў пра знакавыя фігуры нашай гісторыі, зачытваў фрагменты прозы маіх любімых аўтараў, прасіў студэнтаў пры паездках домоў запісаць ад бацькоў і бабуль мясцовыя цікавыя быліцы ды легенды, расказаць пра блізкія помнікі архітэктуры …
Студэнтам-музыкантам, помню, пачытаў пачатак казкі пра возера Нарач і прапанаваў самім дапісаць фінал і тым, хто з улікам свайго фіналу (няхай і калектыўнага) напіша паэторыю для чытальніка, голаса (пажадана драматычнага тэнара і сапрана) ды інструментальнай групы “траістай музыкі” (абавязкова, каб была скрыпка), абяцаў “аўтаматам” паставіць залік і не хадзіць на заняткі. Але на лекцыі хадзілі ўсе, нават студэнты з “чужых груп”. Потым я, на жаль, стаў дэпутатам ВС 12-га склікання, а пазней – першым амбасадарам у Германіі. Прэм’ера паэторыі не адбылася. Я аказаўся высакародным дэзертырам.
Вынікам тых шчаслівых гадоў стала беларускамоўная праграма для дзіцячых садкоў у суаўтарстве з Вінцуком Вячоркам, Ларысай Сімаковіч і Алесем Рашчынскім, цяпер ужо нябожчыкам. Рабілася гэта на базе садка №376, дзе была загадчыцай Галіна Прыма. Туды я вадзіў студэнтаў на заняткі з дзеткамі. Хадзілі туды і выкладчыкі педагогікі з факультэта. Потым у 1990 г. з маўклівай добразычлівай згоды загадчыцы упраўлення дашкольнага выхавання Тамары Карасцялёвай напісалася “Чытанка для дзіцячга сада” (“Уклад. В.Р. Вячорка і інш.”). Міністэрства не ведала, напрыклад, хто такія Зоська Верас, Сяргей Сокалаў-Воюш, Алег Мінкін. Два апошнія пісалі на наш заказ “неказённыя” вершы для нашай чытанкі. Міністэрства нам не перашкаджала, дало фармальную суаўтарку з ліку дзяржаўна-міністэрскіх спецыялістаў, якая ніякага ўдзелу ў складанні чытанкі не прымала. Потым чытанка перавыдавалася двойчы на грамадскіх пачатках. На жаль, узгадка пра тую праграму і чытанку знікла з афіцыйных “аналаў” Міністэрства адукацыі. Яно і не дзіва: мы ж – “няправільныя” аўтары.
Навошта я гэта ўсё ўзгадваю? Пры ўсёй пакуль што жалезабетоннай заарганізаванасці навучальных праграм ніхто не забароніць настаўніку, які любіць дзяцей і свой прадмет, можа гаварыць натуральна па-беларуску, хоць нарэдчас “парушыць” канон і пабыць жывым сябрам дзяцей, якія не баяцца рабіць памылкі, а “радасна валодаюць словам у зададзеным абмежаваным фармаце” пры запраграмаваных сітуацыях у вершах, песнях, прыбабуньках … Малодшы школьнік на ўроках мовы і літаратуры раз-пораз павінен быць нязмушаны і радасны ў сваіх адкрыццях.
Як вы сонечнай вясной садзіце флянцы ў градкі? Ніколі ў злосці, -- заўсёды ў добрых спадзяваннях …